Казань на малебне ў дзень памяці Чарнобыльскае катастрофы

1020081538

Слава Ісусу Хрысту!

Упадабаныя браты і сёстры!

Сёння мы сабраліся тут, каб памаліцца за ахвяр Чарнобыля. Мы просім у Госпада нашага, каб у невымоўнай Сваёй міласці Ён падаў здароўе хворым, спакой загінуўшым і памёршым ад вынікаў катастрофы, супакоіў родзічаў загінуўшых…

Чытаючы Біблію, мы бачым, што ўсе Божыя Пакаранні адбываюцца праз дзеі людзей, іх адыход ад Божай Праўды. Гэта вельмі сімвалічны для нас знак, бо і ў Чарнобылі да вялікай бяды прывяло не стыхійнае ліха, не выпадковая паломка абсталявання, а, як мы зараз кажам, “чалавечы фактар”.

Гэты “чалавечы фактар”, які забіў і працягвае павольна забіваць тысячы людзей, не узнік на пустым месцы. Ён стаў вынікам шматгадовага панавання «савета бязбожных» (Пс. 1:1), які знішчыў веру ў Бога, знішчаў духоўнасць нашага народа. Гэты, выхаваны бязбожнікамі “новы савецкі чалавек”, атрымаўшы вялікую сілу — праз свой розум, праз пранікненне ў навуку, праз развіццё тэхналогій, — быў адначасова пазбаўлены сапраўднай маральнай адказнасці за блізкіх, пазбаўлены, як мы кажам, страху Божага. Душу такой асобы напаўнялі ілжывыя каштоўнасці, яна ў імя узнагарод «князя гэтага свету» гатовая адкінуць думку пра лёс сваіх блізкіх, адкінуць адказнасць за Богам дадзеную зямлю…

Мы мусім памятаць, што Чарнобыльскай трагедыі папярэднічаў гэтакі “духоўны Чарнобыль”, калі адбывалася духоўнае, а часам і фізічнае знішчэнне беларускага і ўкраінскага народу. Трагічныя вынікі “духоўнага Чарнобылі” невымоўна больш вынікаў “Чарнобыля фізічнага”.

Менавіта праз гэтую глыбінную падставу Чарнобыльскае трагедыі – знішчэнне камуністычным рэжымам веры і духоўнасці народу, слова “Чарнобыль” зрабілася назыўным для вызначэння духоўнай пустэчы часткі грамадства, людзей якія адкінулі Евангелле, якія забылі сваіх продкаў, свае звычаі і мову.

Кожны з нас разумее, што Чарнобыль – гэта жахлівая бяда беларускага і ўкраінскага народаў. Таму памяць аб Чарнобылі – гэта найперш заклік да барацьбы са ўсім тым, што сёння служыць духоўнаму знішчэнню нашых народаў. Толькі перамога над злом, над бязбожніцтвам, нацыянальнай амнезіяй будзе гарантыяй таго, што Чарнобыльская трагедыя больш ніколі не паўтарыцца.

Супрацьстаяць новаму Чарнобылю – гэта ўчынак для моцных і свядомых духам, бо мы будзем непазбежна сутыкацца з сіламі, якія не вераць у Бога, якія намагаюцца зрабіць грэх нормай, духоўна знішчыць нашы народы  і пабудаваць бязбожную цывілізацыю. Гэтыя сілы маюць у сваім распараджэнні вялікія рэсурсы, падманлівыя і спакушальныя словы аб “лібералізме” ды “інтэрнацыяналізме”. Але “Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах; Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў” (Пс. 45:1-2). Таму мы, праваслаўныя хрысціяне, павінны і будзем несці сведчанне свету пра Боскую праўду, пра сілу Божага закона, пра тое, што збаўчым, паспяховым і шчаслівым можа быць толькі тое жыццё, у якім Боскае злучаецца з чалавечым; толькі тое жыццё, дзе намаганні чалавечага розуму і волі падтрымліваюцца ласкай Божай.

Дык давайце ў гэты скарбутны дзень памолімся за ўсіх ахвяр Чарнобыльскае трагедыі. Памолімся аб тым, каб попел Чарнобыля “заўсёды стукаў у нашым сэрцы”. Каб мілата Боская была са ўсімі намі, і захаваў Гасподзь нашу зямлю і нашы народы. Амін.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

horbik

Протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату

26 красавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі