Капейчына

кошелек

Было, цяжарнаю хадзіла, першынцам. Дарогаю да хаты, ля камянёў блізу шыпшыны, была знайшла кашалёк, а там грошы. Шмат.

Дзіця насіла, расперажывалася, неспакойнаю стала, – чалавек, што згубіў, мучаецца зараз, ды і я разам. Плакала, ноч не спала. Мужу казала, супакойваў, – трэба знаць чый ды аддаваць.

Была ў краме назаўтра, там Юзя крычыць, галасіць, – кашалёк згубіла, чатыраста рублёў, хлеба няма за што купіць! У мяне дух заняло, бо, што знайшла, была толькі сотня… Што ж будзе? Аддаць, дык абвінаваціць – скрала рэшту, праз жыццё не выбачыць, дурным словам будзе ўспамінаць і пракліне, а ў мяне дзіця пад сэрцам, першынец. Грошы з кашалька кінула ў скарбонку ў касцеле, ня ведала, як інакш тады. Не магла тады прызнацца, баялася няславы і абгавору.

Панесла хлеб абедам Юзі, бо, казала, не магла купіць. І так праз усё жыццё насіла. Колем свінню – мяса. Карову трымалі – малако штодня. Бульбу капаць – да Юзі ў памагатыя, сена – спарадкаваць першаю выклікалася.

Юзі адпрацоўвала, пакуль мела сілы. Ні сяброўкамі, ні блізкімі з ёй так і не былі. Думала яна, што я дурніца. За дарма і мяса, і малако, і працу… Я ж капейчыну тую аддавала, ды не ведаю, ці аддала…

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

surynovic

Каталіцкі святар, пробаш парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі

21 сакавіка 2016 | Блогі | Тэгі:



Блогі