Хрысціянскія фільмы. Вялебны (Rev.)

_73405095_rev-groupshot2

Пасля таго, як мы ўжо рэкамендавалі серыял пра жыццё каталіцкага святара ў Англіі, прыйшла чаргу парэкамендаваць серыял і пра англіканскага. 19-серыйны «Вялебны» распавядае пра вікарыя старой, але спусцелай парафіі Святога Збавіцеля на балотах у прыгарадзе Лондана Адама Смолбоўна.

Стужка падымае пытанні сямейнага жыцця святара, маральнага выбару паміж лёгкім шляхам і правільным, пытанні ўзаемаадносін паміж вернікамі, паміж служыцелямі парафіі.

Сярод праблемных пытанняў «Вялебнага» – роля іерархіі ў жыцці святароў і парафій, пастаянныя фінансавыя цяжкасці, якія ставяць пад пагрозу само існаванне абшчыны і вымушаюць святара займацца не пастырскай працай, а пошукам грошай.

Таксама фільм спрабуе падняць праблему рэлігійнай адукацыі, калі ў англіканскай школе 60% вучняў – мусульмане; багаслоўскага невуцтва прыхаджан і фармалізму з боку служыцеляў.

Сярод паднятых пытанняў знайшлося месца і саперніцтву паміж кансерватыўнымі і ліберальнымі плынямі ў Царкве, кантактам з іншымі канфесіямі, перш за ўсё, з ісламам, вернікі якога ў адрозненне ад апатычных хрысціян не лянуюцца зайсці ў храм, паважаюць сваіх імамаў і гатовыя ахвяраваць на патрэбы абшчыны.

Вядома, не абыйшлі аўтары бокам і пытанне гомасексуальных шлюбаў і адносін, у тым ліку сярод святароў.

Але галоўная тэма серыяла – гэта пытанне святарскага паклікання і пастырскага выгарання, калі ты расчароўваешся ў сабе, у парафіянах, у «начальстве» і не разумееш, чаго ад цябе хоча Бог.

Для адных серыял можа здацца занадта цынічным, для іншых – занадта ліберальным. Ды і сам вікарый, прынамсі, вонкава не заўсёды з’яўляецца ўзорам для пераймання. Але пытанні, якія падымае «Вялебны», вартыя таго, каб яго паглядзець і паспрабаваць даць на іх свае адказы. Тым больш, што, як паказвае стужка, нягледзячы на ​​ўсе выклікі і цяжкасці, надзея, вера і любоў здольныя тварыць цуды.

І так, калі ўжо пачалі глядзець, то даглядзіце да канца. Ён вас здзівіць.

Серыял «Вялебны» (Rev.)

Год – 2010-2014

Краіна – Вялікабрытанія

Сцэнар – Том Холандэр, Джэймс Вуд

Рэжысёр – Пітэр Катанео

У ролях – Том Холандэр, Алівія Колман, Стыў Івітс, Майлз Джап, Сайман Макберні, Элен Томас і іншыя.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info




Блогі