Левых у польскім парламенце няма

флаг польши

Пра тое, што польскі Саюз левых дэмакратаў (Sojusz Lewicy Demokratycznej, СЛД) наўрад ці адолее 5-працэнтавы бар’ер падчас выбараў у Сойм, ніжнюю палату польскага парламенту, папярэджвалі яшчэ перад выбарчай кампаніяй. Мне даводзілася, спасылаючыся на польскія крыніцы, пісаць, што СЛД, усё ж спадзеючыся на 5 і трохі больш адсоткаў, не жадаў кааліцыі з іншымі левымі партыямі, бо для кааліцыі законам ўстаноўлены больш высокі парог – 8 працэнтаў.

У рэшце рэшт у чэрвені 2015 г. усё ж была створана кааліцыя Аб’яднаныя левыя (Zjednoczona Lewica), у якую, апроч СЛД, увайшлі Унія працы, Польская сацыялістычная партыя, Партыя зялёных і Твой рух (рэшткі некалі слыннага Руху Палікота і іншых груповак).

Узначаліла новую кааліцыю Барбара Навацкая (Nowacka), дачка славутых бацькоў (нарадзілася ў 1975 г.), інжынер-праграміст і менеджар паводле адукацыі. Яна ўваходзіла ў Унію працы, потым у Рух Палікота, цяпер у Тваім руху. Жыве не з мужам, а з партнёрам, гадуе дачку і сына. Выступае за права на аборт, за права жанчын, у тым ліку адзінокіх, на пазаматачнае апладненне, за аднаполыя шлюбы.

Здавалася б перадавая, як на цяперашнія меркі, прагрэсіўная асоба, але назіральнікі адзначаюць той факт, што за правых, за партыю Права і справядлівасць (ПіС), якая выступае за традыцыйныя каштоўнасці, галасавала на сёлетніх парламенцкіх выбарах моладзь. Дый прэзідэнт Анджэй Дуда, абраны сёлета, – таксама традыцыяналіст. І ён меў значную падтрымку моладзі.

Мо не на тое звярнулі ўвагу польскія левыя? Мо не аборты, пазаматачнае апладненне і аднаполавыя шлюбы павінны стаяць у іх на першым месцы? Пра гэта пішуць і польскія назіральнікі. Яны адзначаюць, што па-за ўвагай Аб’яднаных левых апынуліся рабочыя, беспрацоўныя, пенсіянеры, інваліды. Выпушчана з-пад увагі тое, што сацыяльныя нізы больш кіруюцца традыцыйнымі каштоўнасцямі.

Абойдзеныя увагай і клопатам сацыялістаў, польскія сацыяльныя нізы ахвотней галасавалі сёлета за правых, за ПіС, а тыя, хто гатовы вінаваціць за сваю неўладкаванасць іншародцаў, Еўрасаюз і г. д., тыя, да каго так і не дайшлі левыя, каму яны не патлумачылі прычыны іхніх крыўд і бед, галасавалі за больш правых – за выбарчы камітэт даволі вядомага акцёра-вакаліста, аўтара песень Паўла Кукіза (Kukiz), які сёлета на прэзідэнцкіх выбарах набраў больш за 3 мільёны галасоў выбаршчыкаў і заняў 3-е месца. На парламенцкіх   выбарах камітэт Кукіза таксама заняў 3-е месца (8,81% галасоў) і атрымаў 42 мандаты.

У цэлым правыя (ПіС і камітэт Кукіза) маюць у 460-асабовым Сойме 277 крэслаў.

“Права і справядлівасць” дасягнула і поспеху, і перамогі, бо ў яго 235 мандатаў. Партыя можа кіраваць Польшчай самастойна. Але і падтрымка Паўла Кукіза партыі Яраслава Качынскага вельмі спатрэбіцца.

Параза ліберальнай Грамадзянскай платформы (ГП; Platforma Obywatelska) на чале з прэм’ерам Эвай Копач не стала нечаканкай. Наадварот, многія думалі, што партыя, якая апошнія гады кіравала краінай, набярэ менш за 20 адсоткаў галасоў. Яна ж набрала трохі больш за 24 працэнты і атрымала 138 мандатаў.

Прычыны паразы ГП розныя. Галоўныя ж зводзяцца да таго, што кабінет экс-прэм’ера Дональда Туска (ён цяпер працуе ў Еўрасаюзе) быў надта паслухмяны  Бруселю і вельмі не жадаў канфліктаваць з Масквой. Да гэтага дадаюцца сацыяльныя праблемы, якія непазбежна ўзнікаюць пры панаванні лібералаў.

Праўда, кансерватары маюць апазіцыйную сілу і ў асобе партыі Сучасная (Nowoczesna), якая была заснавана сёлета старшынёй Таварыства польскіх эканамістаў Рышардам Петру (Petru). Гэтая маладая партыя атрымала 28 мандатаў. Не выключана, што Сучасная будзе блакавацца ў Сойме з Грамадзянскай платформай. Магчыма, да іх далучацца 16 паслоў Польскай сялянскай партыі (Polskie Stronnictwo Ludowe, ПСЛ), якая ледзь-ледзь адолела 5-адсоткавы бар’ер і лідэры якой не трапілі ў Сойм. І невядома, каму будзе аддаваць перавагу 1 пасол ад нямецкай нацыянальнай меншасці (ад беларусаў і ўкраінцаў паслоў у Сойме няма.)

Упершыню ў гісторыі Польшчы (гісторыі з моманту аднаўлення польскай дзяржавы ў 1918 г.) у яе парламенце няма левых. Пра адны прычыны паразы польскіх левых я ўжо напісаў. Ёсць і іншыя. Гэтая няспынная “грамадзянская вайна” ўнутры левых партый і груповак, асабліва ў вядучай партыі – Саюзе левых дэмакратаў. У 2001 г. партыя атрымала ўражальную перамогу – больш за 40 працэнтаў галасоў. І гэтая перамога прынесла партыі паразу ў 2005 г., бо да СЛД, у які мог запісацца кожны, хто хацеў, прымазаліся кар’ерысты і проста авантурысты і зладзеі. Вынікам стала тое, што ў 2005 г. партыя атрымала 11 працэнтаў галасоў. Адбылася змена пакаленняў у кіраўніцтве. Партыю ўзначаліў Войцех Аляйнічак (Olejniczak), здаецца, самы малады ў гісторыі Польшчы міністр. Аднак у 2008 г. свайго равесніка не без інтрыгі змяніў генеральны сакратар Гжэгаж Напяральскі (Napieralski). Аднак і Напяральскі, які на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. набраў больш за 2 млн. галасоў і заняў трэцяе месца, нядоўга пабыў старшынёю партыі. У 2011 г. яго змяніў старшыня партыі і прэм’ер-міністр на пачатку стагоддзя Лешак Мілер (Miller), пры якім аўтарытэт партыі і сацыялістычнага ўраду скаціўся амаль па плінтуса. Пры старым новым кіраўніку былога старшыню Напяральскага спачатку выключылі з партыі, потым аднавілі ў ёй, але забаранілі займаць кіраўнічыя пасады…

Саюз левых дэмакратаў на чале з Мілерам надта доўга думаў, заключаць яму саюз з іншымі левымі партыямі ці не, а Аб’яднаныя левыя не здолелі дайсці да сваіх мэтавых груп. Да таго ж у каталіцкай Польшчы лідарам новай кааліцыі стала надта левая дзяячка (як на маю думку, хутчэй не левая, а лявачка).

А што тычыць былых маладых старшыняў Саюзу левых дэмакратаў, дык Войцех Аляйнічак працуе цяпер памочнікам кіраўніка Нацыянальнага банку Польшчы, а Гжэгаж Наперальскі абраны ў роднай шчэцінскай старане сенатарам Рэспублікі Польшча. Абраны пры падтрымцы Грамадзянскай платформы. Левых, партыйных левых, у польскім парламенце няма.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.

30 кастрычніка 2015 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі