Касцёл святы і грэшны

39292276_2556813387669589_320601368568004608_n

Касцёл святы, бо ў ім прабывае Бог. Касцёл грэшны, бо складаецца з недасканалых людзей. Самай вялікай каштоўнасцю для Бога з’яўляецца прызнанне сваёй грэшнасці і раскаяння ў ёй, як агульна так і індывідуальна.

Ці робіць гэта Касцёл, калі чалавечы грэх раніць Яго Цела? – ТАК! публічна, перапрошваючы, кампенсуючы, не шкадуючы свайго аўтарытэту, бярэ на сябе адказнасць, бо ПРАЎДА важнейшая за чалавечыя слабасці і грахі.

Ці можна сцвердзіць, што грэх і слабасць чалавека не паўторыцца?

НЕ, нельга. але мы ведаем пазіцыю Касцёла – прабываць у Праўдзе, не хаваць зло, не апраўдваць правінаў сваіх чальцоў.

Што яшчэ дадаць да гэтага, ведаючы, што Касцёл імкнецца трываць шчыра ў ПРАЎДЗЕ, заклікае да гэтага сваіх вернікаў? Дадаць малітву, дадаць асабістае пакаення, дадаць давер Богу…

Нападкі на Касцёл і яго святароў, тым ня менш – штодзённая рэч у шматлікіх выданнях і пастах нават каталікоў у соцсетках.

Пытанне: гэта атакі д’ябла і граху, ці свядомае альбо неўсвядомленае руйнаванне аўтарытэту святарства, навешванне шыльдаў «ПАДАЗРАВАНЫ», «ВІННЫ» толькі з таго, што святар, кадаванне недаверу, знішчэнне завочна, загадзя, бо а раптам?..

Насычаючы горыччу палыну сваіх эмацыйных развагаў і лямантаванняў грамадства і чытачоў, ці не рызыкуем мы застацца без айца і айцоў увогуле?

Сучасны свет перажывае крызіс айцоўства, гэта датычыць і нашай краіны, дзе татальны алкагалізм і адзінокае мацярынства выхоўваюць наступныя пакаленні.  Дзе крызіс пакліканняў, на маю думку, у першую чаргу, звязаны не са святарамі і іх слабасцямі, зафіксаванымі за мяжой Беларусі, што так актыўна абмяркоўваем тут, на нашых старонках і ў пастах, а з падарваным аўтарытэтам бацькі ў сям’і, у нашых сем’ях.

Трэ быць разважлівым і асцярожным, бо праз нападкі на святароў мы руйнуем айцоўства з большай сілай. Не толькі іх, не толькі сваё, але ці не самога Бога Айца?

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

surynovic

Каталіцкі святар, пробаш парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі

16 жніўня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі