Касцёл у Беларусі мяняецца

Буткевич

Віцебскі каталіцкі біскуп Алег Буткевіч выказаў салідарнасць з лепельскімі баптыстамі, на якіх цісне мясцовая ўлада.

«Касцёл заўсёды стаіць на баку тых, каго пераследуюць і хто знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. На жаль, мы ніяк не можам паўплываць на сітуацыю афіцыйнымі захадамі. Але, думаю, што гэтую падтрымку заўсёды ацэняць тыя, хто належыць да Хрыста. Гэта будзе падтрымка малітоўная», — сказаў біскуп.

Мне трохі незразумела, чаму біскуп не жадае ўзняць гэтае пытанне перад уладамі. Магчыма, справа ў асцярожнасці, а магчыма, лічыць, што ад гэтага не будзе толку.

Але гэта менш важна. Важна, што зроблена адкрытая заява аб падтрымцы і аб малітве. Што прынамсі адзін з каталіцкіх біскупаў у Беларусі не заплюшчвае вочы на тое, што дзяржава пераследуе вернікаў.

Касцёл у Беларусі мяняецца. Вы памятаеце, як у часы змагання за царкву «Новае Жыццё» афіцыйныя прадстаўнікі Касцёла адказвалі журналістам: «Гэта не нашая справа»? Памятаеце, як у 2008 годзе Дзяржсакратар Ватыкана кардынал Тарчызыё Бэртонэ казаў, што беларускі закон аб свабодзе веравызнання — «гэта добры закон»?

Павал Севярынец расказваў, як у 2007 годзе ў Будславе міліцыя затрымала трынаццаць чалавек, якія збіралі подпісы пад прапановай аб змене закона «Аб свабодзе сумлення», таго закона, па якім дзяржава пераследуе вернікаў. Ён пайшоў да біскупа Антонія Дзям’янкі, прасіў, каб той ўмяшаўся. «Біскуп ні слова не сказаў, адсунуў мяне як фіранку і прайшоў міма». (Вось такое было. Нікога не хачу асуджаць: за гэтымі непрыгожымі ўчынкамі хавалася дбанне пра інтарэсы Касцёла).

А цяпер біскуп Буткевіч выказвае салідарнасць з баптыстамі. Часы, калі за Касцёл было сорамна, сыходзяць у мінулае. Спадзяюся, што незваротна.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

шыталь

журналіст, грамадскі актывіст




Блогі