Куды падзеўся сапраўдны лібералізм?

svoboda_slova

Чарговы раз прадстаўнікі, здаецца, прагрэсіўнай і ліберальнай грамады пішуць, што вернікі і папы не могуць ні ў ва што ўмешвацца, што не тычыцца ўнутрыцаркоўных спраў. Выглядае на тое, што яны зусім забылі і Канстытуцыю, і Сусветную дэкларацыю правоў чалавека і нават зусім і не лібералы.

Любы чалавек можа выказвацца на любую тэматыку і пісаць любыя звароты. Гэта прапісана ў асноватворчых дакументах як ААН, гэтак і Беларусі.

Куды падзелася прыпісваемая Вальтэру і паўтараемая да месца і не фраза: «Я не згодны ні з адным словам, якое вы кажыце, але гатовы памерці за ваша права гэта казаць»? Чаму сённяшнія лібералы імкнуцца забараняць цэлым групам іх канстытуцыйныя і агульначалавечыя правы на свабоду слова? Ці ад лібералізму засталася адно шырма, а ўнутры — сацыялізм з усімі яго забаронамі і абмежаваннямі ў мэтах «цудоўнага новага свету»? А гледзячы на некаторых мы ўжо неўзабаве дойдзем і да арыштаў за думказлачынства ў стылі «1984».

Мы можам не згаджацца ды спрачацца з патрабуючымі і іх зваротамі (як, напрыклад, я нязгодны з самымі гучнымі зваротамі апошніх дзён), але мы не можам забараняць людзям выказвацца. Гэта антыдэмакратычна, антыканстытуцыйна, антыліберальна ў першапачатковым сэнсе лібералізму.

Казаць, што месца папам, вернікам і царкоўнікам, якія валодаюць як грамадзяне ўсёй паўнатой канстытуцыйных правоў, толькі ў царкве, гэта як казаць, што месца жанчын — на кухні і з дзецьмі. Што футбалісты не маюць права выказвацца не пра футбол, музыкі — не пра музыку. Але ж так ніхто не кажа. Аднак цкаваць цэлыя групы на падставе іх рэлігійнай ці канфесійнай прыналежнасці — ужо даўно не маветон для сённяшняй прагрэсіўнай публікі.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

maksim

Журналіст, галоўны рэдактар КРЫНІЦА.INFO

11 верасня 2018 | Блогі |



Блогі