Хто падае ў прорву блудніцы

 Трубчык Што больш горкае за смерць?

Самыя вялікія пакуты выклікае ў чалавека смерць, як яго блізкіх, так і яго ўласная. Бывае, чалавек, які разумее, што яму ўжо трэба памерці, адварочваецца ад усіх і ўсяго. Яму вельмі горка і балюча! Але вось Эклезіяст кажа пра тое, што ёсць нешта больш горкае чым смерць:

“Звярнуўся я сэрцам маім да таго, каб даведацца, даследаваць і знайсці мудрасць і розум, і каб ведаць бязбожнасць дурноты, невуцтва і шаленства, – і знайшоў я, што горш за смерць жанчына, таму што яна – сетка, і сэрца яе – сілкі, рукі яе – кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна” (Экл. 7:25,26).

Я адмыслова паглядзеў, што ж значыць слова “жанчына” ў арыгінале і вось як гэтае слова можа перакладацца з габрэйскай:

אִָֹשּׂה – 1. жанчына;
2. жонка;
3. самка;
4. кожная.

Скажам, мужчыны чакаюць, што жанчыны прынясуць ім слодыч, задавальненне, радасць … і раптам Эклезіяст сцвярджае, што жанчына нясе мужчыну горыч. І ўсё ж, у кантэксце Святога Пісання мы не можам казаць, што законная жонка з’яўляецца горыччу для мужа. Тут маецца на ўвазе тая жанчына, якая сцеле сеткі для мужчыны, ставіць сiлы. Гэта тая жанчына, пра якую гаворыцца ў сёмым разделе кнігі Прыпавесцяў: “І вось – насустрач яму жанчына ў строях распусніцы, з хітрым сэрцам, узбуджаная і неапанаваная; ногі яе не жывуць у доме яе: то на вуліцы, то на плошчах, і ля кожнага кута яна ладзіць ловы” (Прып. 7:10-12).

Эклезіяст кажа, што добры перад Госпадам уратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна. Грэшнік будзе піць гэтую горыч, якая горш за смерць. Некаторыя могуць пасмяяцца з гэтай думкі, але на самой справе гэта жудасны стан.

Хто падае ў прорву пад назвай “вусны блудніцы”?

Што ж гэта за добры чалавек, які ўратуецца Богам ад распуснай жанчыны? Бо яна ладзіць ловы, яна сама ёсць сеткай і многія заблытваюцца ў гэтыя сеткі. Для таго, каб зразумець гэта, трэба прачытаць яшчэ адно месца: Глыбокая прорва – вусны блудніц: на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды”. (Прып. 22:14).

Такім чынам, у гэтую глыбокую прорву падаюць тыя, на каго ўгневаецца Гасподзь. Апостал Павел адным сказам апісвае тых людзей, на каго Бог гневаецца: Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, якія ўціскаюць ісціну няпраўдаю” (Рым. 1:18 ). Людзі душаць ісціну! Гнеў Божы адкрываецца на людзей за гэта, і ён пагружае іх ва ўладу ўласных страсцей. Яны не могуць справіцца са сваімі страсцямі і не толькі трапляюць у сілы, расстаўленыя блудніцай, а пачынаюць распаляцца пахацінствам сваім адзін да аднаго.

Самая ж вялікая няпраўда – гэта ідалапаклонства. Гэта ганарыстасць чалавека. Чалавек сам з сябе сабе робіць ідала, абагаўляе сам сябе і пакланяецца сам сабе. Вось чаму сказана: Ці вы думаеце, што дарэмна кажа Пісанне: «Да рэўнасці любіць дух, які жыве ў нас»? Але тым большую дае мілату; таму і сказана: “Бог ганарлівым пярэчыць, а пакорлівым дае мілату” (Як. 4:5,6).

Сябры мае, чалавек, які ўсім сваім сэрцам зміраецца перад Богам і сваімі блізкімі, будзе выратаваны ад таго, каб піць гэтую горыч, якая горш смерці. Але той хто ў сваёй гардыні ўстае і топча іншых, у любы час можа зваліцца ў гэтую прорву, таму што яму пярэчыць Бог. І не думайце, што толькі няверуючыя людзі здольныя на ганарыстасць. Чытайце Біблію і вы ўбачыце, што нават набожныя цары сканчалі сваё жыццё бясслаўна, таму што заганарыліся.

Якія ж высновы? Будзем упакорвацца, падпарадкоўвацца Госпаду і адзін аднаму, а таксама гнаць ад сябе ўсякую ганарыстасць і бязбожнасьць.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

трубчик-портрет

Журналіст, пісьменнік, адказны рэдактар у часопісе “Крыніца жыцця” Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, прапаведнік і місіянер. Жанаты, мае 5 дзяцей.

31 жніўня 2015 | Блогі | Тэгі: , , ,



Блогі