Філасофія дабрыні. Казачны пастар

Вясной бягучага года, перад сумнай датай 30-годдзя трагедыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі пры падтрымцы нямецкай амбасады ў Мінску выйшла ў свет кніга журналіста Аляксандра Тамковіча “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы – да сада надзеі”, якая зараз рыхтуецца да друку на нямецкай мове.

Аляксандр вырашыў пазнаёміць чытачоў Крыніцы з некаторымі асобамі, якім прысвечана кніга

На мінскую прэзентацыю з Цюрыха прыляцеў адзін з герояў кнігі пастар Андрэас Гёрліх. З яго і пачнём.

1-Tschernobylkinder 026Казачны пастар

Няма сумневу: калі б нехта палічыў, колькі сярод тых, хто займаецца дапамогай чарнобыльскім дзецям, святароў, — лічба атрымалася б даволі салідная. І гэта было б цалкам лагічна.

Андрэас Гёрліх – пастар рэфармісткай царквы, якую лічаць адным з адгалінаванняў царквы пратэстанцкай, аднак галоўнае не ў назве хрысціянскай канфесіі. Падчас працы над гэтай кнігай мне сустракаліся і католікі, і евангелісты, і праваслаўныя, датычныя да чарнобыльскіх справаў. Словам – хрысціяне па духу, і дабрыня сэрцаў была галоўнай для ўсіх. А яшчэ тое, што, нягледзячы на розныя перашкоды, яны ўмеюць захоўваць гэтую дабрыню.

2-DSCN7883Андрэас Гёрліх нарадзіўся на поўдні Германіі, у Равенсбургу. Там жа пайшоў у школу і гімназію. З дзяцінства хацеў стаць настаўнікам, таму пачаў вучыцца ў Мюнхене. У Равенсбургу яго канфірмацыяй кіраваў пастар Паўль Дзітрых, які ў той час пераехаў у горад Ульм. Калі надыйшоў час служыць (альбо ў войску, альбо альтэрнатыўна), Андрэас звярнуўся да яго за дапамогай — і той пайшоў насустрач.

Два гады Андрэас працаваў у сацыяльным цэнтры, што быў пры царкоўнай парафіі, якія ў пратэстанцкіх царквах звычайна называюць абшчынамі. Выконваў там усе работы, звязаныя з арганізацыяй быту гасцей з розных куткоў свету. Стасункі з рознымі людзьмі дазвалялі глыбей пазнаёміцца не толькі з іх нацыянальнымі культурамі (Эфіопія, Паўднёвая Амерыка, Азія і г.д), але і зразумець, што, калі радуюцца людзі — па-рознаму, то пакутуюць — вельмі падобна.

3-_MG_6096У гэты ж час Андрэас Гёрліх даведаўся, што Паўль Дзітрых вырашыў дапамагаць дзецям Чарнобылю і арганізаваў адпаведную ініцыятыву.

Паколькі сутнасць рэлігійнай абшчыны ўжо стала яму больш зразумелай, Андрэас неўзабаве вырашыў змяніць свае жыццёвыя арыеціры — і стаў студэнтам тэалагічнага факультэта.

Пасля таго, як Гёрліх сдаў выпускныя іспыты і атрымаў адпаведны дыплом, высветлілася, што яго духоўны настаўнік Паўль Дзітрых атрымаў падвышэнне. Перад тым, як з’ехаць, той прапанаваў свайму пратэжэ ўзяць на сябе кіраўніцтва домам сустрэч і заняцца справамі абшчыны. І рабіць гэта, пакуль не знойдзецца чалавек, які стала яго не заменіць.

Так Андрэас Гёрліх стаў “часова выконваючым абавязкі” .

У тым ліку і па ўсіх чарнобыльскім справах.

У 1991 годзе ў яго жыцці адбылася паездка, якая дапамагла зразумець сэнс гэтай работы больш глыбока.

Маршрут Мінск-Магілёў-Слаўгарад дазволіў добра ўявіць, якая сітуацыя склалася ў Беларусі пасля Чарнобыля, — і зразумець, што, нягледзячы на верагодныя кадравыя пертурбацыі (праз паўгады), ад чарнобыльскай работы ён не адмовіцца.

Неўзабаве ў Мінску Андрэас пазнаёміўся з Евай і Ўладзімірам Галынскімі, якія ў той час працавалі ў Фондзе, а цяпер жывуць у ЗША.

Пасля таго, як Паўлю Дзітрыху знайшлі замену, Андрэаса Гёрліха у 1993 годзе накіравалі служыць у Швейцарыю, у Іланц, дзе ён хутка стварыў ініцыятыву – “Чарнобыльская дапамога Сурсельвы”. У яе складзе змаглі аб’яднацца ўсе тамтэйшыя хрысціянскія канфесіі. Яны пачалі штогод запрашаць на адпачынак і аздараўленне сорак дзяцей з Добруша Гомельскай вобласці.

4-P1050105Сёння гэтай ініцыятывай кіруюць Беат і Іоланда Эрб. Беат – святар новаапостальскай царквы, а яго жонка Іоланда – валодае прыватнай аптэкай. Дзякуючы ёй, ініцыятыва змагла падрыхтаваць гуманітарнай дапамогі больш як на мільён швейцарскіх франкаў.

А першы гуманітарны канвой Андрэас суправаджаў асабіста і пад час той паездкі зразумеў, што дзеля таго, каб работа была больш эфектыўнай, трэба вывучаць мову. Таму перад адпраўкай другой часткі гуманітарнай дапамогі ён на чатыры тыдні прыехаў у Мінск, дзе сябра праўлення фонда “Дзецям Чарнобыля” Марына Казакова стала яго персанальнай настаўніцай.

Потым Андрэас Гёрліх быў пераведзены ў маленькі горад Глатбруг, які знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Цюрыха. Святар і там вырашыў стварыць чарнобыльскую ініцыятыву і, каб пазнаёміцца з сітуацыяй, як кажуць, на месцы, зноў арганізаваў экуменічную паездку ў Беларусь. Зразумела, у яе паехалі вернікі з розных рэлігійных канфесій, што яшчэ раз пацвердзіла здольнасць людзей аб’ядноўвацца дзеля агульнай мэты.

5-P1070051Паездка была вельмі паспяховай, і ўжо праз некалькі тыдняў новая ініцыятыва падрыхтавала першы гуманітарны канвой.

Каб не складалася ўражання, што ўсё тут “проста і лёгка”, далей гутарка пойдзе пра тую самую “лыжку дзёгцю”, якую афіцыйная прапаганда звычайна называе “асобнымі недахопамі” і пакідае “за дужкамі”. На мой жа погляд, гутарка ідзе пра сістэму створанай за савецкія гады чалавечай хітрасці; нават “хітрыкаў” з крывадушнасцю. Сістэму, якую цяпер называюць “сацыяльна-арыентаванай”.

Падчас фарміравання гуманітарнай дапамогі новая ініцыятыва цалкам ўлічыла тое, што папрасілі яе будучыя спажыўцы. То бок, швейцарцы прывезлі у Беларусь толькі тое, што заказалі беларускія медыкі. Акцэнтую ўвагу на гэтым спецыяльна, бо вельмі цяжка зразумець, што адбывалася потым.

Гуманітарны груз, які падрыхтавалі ў Глатбругу, быў сабраны з лекаў, значную частку якіх складалі так званыя опіяты — вырабленыя на падставе опіюма лекі, якія звычайна выкарыстоўваюцца пры цяжкіх формах рака для змяншэнння болю і пакутаў хворага. Каштаваў ён даволі дорага – больш за пяць тысячаў швейцарскіх франкаў. Заказала лекі бальніца ў Лунінцы (партнёры новай ініцыятывы).

Такой была стратэгія Фонда. Калі нехта новы пачынаў супрацоўнічаць з Беларуссю, мінскі офіс “выводзіў” яго на рэгіянальнага партнёра. Атрымліваўся своеасаблівы трохкутнік партнёрства: замежнікі з іх жаданнем і магчымасцю дапамагчы, арганізацыя ў пацярпелым ад радыяцыі рэгіёне і фонд “Дзецям Чарнобыля” з яго досведам, перакладчыкамі, магчымасцямі, кантактамі.

Тут варта адступіць і дадаць, што з Беларуссю на дадзены момант працуюць больш за дзесяць розных швейцарскіх ініцыятываў. Не ўсе з іх падтрымлівалі кантакты з фондам “Дзецям Чарнобылю” — некаторыя аддавалі перавагу мясцовым уладам, аднак спробы аб’яднаць іх у нейкі савет спікераў, як гэта было ў Германіі, пацярпелі фіаска зусім не па гэтай прычыне. Як ужо было сказана, швейцарцы па натуры сваёй – індывідуалісты. Аб’яднаць іх у нешта агульнае не здольныя нават святары, бо, як кажа пастар Гёрліх, “царква ў Швейцарыі канчаецца там, дзе канчаецца яе плот”.

Гуманітарны канвой з Глатбругу Андрэас асабіста не суправаджаў, таму быў вельмі здзіўлены, калі праз месяц у Лунінцы даведаўся, што груз так і не перададзены адрасату. Больш за тое, грузавік з лекамі і адзеннем быў ускрытым.

Аказалася, праблема ў тым, што сярод лекаў ёсць забаронены ў Беларусі наркотык… Самае цікавае, праз мяжу “забаронены наркотык” прайшоў без перашкодаў і толькі ў Лунінцы, куды прыехаў з “праверкай” прадстаўнік Дэпартаменту па гуманітарнай дапамозе, нечакана знайшлася “кантрабанда”, якую раней замовілі мясцовыя дактары.

Як кажуць у такіх выпадках, сачыце за пальцамі: лунінецкія ўрачы тлумачаць, што хворыя пакутуюць ад раку і просяць швейцарцаў прывесці тое, што можа паменшыць боль, аднак, як толькі дэфіцытны прэпарат трапляе ў Лунінец, з Мінску прыязджае чалавек і аб’яўляе яго забароненым “наркотыкам”. Пры гэтым прэпарата не было ў патрэбнай для мытні дэкларацыі, бо такога патрабавання не існавала таму, як у Мінску маглі ведаць, што канкрэтна прывезлі са Швейцарыі, можна толькі гадаць. Ва ўсялякім выпадку, ніякіх тлумачэнняў швейцарцы на гэты конт так і не пачулі…

Калі нехта падумаў, што ўжо трапіў у залюстэркаўе, то ён глыбока памыляецца. Залюстэркаўе было далей, калі “кантрабанду” канфіскавалі і “знішчылі” . “Спалілі” без сведак і без афармлення адпаведных дакументаў. Прычым толькі адзін “кантрабандны” прэпарат, які быў самым дарагім.

Не будзем сцвярджаць, што гэта быў банальны выпадак айчынай карупцыі, што “спаленае” потым прадалі “сваім” людзям, бо падобныя абвінавачанні здольны даваць толькі суд, які ў Беларусі стабільна-чэсны. Адназначна толькі тое, што першы гуманітарны канвой з Глатбругу стаў апошнім…

І ўвогуле. Падчас шматлікіх кантактаў з іншаземцамі я не раз дзівіўся іх цярплівасці: людзі дапамагаюць, ахвяруюць сваім часам, фінансамі, і ўвесь час сутыкаюцца са спробамі іх падмануць.

Андрэас Гёрліх расказаў яшчэ пра некалькі выпадкаў; два з іх хацелася б узгадаць тут.

Напрыклад, у Добрушы прадстаўнікам ініцыятывы прапанавалі “абысціся” без мінскіх кантралёраў у выглядзе фонда “Дзецям Чарнобыля”, а працаваць “наўпрост”. Вельмі хутка высветлілася, што трэба прывозіць толькі некім заказаныя прэзенты, а ў групы на адпачынак у Швейцарыі сталі трапляць тыя, каго, калі сказаць вельмі мякка, цяжка было назваць самымі беднымі: дзеці мясцовых начальнікаў, міліцыянтаў і нават бізнесоўцаў…

Другім “прыкладам” быў Слаўгарад, дакладней, мясцовая праваслаўная парафія, дзе таксама прапанавалі пазбавіцца ад вонкавага кантролю. Маўляў, навошта швейцарскім грошам, за якія слаўгародцы будуць купляць для сябе лекі, праходзіць яшчэ і праз Мінск? У якасці “убойнага” аргумента праваслаўны святар расказаў пра неабходнасць тэрмінова дапамагчы Дому прыстарэлых.

Пратэстанцкі святар Гёрліх паверыў свайму праваслаўнаму калегу і перадаў яму дзесяць тысяч швейцарскіх франкаў.

Калі Андрэас прыехаў у наступны раз, высветлілася, што “бацюшка” ужо забыўся, на што прасіў тыя грошы і перад усім прыходам падзякаваў швейцарцаў за прыўкрасны купал на царкве, які за грошы швейцарцаў стаў сапраўды залатым.

Як кажуць у такіх выпадках — no comment

Тут, можа, варта патлумачыць. Фонд “Дзецям Чарнобылю” нельга разглядаць у якасці банальнай “пракладкі”, як гэта робяць набліжаныя да ўлады структуры (што ім больш зразумела і звыкла). У дадзеным выпадку гутарка не пра звычайнага пасярэдніка, а пра раўнапраўнага партнёра. Партнёра, які сам ніколі не падманваў і перашкаджаў гэта рабіць іншым.

Андрэас Гёрліх гэта зразумеў, што называецца, дзякуючы ўласнаму досведу. Як і тое, што карупцыя – з’ява міжнародная. Апошнім часам ён шчыльна займаецца дапамогай сірыйскім бежанцам.

Менавіта сірыйскім і менавіта бежанцам, бо, на мой погляд, сярод тых, хто зараз апякуюцца рознымі эміграцыйнымі (дзяржаўнымі і грамадскімі) структурамі, далёка не ўсе ведаюць, што такое сапраўдная вайна…

6-DSC_4051З траўня 2013 года ён супрацоўнічае з фондам, які займаецца правамі чалавека, і рэальна дапамагае сірыйскім бежанцам. Тры-чатыры разы на год Андрэас Гёрліх бывае ў іракскім горадзе Эрбіль, што на поўдні гэтай краіны і дзе месцяцца створаныя ААН лагеры сірыйскіх бежанцаў, а таксама ў тых вёсках, дзе ў рызыкоўных умовах жывуць хрысціяне.

Як і ў Беларусь, пастар прывозіць туды гуманітарную дапамогу, але не аддае яе адпаведным аанаўскім структурам, бо тыя ў значнай ступені карумпіраваны, а мае справу з надзейнымі партнёрамі, як кажуць, на месцы.

Другімі словамі, досвед, які ён атрымаў у Беларусі, добра працуе і там. Тыя ж чэкі, “плацёжкі”, квітанцыі. Толькі іншая мова…

P.SКалі артыкул рыхтаваўся да друку, стала вядома, што пастар Андрэас Гёрліх пакідае швейцарскую парафію і на два гады едзе працаваць у Ірак, у лагер сірыйскіх бежанцаў.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Томкович2

Журналіст, публіцыст, пісьменнік
Самая нелюбімая фраза: «Журналісты павінны». Лічыць, што журналісты як раз нікому і нічога не павінны. Асабліва палітыкам.
Самая шануемая цытата — з кнігі французскага пісьменніка Луі Арагона «Жанчына — будучыня мужчыны».

26 ліпеня 2016 | Блогі |



Блогі