Колькі год беларускаму школьніцтву?

адукацыяСпачатку я думаў, што гэты “ляп” належыць выключана газеце “Наша Слова”. Гэта яна ў нумары за 26 жніўня абвясціла, што сёлета спаўняецца “100 гадоў беларускамоўнай адукацыі новага часу”. Такая “шапка” на першай паласе. А на другой змешчана даведка з Вікіпедыі пад загалоўкам “Да 100-годдзя беларускай школы”.

Хацеў быў напісаць рэдактару “Наша Слова” ліст. Ажно разгортваю сёння апошні нумар “Нашай Нівы” і бачу тое самае: “Беларускаму школьніцтву сто гадоў”. Што цікава, пад гэтым загалоўкам друкуецца гутарка са спецыялістам у галіне гісторыі адукацыі Уладзімірам Ляхоўскім. Яшчэ цікавей тое, што пачаткі сучаснага беларускага школьніцтва Уладзімір Ляхоўскі, як і належыць адмыслоўцу, бачыць у 1908 годзе. Тады ў Сенненскім павеце, у маёнтку Гардзялкоўскіх, працавала  беларуская школка, у якой выкладаў Якуб Колас. У літаратуры ёсць таксама звесткі пра школку ў маёнтку Корсакаў (Дрысенскі павет) і ў маёнтку Прусан пад Крычавам (ці не сучаснае Прусіна гэта?).

Такім чынам, да прыходу ў 1915 г. немцаў у Заходнюю Беларусь (гэты тэрмін з’явіцца падчас І сусветнай вайны) у нашай краіне ўжо меліся першыя спробы арганізаваць беларускае школьніцтва. Мелася і пэўная база для навучання па-беларуску. Вацлаў Іваноўскі ў супрацы з Мар’янам Фальскім ды Карусём Каганцом падрыхтаваў першы беларускі лемантар лацінкаю і кірыліцаю (1906), а Цётка склала першую чытанку для дзетак беларусаў (1906). З’явілася і кніжка з прыродазнаўства – “Гутаркі аб небе і зямлі” (1907).  Але – падкрэслю – школкі былі нелегальныя.

З прыходам немцаў і з усталяваннем нямецкай адміністрацыі ў заходняй частцы нашай краіны (Віленская, Горадзенская і Менская губерні) беларуская мова – нароўні з ідышам, літоўскай і польскай – атрымала афіцыйны статус. На моцы дырэктывы Паўля фон Гіндэнбурга беларуская мова стала мовай навучання, а беларускія школы – легальнымі ўстановамі. Гэтая дырэктыва была выдадзена 22 снежня 1915 г., а апублікавана 16 студзеня наступнага года. Што праўда, засноўваць свае школы беларусы пачалі трохі раней. Да 16  снежня 1915 г. у Вільні былі адчыненыя школкі на Лукішках (Свята-Юрскі праспект, 44) і на Антокалі (Антокальская, 23). Яны – падкрэслю — былі цалкам легальныя.

Такім чынам, беларускаму школьніцтву спаўняецца сёлета 107 гадоў (калі лічыць школку ў маёнтку Гардзялкоўскіх самаю першаю). Да 1915 г. у нас меліся толькі нелегальныя школкі. Легальнаму ж, афіцыйнаму школьніцтву сёлета спаўняецца 100 гадоў. Што належала б адлюстраваць у загалоўках адпаведных публікацыяў у “Нашым Слове” і “Нашай Ніве”. Згадзіцеся, паміж выразамі “100 год беларускаму школьніцтву” і “100 год беларускаму легальнаму школьнцітву” маецца істотнае адрозненне.

P.S. На маю рэпліку “Колькі год беларускаму школьніцтву?” адрэгавалі некалькі чалавек.

Я пісаў у сваёй рэпліцы аб трох нелегальных беларускіх школках у Віцебскай і Магілёўскай губернях, пра якія мне было вядома з літаратуры. Ды вось гісторык і краязнаўца Лявон Лаўрэш паведаміў мне пра  дзве школкі ў Лідскім павеце Віленскай губерні. Значыць, нелегальнае беларускае школьніцтва мела большую шырокую геаграфію, чым я ведаў раней.

І ў той жа час адзін з маіх карэспандэнтаў піша: “Адзінкавыя нелегальныя школкі – яшчэ не школьніцтва”.

Што ж гэта мы, беларусы, такія, прашу прабачэння… Добра, не буду ўжываць слова, якога няма ў слоўніках Кандрата Атраховіча і Мікалая Бірылы. Палякі нелегальныя школы не выключаюць з гісторыі нацыянальнага школьніцтва, літоўцы – не выключаюць, палякі нелегальнымі школамі ганарацца, літоўцы – ганарацца… А мы?

***

І ў дадатак да тэмы.

Як вядома, у школах царскае пары настаўнікам катэгарычна забаранялася тлумачыць вучням значэнні тых ці іншых расійскіх слоў праз беларускую мову. Дзецям належала разумець іх значэнні на інтуітыўным узроўні. Беларуская не магла быць метамовай.

І ўсё ж у нашай старане была адна школа, у якой беларуская выступала як метамова. Гэта хатнія, сямейныя школы, у якіх дзяцей вучылі вядомыя нам з паэмы “Новая зямля” дарэктары.

Дарэктары былі і ў палякаў, і ў літоўцаў. Былі яны і ў беларусаў. Вось гэтыя хатнія, сямейныя школы можна было б назваць утраквістычнымі, дзвюхмоўнымі.

Значэньне дарэктарства нельга ігнараваць. У 1911 г. Антон Луцкевіч звярнуў увагу чытачоў “Нашай Нівы” на адзін парадокс: чым больш у беларуска-літоўскіх губернях было казённых школ, тым меншы быў у іх адсотак пісьменных. Сама больш казённых школ было ў Смаленскай і Магілёўскай губернях. І ў гэтых жа губернях было найменш пісьменных. Сама менш казённых школ было ў Віленскай губерні, і ў ёй жа быў самы высокі працэнт пісьменных. Дзе разгадка гэтага парадоксу? У сялянскіх хатніх школах. У дарэктарстве, якое распаўсюдзілася на захадзе і паўночным захадзе Беларусі.

Дарэктарства – той інстытут, якога не ведалі расійскія сацыяльныя нізы. Затое расійскія сацыяльныя нізы ведалі, што такое ўрадавыя харчовыя пазыкі. Беларускае сялянства ўмела і само сябе накарміць, і само даць сваім дзецям хоць бы азы граматы. Гэта таксама падстава для гонару.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.

13 верасня 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі