Хрыстос суцішае буру

бура< em>23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім увайшлі вучні Яго. 24. І вось, бура вялікая ўзняла́ся на моры, так што лодку захлíствалі хвалі; а Ён спаў. 25. І вучні Яго, падышоўшы, разбудзілі Яго, ка́жучы: Госпадзі! рату́й нас, гінем. 26. І Ён кажа ім: чаго вы такія баязлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забаранíў вятра́м і мору, і настала цíша вялікая. 27. А людзі, дзівíліся і казалі: хто Ён такі, што і вятры́, і мора слухаюцца Яго?

Евангеліст Матфей распавядае пра тое, як Хрыстос у чарговы раз пераплываў з вучнямі праз Галілейскае мора. Хрыстос стаміўся і, увайшоўшы ў човен, моцна заснуў. І надвор’е, і мора былі спакойным, і нічога не прадказвала, што можа здарыцца нешта надзвычайнае ў гэтым плаванні. Але, няглядзячы на свае адносна невялікія памеры, Галілейскае возера можа быць вельмі і вельмі небяспечным. На гэтым возеры даволі часта буры ўзнікаюць знянацку, раптоўна і набываюць вялікую сілу. Так здарылася і ў гэты раз. Паднялася страшэнная бура, і лодка ледзьве трымалася на хвалях, каб не перакуліцца і не патануць. Небяспека сапраўды была смяротнай, так што нават такія дасведчаныя рыбакі як Пётр, Андрэй, Іаан, Якаў сур’ёзна спалохаліся блізкай смерці. А Хрыстос, нягледзячы на буру, спаў.

Чым была гэтая бура і гэты сон Хрыстоў? Усё гэта было выпрабаваннем веры вучняў-апосталаў. Яны, мабыць, былі ўжо спакойныя за сваю веру. Яны знайшлі таго, пра каго казалі прарокі – Хрыста-Месію. Яны, галілейскія рыбакі, сталі Ягонымі вучнямі і паслядоўнікамі. Яны абраныя для таго, каб слухаць Яго слова. Ці не ёсць гэта сведчаннем таго, што менавіта іх вера мацней за веру іншых людзей?! Гэтая сітуацыя вельмі падобная да сітуацыі нашай хрысціянскай абшчыны. Мы ведаем, што Гасподзь тут з намі ў гэтым храме, мы размаўляем з Ім у малітве, мы слухаем Яго словы, мы прычашчаемся Яго Прачыстага Цела і Крыві, наша сэрца і душа адчуваюць рэальнасць Яго прысутнасці. І нам здаецца, што, як быццам бы, з нашай верай усё добра. Але, нягледзячы на гэта, такая вера досыць павярхоўная. Гэта вера, якая не прайшла выпрабаванне. Гэта вера, якая не мае знаку якасці. Апосталы яшчэ не ведалі, што ісці за Хрыстом гэта азначае апынуцца ў буры, і трапіць у Гефсіманію, і быць на Галгофе. Пакуль што толькі бура правярае, наколькі глыбока вера пусціла карані ў душы і свядомасці апосталаў. Так і мы цяпер, знаходзячыся ў стане спакою, не можам ведаць, што будзе з нашай верай падчас буры, ці застанемся мы вернымі Хрысту ў Гефсіманскім садзе, ці зможам пайсці з Ім на Галгофу…

Галоўнае правіла выратавання пад час выпрабавання стыхіяй – не забыцца, што Хрыстос побач з табою. І калі нават тваёй веры будзе недастаткова, каб спакойна і годна выявіць сваю духоўную трываласць, то нават у страху і роспачы патрэбна звяртацца да Хрыста з крыкам і маленнем дапамагчы. І Ён гэта зробіць! Амінь!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

рой

Настаяцель Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна, кандыдат багаслоўя.

03 ліпеня 2016 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі