Карыкатуры «Шарлі Эбдо»: праз 30 дзён

sharli
фота kp.ru

7 студзеня 2015 еўрапейскія і сусветныя навінавыя выпускі былі прысвечаны трагедыі, якая адбылася ў рэдакцыі парыжскай газеты «Шарлі Эбдо» (Charlie Hebdo), дзе тэрарыстамі былі забітыя 12 чалавек.

Напярэдадні газета апублікавала карыкатуру з выявай прарока Мухамеда, што абразіла рэлігійныя пачуцці мусульман, і ў выніку адна з радыкальных ісламскіх груповак арганізавала тэракт. Праз некалькі дзён у Францыі ад рук тэрарыстаў загінула яшчэ тры чалавекі. Для патрулявання гарадскіх вуліц было выдзелена 10 000 вайскоўцаў, абстаноўка ў гэтай еўрапейскай краіне накалілася да мяжы. У нядзелю, 12 студзеня, у Парыжы і іншых гарадах Францыі прайшоў марш у абарону свабоды слова, які сабраў мільёны грамадзян. У гэтым маршы прынялі ўдзел многія еўрапейскія і сусветныя лідары, якія казалі аб недапушчальнасці абмежавання свабоды слова.

У ісламскім свеце таксама прайшлі дэманстрацыі. Напрыклад, у расійскім горадзе Грозны сабралася некалькі сотняў тысяч мусульман для выказвання свайго абурэння апублікаванымі карыкатурамі. У афрыканскай краіне Нігер падчас дэманстрацый пратэсту было спалена 45 хрысціянскіх цэркваў, што прывяло да шматлікіх ахвяр.

У інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі журналісты газеты «Шарль Эбдо» (Charlie Hebdo) растлумачылі, што пры дапамозе карыкатур адстойваюць права на свабоду слова і права на рэлігійныя перакананні, а таксама права на адсутнасць такіх.

На прасторах інтэрнэту разгарнулася бурная дыскусія пра свабоду слова, падчас якой выказваюцца самыя розныя меркаванні. Аднак, з нашага пункту гледжання, у гэтай дыскусіі недастаткова ўвагі надаецца прычынам трагедыі.

Невядомая раней сусветнай аўдыторыі газета «Шарлі Эбдо» (Charlie Hebdo) спецыялізуецца на карыкатурах «на злобу дня» і не мае выразнага ісламофобскага напрамку. На старонках газеты публікаваліся карыкатуры на Ісуса Хрыста, а таксама на вядомых сусветных палітычных лідараў. У дадзеным выпадку карыкатура на прарока Мухамеда была выкліканая праблемамі, звязанымі з усё растучай прысутнасцю мусульман у Францыі. Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя атрымаў распаўсюджванне жарт, які мае адценне суму: «Парыж – гэта горад, дзе калісьці жылі французы». Абвешчаная на мяжы стагоддзяў еўрапейскімі лідарамі палітыка мультыкультуралізму азначае мірнае суіснаванне людзей, якія належаць да розных рэлігійных канфесій і культур, якое ўключае свабоднае выказванне сваіх рэлігійных перакананняў, прытрымліванне культурных традыцый. Спачатку гэта гучала вельмі добра – гэтак жа, як слова «плюралізм», «паліткарэктнасць», «свабода самавыяўлення» і гэтак далей. Аднак паступова еўрапейцы ў сваім доме ўсё менш сталі адчуваць сябе гаспадарамі. Хай сучасныя жыхары Еўропы ў сваёй большасці не з’яўляюцца рэлігійнымі, аднак хрысціянства, несумненна, паўплывала на культуру, у якой, напрыклад, не прынята насіць чадру або рэзаць на вуліцах ахвярных жывёл падчас рэлігійных святаў. Хутчэй сутыкненне культур, чым рэлігій, спарадзіла напружанне ў грамадстве, якое ўсё больш выплюхваецца праз адкрытыя пратэстныя выступы. Праціўнікі ісламізацыі Еўропы збіраюць на сваіх мітынгах сотні тысяч удзельнікаў, нягледзячы на заявы палітыкаў, якія заклікаюць да міру.

Калі глядзець яшчэ глыбей, то становіцца відавочным, што ў аснове палітыкі мультыкультуралізму ляжыць філасофія постмадэрнізму, якая сцвярджае, што адной праўды не існуе. Менавіта гэтая філасофія ўзята за аснову абаронцамі ўсіх «меншасцяў», ад рэлігійных да сексуальных. Прыхільнікі дадзенай філасофіі сцвярджаюць, што свая ісціна можа быць у гамасэксуаліста – гэтак жа, як можа быць свая ісціна ў хрысціяніна, і ідэальным грамадствам з’яўляецца тое, у якім гамасэксуаліст і хрысціянін не перашкаджаюць адзін аднаму весці той лад жыцця, якому яны аддаюць перавагу.

З нашага пункту гледжання, дадзеная філасофія з’яўляецца глыбокай памылкай як супярэчная парадку рэчаў. Адсутнасць адзінай сістэмы каардынатаў прыводзіць да хаосу ў грамадстве, калі змешваюцца ўяўленні пра дабро і зло, мяняюцца маральныя стандарты ў сувязі з развіццём грамадства – а дакладней, яго дэградацыяй.

Між тым, сучасная палітыка ведае і іншыя падыходы. Напрыклад, прэм’ер-міністр Аўстраліі Kevin Rudd (Кевін Рад), кажучы аб міграцыйнай палітыцы, заявіў наступнае:

«Імігранты, а не аўстралійцы павінны адаптавацца. Прыміце гэта ці не прымайце. Я ўжо стаміўся ад гэтай нацыі, якая хвалюецца, што мы крыўдзім асобных людзей або іх культуру. Большасць аўстралійцаў вераць у Бога. Гэта не нейкі палітычны імпульс правага хрысціянскага крыла, а факт, таму што хрысціяне, мужчыны і жанчыны, заснавалі нашу нацыю, і гэта выразна задакументавана. Калі Бог вас абражае, я прапаную вам лічыць іншую частку свету вашым новым домам, паколькі Бог – частка нашай культуры».

Несумненна, Еўропа – гэта частка, калі не калыска хрысціянскага свету, што часам недаацэньваецца. І дазваляць прадстаўнікам іншай культуры, іншай рэлігіі ўсталёўваць там свае парадкі было неразумна з самага пачатку.

Такім чынам, з нашага пункту гледжання, глыбіннай прычынай трагедыі ў рэдакцыі газеты «Шарлі Эбдо» (Charlie Hebdo) з’явілася неабдуманая іміграцыйная палітыка заходнееўрапейскіх дзяржаў, якая ўтварыла напружанасць у грамадстве, заснаваную на культурных супярэчнасцях. У гэтай сітуацыі памылкай галоўнага рэдактара газеты было тое, што ён выбраў радыкальны метад для прапаганды памылкі, якая пануе ў розумах еўрапейскіх палітыкаў, якія сцвярджаюць, што адной праўды не існуе. Пры гэтым, прыкрываючыся свабодай слова, дапускаюцца прамыя абразы пачуццяў вернікаў альбо любых іншых груп, лад жыцця якіх падвяргаецца крытыцы.

Не зусім зразумелая і хваля салідарнасці з газетай, якая пракацілася па ўсім свеце (у тым ліку такія выступленні былі і ў нашай краіне). У гэтых акцыях салідарнасці акцэнт робіцца не на смутку па загінуўшых, а на падтрымцы іх дзейнасці. Свабода слова не павінна быць прыкрыццём экстрэмізму, а смутак па загінуўшых не павiнен эксплуатавацца ў палітычных мэтах.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

lukanin2

Юрыст, блогер, евангельскі хрысціянін. Самае не любімае выказванне: – Ну што ў нас за краіна! Самая любімая цытата з кнігі: Дзе Дух Гасподні, там свабода.

07 лютага 2015 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі