ІІІ нядзеля Адвэнту

Worship_Advent-Wreath3_2015

Згодна з старажытнай традыцыяй, у гэты дзень Касцёл заклікае сваіх дзяцей да радасці, а нядзелю называе «Гаўдэтэ» (радуйцеся).

Чалавек, які чакае на сустрэчу з Богам, не можа быць нярадасным. І тут ужо не важныя ніякія знешнія фактары, якія могуць знізіць градус весялосці ў нашым жыцці. Галоўнае, што спатканне з Хрыстом усё бліжэй, і яно непазбежна.

«Заўсёды радуйцеся» (1 Тэс 5,16 ), — пісаў Апостал Павел з Карынфу у 52 годзе да вернікаў у Тэсалоніках. Вельмі цікавы гістарычны кантэкст гэтых радкоў. Справа ў тым, што знешніх прычын для радасці не мелі ані тэсаланікійцы, ані сам Павел, бо цярпелі пераслед па рэлігійных матывах і нязручнасці з выкананнем сваёй хрысціянскай місіі. Зрэшты, з-за пераследу Павел вымушаны быў пакінуць у свой час Тэсалонікі, а пасля таго, будучы ў Карынфе, таксама сустрэўся з неўспрыняццем сябе сваімі суайчыннікамі, ён пакідае ізраільскую мясцовую сінагогу і ідзе прапаведаваць язычнікам, чаму спадарожнічае збіццё хрысціянаў і судзілішчы.

І вось, у такіх абставінах Павел піша: «заўсёды радуйцеся». І , як для Паўла, у гэтым няма нічога дзіўнага, бо ён пачуў «голас таго, хто кліча ў пустыні» (гэтыя словы святы Ян Хрысціцель, які рыхтаваў Ізраіль на прыход Місіі, казаў пра сябе). І гэтыя словы хрысціянін таксама можа адносіць да свайго сумлення.

Чалавек, які слухае голасу свайго сумлення і ідзе за ім, нават калі гэты голас параўнальны да самотнага голасу ў пустыні і гучыць, як адзіны сярод мноства іншых варожых галасоў, непазбежна напаўняецца глыбокай унутранай радасцю, бо знаходзіць супакой.

А радасны чалавек, не можа не паўтарыць за прарокам Ісаяй так, як аднойчы паўтарыў гэтыя словы і Богачалавек Ісус у сваім родным горадзе, чытаючы словы прарока ў назарэцкай сінагозе:

«Дух Пана Бога на мне,
бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім» (Іс 61,1)

Гэтыя словы падкрэсліваюць паўнату здзяйснення Божых абяцанняў у жыцці чалавека, чалавека, які зрэалізаваўся. Гэтыя словы таксама пра таго, які знайшоў сваё месца пад сонцам і ёсць у ста адсотках шчаслівым чалавекам, бо сам з’яўляецца промнем Божага святла. Такім чынам сам сабою «сведчыць пра Святло» (Ян 1,8). Той, хто паверыў больш ужо не «ўбогі», бо Бог здзейсніў сваё абяцанне…

Хрысціянін — чалавек радасці. І ніхто не можа гэтай радасці яго пазбавіць, бо, як кажа Ісая:

«Узрадуюся ў Пану,
узвесяліцца душа мая ў Богу маім;
бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення» (Іс 61).

Хрысціянін не зайздросціць «убогім», нават калі яны багатыя, маюць пасады і ўладу, але ж калі яны прыстасаванцы і не жывуць згодна з сумленнем, то яны і радавацца не могуць, а значыць, і зайздросціць няма чаму.

Хрысціянін не мае нянавісці да “ўбогіх”, бо калі яны не чуюць свайго сумлення, то ім можна толькі паспачуваць.

Хрысціянін абвяшчае добрую навіну “ўбогім”…

— Як?
— Дзяліцца сваёй радасцю.

А таму «заўсёды радуйцеся», бо блізкі надыход Госпада.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Барок

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

17 снежня 2017 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі