Крыж без Хрыста, як мёртвы Хрыстос, сэнсу не мае

4028e2850c9b9e6f701db03beaa41581_h-21879

Крыж без Хрыста не мае сэнсу. Праўда крыжа, адарваная ад праўды ўваскрашэння, з’яўляецца падманам, яна вельмі эфектыўна прапаведуецца тымі, хто хоча зрабіць чалавека сабе падуладным.

Хрыста без крыжа таксама не існуе. Няма такой магчымасці паяднацца з Хрыстом, не знайшоўшы гармоніі з сваім крыжом — жыцця. Праўдзівае зразуменне і ўспрыняцце Хрыста магчыма толькі ў спалучэнні з выкананнем слоў самаго Збаўцы: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною” (Мк 8,34).

Зразумела, хрысціянства прапаведуе збаўленне, і яго чалавек атрымоўвае выключна дзякуючы веры ва ўваскрослага Хрыста, як кажа Апостал Павел, каб ніхто не мог пахваліцца. Да Эфесцаў ён піша: “Вы ж збаўленыя ласкаю праз веру. I гэта не ад вас, гэта Божы дар. I не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся” (Эф 2, 8-9).

Вера – гэта “ўсё” для хрысціяніна. Але, як тлумачыць Апостал Якуб: “вера без учынкаў мёртвая сама па сабе” (Як 2,17).

Інакш кажучы, не той хрысціянін, хто кажа: “з намі Бог», не той, хто разважае і ганарыцца духоўнымі скрэпамі, не той, хто выкрывае амаральнае жыццё іншых, не той, хто скажа: “я – католік, а я – праваслаўны” і, канешне, не той, хто цвердзіць, што ён “праваслаўны атэіст”; але той, хто з верай у перамогу жыцця над смерцю, бярэ свой крыж і, бачачы перспектыву трыўмфавання ў Валадарстве Божым, адважна нясе свой крыж і дзеля гэтага ўжо сёння гатовы прызначыць сваё жыццё нават на незласлаўленне. І песня слугі Яхвэ з кнігі прарока Ісаі становіцца яго ўласнай песняй : “Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду маю. Аблічча свайго я не адвярнуў ад зняваг і аплявання” (Іс 50, 6-7).

Ці такое магчыма ў нашым свеце?

Але ж так толькі пры выкананні адной умовы. Чалавек павінен вызнаць веру на ўзор Пятра. Ён жа адказваючы на пытанне Збаўцы: “а вы кім лічыце мяне?” – адказаў лаканічна: “Ты — Хрыстос» (Мк 8,29).

Вера ў Ісуса як Хрыста, Місію, Божага пасланца, які прышоў у гэты свет, успрыняцце Яго як выключнага і свайго асабістага Збаўцу дае магчымасць атрымаць падабенства да Яго, якое праяўляецца ва ўчынках, здзейсненых веруючым.

Дзякуючы такой веры ва ўваскрослага Хрыста, і крыж мае сэнс, бо і Хрыстос не ёсць сярод памерлых, бо Ён жывы. А свет ніколі не будзе ў стане Хрыста пахаваць, бо жывая вера хрысціянаў не дазволіць таго зрабіць.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Барок

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

17 верасня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі