Хрыстос уваскрос!

29789987_1840024646048326_553681443476055386_n (1)

Хрыстос уваскрос!

Сапраўды ўваскрос!

Хрыстос сапраўды ўваскрос, і гэта не пустыя словы. Гроб Езуса – пусты, а словы не пустыя.

Літургія Вігіліі Пасхальнай прагадвае ўсю гісторыю збаўлення і праз найважнейшыя падзеі Бога, якія Ён здзяйсняў у жыцці чалавецтва, даводзіць нас да ўваскрашэння Езуса Хрыста. А з момантам перамогі Хрыста над смерцю пачынаецца ўжо новая гісторыя. У гэтай гісторыі больш няма месца для безнадзейнасці і роспачы, страху і смутку. У гэтай гісторыі чалавеку заўсёды спадарожнічае надзея і адвага, бо Хрыстос, які ўваскрос, перамог галоўнага ворага чалавека – смерць. А перамогшы смерць, Ён не толькі знішчыў усе варожыя сілы людскога няшчасця, але ж і нам адкрыў брамы нябеснага валадарства. Хрыстос уваскрослы адорвае чалавека новым жыццём, адметнасцю якога ёсць мець шчасце у паўнаце…

Крыж Хрыста, у які мы ўглядаліся на працягу ўсяго Вялікага Посту, неаднойчы ставіў нас у ступар. Паралізаваў нас, нашыя дзеянні і думкі. Хрыстом, паміраючым на крыжы, немагчыма не захапляцца. Сіла Ягонай волі, паслухмянасць Нябеснаму Айцу, вернасць у любві да нас – гэта ўсё нас захапляе, аднак неаднойчы ў глыбіні нашых сэрцаў гучыць правакацыйнае пытанне: “Як мне, слабому чалавеку, стаць падобным да майго Настаўніка? Мне хацелася б любіць, як Ён, быць праведным, як Ён, прабачаць так, як Ён, але ці ў мяне атрымаецца?”

“Дух ахочы, а цела слабое” – гэтыя словы Апостала Паўлы як мага лепш пасуюць у даванні ацэнкі сітуацыі чалавека, які хацеў бы паверыць і даверыцца Хрысту, але ж сумняваецца ў тым, ці атрымаецца.

Варта заўважыць: Хрыстос уваскрослы, які сам перайшоў да новага жыцця, адорвае чалавека здольнасцю атрымаць ласку новага жыцця і карыстацца гэтай ласкай. У пасланні да Рымлянаў Апостал Павел падкрэслівае: “Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці” (Рым 6, 3-4).

І тут напрошваецца толькі адна выснова. Смерць перамог Хрыстос, а плёнам Ягонай перамогі карыстацца нам. Здабыў новае жыццё Ён, але ж “хадзіць у абноўленым жыцці” даводзіцца ізноў нам! І гэтую магчымасць мы атрымоўваем абсалютна задарма і толькі таму, што Бог нас любіць і ніяк не таму, што мы добрыя альбо заслугоўваем на нейкі дар ад Бога.

Дык якое яно, тое новае жыццё, сімвалам якога ёсць велікоднае яйка, і якім адорваецца чалавек з момантам хросту?

Само Пісанне дае адказ. Ісая, пераказваючы словы Госпада, кажа: “Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце купляйце без срэбра і без платы за віно і малако” (Іс 55,1-2).

Гэта сімптомы новага жыцця. У ім выключную ролю на сябе бярэ сам Бог. Чалавек купляе, а плаціць Бог. Чалавек працуе, а плён дае Бог, нават пра заробак паклапоціцца Бог.

У новым жыцці не так, як у гэтым, дзе ты вымушаны працаваць за мізэрныя грошы, пры гэтым маеш адчуванне ўласнай вінаватасці з-за таго, што прыходзіш на працу, бо тым самым змушаеш таго, хто зверху, выплочваць табе твае ж грошы і, хутчэй усяго, нават не пайшоў бы больш на тую працу, але разумееш, што вінаватым перад сваім валадаром і так застанешся, бо калі не пойдзеш на працу, то змусяць плаціць ужо цябе і ўдвая больш. І ў такія моманты як ніколі адчуеш сябе нявольнікам сітуацыі…

У новым жа жыцці чалавек ёсць свабодным, яму дазваляецца прагнуць, а калі ж ён марыць, то мары ажыццяўляе Бог, бо “слова Ягонае якое выходзіць з вуснаў Ягоных не вернецца да Яго без плёну, пакуль не споўніць тое, што Ён хацеў, і з поспехам дасягне таго, дзеля чаго Ён паслаў яго” (Іс 55, 11).

А слова Ягонае кажа чалавеку: “…спазнаеш … доўгае і шчаслівае жыццё, дзе святло вачэй і спакой” (Бар 3, 14). Вось гэтага так па-сапраўднаму хоча Бог. Даць чалавеку доўгае і шчаслівае жыццё.

І не трэба нам у гэтых намерах Усявышняга сумнявацца. Анёл з неба каля пустой магілы Збаўцы кажа кожнаму з нас: “не бойцеся” (Мк 16, 1-7), “чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос” (Лк 24, 1-12).

Ён уваскрос, каб ты і я мелі новае жыццё, дзе нават смерць больш не мае ўлады.

І дзякуй Богу, што гроб Хрыста пусты, а жыццё тваё няхай не будзе пустым, але ж напаўняецца верай ва Ўваскрослага.

Аллелюя!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

02 красавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі