Харызма Беларусі праз кнігу Ёва. Працяг

иовХІХ:1-3 1. І адказваў Ёў і сказаў: 2. дакуль будзеце мучыць душу маю і рваць мяне прамовамі? 3. Вось, ужо разоў дзесяць вы сарамацілі мяне і не саромеецеся ўціскаць мяне.

Словы сяброў Беларусі, як рэальных так і спрэчных, пра Беларусь душу беларуса не столькі лечаць, колькі мучаюць ды ірвуць на часткі. Бо гэта словы чалавечыя; нярэдка пыхлівыя і самаўпэўненыя, але часцяком далёкія ад ісціны – словы грэшных людзей і супольнасцяў. Якія кажуцца не ад малітвы, а ад чагось больш прыземленага, прымітыўнага, міфалагічнага. Поспех і большы за нас статус дзяржавы насамрэч замінаюць простай чалавечай любові і безкарысліваму чалавечаму спачуванню. Верагодна таму, што і спачуваючы, хочацца заўпэўнівацца ў сваёй перавазе і сваёй большай важнасці для свету, іначай кажучы – хочацца працягваць самасцвярджацца.

ХІХ:13-19 13. Братоў маіх Ён зьвёў ад мяне, і тыя, што ведалі мяне, цураюцца мяне. 14. Пакінулі мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забылі мяне. 15. Прыхадні ў доме маім і служанкі мае чужым лічаць мяне; староньнім зрабіўся я ў вачах у іх. 16. Клічу слугу майго, і ён не адгукаецца; вуснамі маімі павінен я ўмольваць яго. 17. Дыханьне маё збрыдзела жонцы маёй, і я павінен умольваць яе дзеля дзяцей чэрава майго. 18. Нават малыя дзеці пагарджаюць мною; падымаюся, і яны зьдзекуюцца зь мяне. 19. Гідзяцца мною ўсе вернікі мае, і тыя, каго я любіў, абярнуліся супроць мяне.

Знаёмая сітуацыя? Ці ж ня так? Нават калі адкінем асабістае, ці ж гэта не пра сітуацыю беларуса – з яго мовай, былымі саюзнікамі і цяперашнімі прыхаднямі?

ХІХ:20-23 20. Косткі мае прыліплі да скуры маёй і мяса майго, і я застаўся толькі са скураю каля зубоў маіх. 21. Умілажальцеся з мя вы, сябры мае, – бо рука Божая кранулася мя. 22. Навошта і вы перасьледуеце мяне, як Бог, і плоцьцю маёю ня можаце насыціцца? 23. О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе

Колькі нашых землякоў падзяляюць гэтае жаданне! Ды што пра іншых – пра сябе, хай гэта суб’ектыўна, магу сказаць тое ж.

ХІХ:24-27 24. Разцом жалезным з волавам, – на вечныя часы на камені выразаны былі! 25. Але я ведаю, Заступнік мой жывы і стане пасьля мяне над зямлёю. І пасьля таго як мая скура будзе разбурана, 26. і з плоці маёй я ўбачу Бога (больш дакладна:.і апошні Абаронца, які перажыве ўсіх, устане як Сведка (ці Бог-Суддзя) над прахам маім. І тады я “у плоці” ўбачу Яго) 27. Я ўбачу Яго сам; мае вочы, ня вочы іншага, убачаць Яго.

Растае сэрца маё ў грудзях маіх! Хочацца верыць, што гэткая вера ў сустрэчу з Богам жыве і ў нас. Жыве?!

ХІХ:28-29 28. Вам трэба было б сказаць: навошта мы перасьледуем яго? Быццам корань зла знойдзены ўва мне. 29. Збойцеся меча, бо меч ёсьць помсьнік няпраўды, і ведайце, што ёсьць суд.

Калі гэтая нагадка з вуснаў беларуса прагучала ў адрас яго сяброў-пераследвальнікаў найбольш гучна? У мяне няма больш аргументаванага адказу за 1941-44 гады.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

melnik

паэт-бард, журналіст, вернік, праваслаўны

12 студзеня 2016 | Блогі | Тэгі:



Блогі