Харызма Беларусі праз Кнігу Ёва. Працяг

иов2

ІІІ:1-26
1. Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.
2. І пачаў Ёў і сказаў:
3. хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!
4. Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!
5. Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!
6. Ноч тая, – хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!
7. О! ноч тая – хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!
8. Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!
9. Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц
10. за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!
11. Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?
12. Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?
13. Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна
14. з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,
15. ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;
16. ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.
17. Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць знясіленыя.
18. Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.
19. Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.
20. Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыцьцё засмучаным душою,
21. якія чакаюць смерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.
22. Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?
23. Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?
24. Уздыханні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,
25. бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.
26. Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.

Пасля таго, як да Ёва ў другой главе прыйшлі “дзеля суцяшэння” тры “ягоныя сябры” (для Беларусі гэта верагодна Германія, Польшча і Расея). Ёў пачынае наракаць на няўдалае сваё жыццё і енчыць, што лепей бы ён не нарадзіўся. Так і беларусы, апынуўшыся на папялішчы ВКЛ пад апекай сяброў, якія гучна ірвалі свае вопраткі, масава пайшлі ў жаданне ненароджанасці, у жаданне растварэння ў іншых: у рускіх, у паляках…
Няма беларусу міру, спакою ды радасці пад пільным вокам сяброў. Нячшчаснае ягонае жыццё, хоць і стабільнае. Чаго ён баяўся, тое яго і атачае.
Верагодна, у гэтай главе Ёва – пра нашае беларускае ХІХ стагоддзе да Багушэвіча і Насовіча. Хоць і ёсць беларускае племя, а быццам яго і няма, быццам яно ненароджанае.

Пачытаць пачатак разважанняў аб харызме Беларусі на прыкладзе кнігі Ёва.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

melnik

паэт-бард, журналіст, вернік, праваслаўны

20 кастрычніка 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі