І я адпускаю табе грахі

споведзь

Каленкі трасуцца, сэрца б’ецца ў два разы часцей, у галаве поўная каша. Ты перабіраеш апошнія моманты з жыцця, стараешся ўспомніць, што зрабіў не так. Потым вінаваціш сябе, што не запісаў усё гэта на паперку, цяпер бы проста прачытаў і меў супакой. І вось дыханне набірае тэмп, усе шляхі да ўцёкаў заблакаваныя, і… раптам! Ты чуеш “тук, тук, тук” – так, прыйшла твая чарга на споведзь.

Каму з каталікоў незнаёмы такі момант? У дзяцінстве, калі ад Першай Камуніі прайшло не больш за год, сакрамант Пакаяння падаваўся нечым страшным і нязведанным, нават горай за самастойныя па матэматыцы. У школе на геаметрыі ты пакорна вылічваў заблытаныя задачкі, ніхто цябе не чапляў і не прасіў распавесці, чаму ты так і не выканаў свае хатнія абавязкі. У касцёле ўсё інакш – пакорай і маўчаннем не ўсяго даб’ешся – трэба яшчэ і ў сваіх грахах святару (!) прызнацца.

Я магу сцвердзіць, што споведзь у дзяцінстве ніколі не давалася мне лёгка. Мне не страшна было сказаць тое, што я павінна была сказаць. Уся праблема была ў святарах маёй роднай парафіі, якія, як мне падавалася, захоўваюць усе мае “таямніцы”, але, бачучы мяне пазней, адразу ўспамінаюць. Смешна, праўда? Толькі дзіцяці ў 13 год не смешна, яму жахліва і няўтульна.

Цяпер, калі мне хутка споўніцца 22 гады, з дакладна гэтым Сакрамантам усё выглядае лепш. Мне не страшна даверыцца нават самаму блізка знаёмаму святару, бо я цвёрда ведаю, што ён – звычайны пасрэднік. Я працую над тым, каб не “выбіраць” сабе спаведнікоў згодна з уласнымі пажаданнямі і сімпатыямі. Усе дзіцячыя жахі ў дзяцінстве і засталіся, а на іх месца прыйшоў т.зв. нясмак.

Так, я ведаю, хтосьці можа сказаць, што споведзь і будуецца на тым, каб пакінуць апасля нейкае пачуццё няскончанасці, якую можна знайсці ў пастанаўленні выправіцца. Аднак я кажу пра нешта іншае. Успомніце, напэўна, калісьці з вамі здарыўся такі выпадак, калі, адыходзячы ад канфесіянала, вам хацелася вярнуцца і выясніць усё да канца, або схадзіць да споведзі яшчэ раз, але ўжо да іншага святара.

Пасля споведзі заставаўся нясмак, вы нібы і ачысціліся, а нібы і загрузіліся яшчэ больш. Настрой аказаўся сапсаваны на ўвесь дзень, надзея на Ўваскрашэнне ўвогуле знікла. Што не так?

Вось, пра што я хачу сказаць: святары ў канфесіянале – гэта пэўныя лекары душаў. Людзі не прыходзяць да споведзі ў вясёлым настроі, не распавядаюць са смехам апошнія навіны і не дзеляцца жартамі. Не, людзі прыходзяць з параненымі душамі, праблемамі і троскамі; прыходзяць з моцным пастанаўленнем змяніцца і хоць на крок наблізіцца да Госпада. Таму лагічна, што па той бок драўлянай сеткі яны чакаюць зразумення і падтрымкі, якія выльюцца з вуснаў святара. Ці мае гэты святар права панізіць гэту асобу, каб яна адчувала сваю няпаўнавартасць, каб яна думала, што яна не мае права быць каханым Божым дзіцём? Згодна з маёй пазіцыяй, каторую я стараюся ў гэтым артыкуле данесці – не.

Гэта як прамовы пробашчаў вялікіх парафій на важныя святы ў касцёле. Некаторыя з плябанаў лічаць, што лепшая стратэгія – гэта атака. Таму можна пачуць павучальныя гаміліі, падчас якіх святар з году ў год звяртаецца да агулу сабраных вернікаў, крытыкуючы іх за “аказіянальнасць” знаходжання ў той дзень у касцёле.

А людзі не любяць такой жорсткай крытыкі, і асаблівым чынам яны не чакалі яе пачуць у такім месцы. Хто ведае, можа такому чалавеку мех адвагі каштуе адарвацца ад сваіх штодзённых абавязкаў і наступіць сабе на горла, прыйшоўшы на нейкую ўрачыстасць у касцёл.

Мой пасыл просты.

Паважаныя святары, будзьце добрымі. Дапамажыце нам адчуваць Божую міласэрнасць у жыцці, Яго прабачэнне і ласку. Будзьце добрымі і зраўнаважанымі, як Езус, які любіў грэшнікаў, але не любіў грэх.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

ткачук

Паходжу з Ліды, але атрымоўваю веды з журналістыкі ў Варшаве. Пакуль што адношу сябе да пакалення 20-гадовых. Люблю коцікаў і задаваць дзіўныя пытанні. Пішу лепш, чым размаўляю.

28 кастрычніка 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі