Курсы Дыджэяў Адраджэньня. Выпрабаваньне – Высадка з парашутам. Аб’ект – Глыбокае

глыбокаеІ вось надыйшоў мне час высаджвацца з парашутам. Аб’ектам высадкі было абрана мястэчка Глыбокае, што мае слаўную 600-гадовую гісторыю і безьліч цікавостак як у архітэктурным, так і ў культурным плане.

5.20 – пад’ём з ложка. Менавіта ў гэты час правяраеш сваю сілу волі, прагу да перамогі і не зважаеш на зьдзіўленыя вочы родзічаў і іх пытаньні, куды гэта я сабраўсяJ

7.20 – вакзал, сядаю ў маршрутку, і пачынаецца Дарога… Працуючы экскурсаводам люблю Дарогу, вандроўкі, бясконцыя кіламетры падарожжаў… Калі едзеш – заўжды цікава глядзець у вакно, разглядаць і стасавацца з выпадковымі спадарожнікамі, абдумваць нейкія свае думкі, марыць…

9.55 – мяне сустракаюць. Дзяўчына Леся ветліва махае мне рукой і адбываецца наша неінтэрнэтнае знаёмства. Часам Бог дасылае нам людзей, так атрымалася і тут. Выпадкова знайшоў чалавека ўкантакце, а апынулася, што менавіта тут і цяпер ён мог мне дапамагчы.

Леся працуе настаўніцай замежных моў у Глыбоцкай школе і ласкава пагадзілася дапамагчы мне арганізаваць Шоў Беларушчыны ў яе школе, але туды мы накіраваліся не адразу…

Спачатку мы пайшлі аглядаць мястэчка, і была ў нас місія – 2 гады я марыў пабачыць Калёну. Так, тую самую, якую ўсталявалі ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791… Стаіць яна на велічным пагорку сярод каталіцкіх могілак, але тыя зьявіліся пазьней за яе. Прыгожая, велічная, нясучая памяць пра продкаў праз стагодзьдзі… Ля яе адбылася цікавая спрэчка паміж каталіком і пратэстанткай. Вось уявіце карціну: я і Леся, нашы рэлігійныя дэбаты, калёна… Карацей – прывітаньне ХХІ стагодзьдзеJ

За плённай гутаркай час мінае незаўважна і надыйшла пара адпраўляцца ў школу. Школа апынулася невялікая, але вельмі ўтульная. Мой занятак быў не адразу, таму ў мяне быў час азнаёміцца з школьнай сталоўкай і бібліятэкай.

У сталоўцы здарыўся сьмешны выпадак. Замовіў сабе суп з бульбай і рысам, пяльмені (яны тут былі як другое – штук 10 у талерцы, палілі алеем), гарбату, булку і 3 кавалкі хлеба. Ведаеце, колькі я за гэта аддаў? Не паверыце, 8400… 8400!!! Адразу зьялілася думка пераехаць сюды жыцьJ Дык вось, калі я аплаціў і сеў за стол, то ўзьнікла жаданьне сфоткаць свой абед, каб пасьля паказаць усяму Менску мясцовую ежу і кошты. Дык вось – маё фатаграфаваньне заўважылі супрацоўнікі сталоўкі і, не падыйшоўшы да мяне, хутка адправілі жанчыну на ўрок да Лесі высьветліць, ці не зьяўляюся я нейкай таямнічай праверкайJJJ

Бібліятэка мне вельмі спадабалася: маленькая, утульная, мноства розных кніг і малыя дзеці, што за імі прыходзілі…

Урок быў для двух сёмых класаў і гэтай былі найфайныя 45 хвілін! Дзеці апынуліся ні разу не слабейшымі за сваіх аднагодкаў са сталіцы, і ведучы сваё 54 Шоў атрымліваў шчырую асалоду ад працы зь імі. Пытаньні браліся на ўра, падарункаў было раздадзена два дзясяткі, а перамога дасталася камандзе з перавагай усяго ў адзін бал… Сапраўднае Шоў. Шоў Беларушчыны.

Мне вельмі спадабалася мястэчка і яго жыхары, архітэктура, школа, дзеці, якія так прыязна мяне сустрэлі і паабяцалі, што абавязкова будуць чакаць яшчэ.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

дзюсекаў

Каталік. Нарадзiуся у Мінску, скончыу БДПУ iмя М. Танка. Гiсторык, палiтолаг, экскурсавод. Заснавальнiк праекту дабрачынных экскурсiй па Мінску “Вандроўкi ў мінулае”.

24 лютага 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі