Любоў непераможная

Апошнім часам стала часта натыкацца на афарызмы, якія пачынаюцца са слоў “Сапраўдная любоў — гэта…”. Цікава, што многія маюць сваё досыць катэгарычнае азначэнне сапраўднай любові. Мне не падабаецца такі пачатак фразы, таму што ніхто з нас не можа вызначыць крытэрый сапраўднай любові, бо яна дадзена нам ад Бога. І адзін чалавек можа пры гэтым пакутваць, радуючыся ўнутрана, другі можа адчуваць уздым штодня, а трэці можа сваёй любоўю ратаваць іншага.
любовь-непобедімая

Любоў — гэта дар Божы. І Бог, як Істота суб’ектыўная, адорвае кожнага па-свойму. Можна шмат казаць пра тое, чым адрозніваецца любоў, дадзеная ад Бога, ад любові, якую мы самі сабе ствараем у нашых галовах і сэрцах. Але галоўны крытэрый, да якога я прыйшла, гэта тое, што Любоў-падарунак нікуды ад нас не сыходзіць. Яна пакутвае, ахвяруе, перажывае, плача, церпіць пераплаўку, але застаецца побач з намі, падымаецца з кален і ідзе далей.

Я заўсёды прасіла ў Бога, каб Ён навучыў мяне любіць па-сапраўднаму. Хацела, каб мая любоў нарэшце стала доўгацярплівай, міласэрнай і не шукала свайго. Заўжды трэба асцярожна прасіць у Бога любові, бо тады Ён пасылае чалавека, якога трэба палюбіць не эмацыйна, а любоўю Хрыста. Калі Бог паставіў мяне на шлях любові, то раптам ніадкуль з’явіліся перашкоды і хібы, якія ты наўпрост не можаш пераадоліць. Ты — не. Але любоў можа ўсё.

Любоў перамагае страх

Любіць шчыра заўсёды страшна. Колькі б не казалі, што, маўляў, нельга аддаваць сваё сэрца нікому, але калі любіш, то вымушаны адкрываць вароты свайго сэрца. Інакш любіць шчыра проста немагчыма. Асабліва страшна любіць чалавека, які можа зрабіць табе балюча. Страшна адкрываць і давярацца.

Калі Бог даў табе гэтую любоў-падарунак, то прыходзіць разуменне, што гэтае выпрабаванне трэба проста прайсці. Вельмі цяжка паверыць у тое, што калі ты пойдзеш насуперак усім абставінам, то пераможаш. Але калі ты будзеш паступаць згодна хрысціянскай любові, то не памылішся ніколі. А гэта азначае толькі тое, што ты ніколі не адыйдзеш ад Божага плану на сваё жыццё.

Любоў перамагае уласнае “Я”

Яно найперш праяўляецца ў жаданні валадарыць чалавекам. Але любіць не азначае валадарыць. Калі ты пачынаеш любіць, то пачынаеш змагацца з уласнымі хібамі, якія робяць некаму балюча. Толькі любоў можа мяняць чалавека па-сапраўднаму. І калі ты бачыш, што цябе прымаюць такога, які ты ёсць, — з усімі хібамі (нават, калі яны робяць іншаму балюча), то пачынаеш мяняцца. Мяне падштурхнулі да гэтага аднойчы паднятыя на мяне вочы, поўныя болю. Я зразумела, што не хачу болей рабіць балюча ні свядома, ні падсвядома. І адчула, як неверагодных памераў пакора стала таптаць маё сэрца, распінаючы ўласнае “Я”.

Распінаем мы нашае “Я” і тады, калі прыйшоў час адпускаць. Бо, часам, людзі-падарункі ад Бога нам дадзеныя не на заўсёды. Яны толькі паказалі нам, як трэба любіць. Можа быць, у тваім сэрцы нараджаецца крыўда на нядаўна такога блізкага чалавека… Але радавацца з таго, што твая любоў дзесьці загаіла раны іншаму і пераплавіла тваё сэрца, — гэта мастацтва, якому табе ўсё адно рана ці позна прыйдзецца навучыцца.

Любоў перамагае маўчанне

Часам падаецца, што родныя людзі раптам становяцца чужымі. Усе размовы перагавораныя, справы пераробленыя, душы параскрытыя, а добрыя словы ўсе сказаныя. Я згодная, што гэта добры выпадак, каб Бог змог развесці непатрэбных людзей. У мяне такія сітуацыі былі не аднойчы.

Але, часам, такія выпрабаванні дадзены нам і дзеля таго, каб узмацніць нашую любоў. Здарылася такое і з дарагой мне сяброўкай. Я думаю, што мы і разышліся б так, калі б аднойчы яна проста не прыехала да мяне ў госці пасля доўгай адлігі, не ўзяла і нахабна б не заварыла сабе гарбаты, ўзяўшы з палічкі мае цукеркі, і не стала б вымучана на мяне глядзець. Гэта прымусіла мяне першы раз у жыцці выказаць усе схаваныя крыўды, а сяброўцы — падзяліцца болем, якія я, не ведаючы таго, прынесла ёй. Так любоў, якая была ў нашым сяброўстве, перамагла маўчанне, якое ўжо было прыжылося.

Любоў перамагае рэўнасць

Я адкрыла для сябе, што я досыць раўнівы чалавек. Хочацца мне быць адзінай і асаблівай — і ўсё на гэтым. А яшчэ мне хочацца, каб са мной былі 24 гадзіны ў суткі. Зараз, канечне, я ўспрымаю свае заявачкі з іроніяй. Але тое, што ты раўнівы, прызнаеш далёка не адразу. Спачатку ты робіш з сябе ахвяру, маўляў, я столькі-та зрабіла для гэтага чалавека, а ён невядома з кім час праводзіць… І такія думкі толькі накопліваюцца, а пасля…абдываецца выбух за выбухам і крыўды за крыўдамі. Каб перамагчы рэўнасць, варта проста паверыць таму, хто кажа або дае зразумець, што любіць. Не варта ўставаць у позу цукарніцы, кажучы пры гэтым: “Ну давай, пакажы мне, дзе твая любоў?”, а варта проста паверыць. За даверам прыйдзе супакой. А за супакоем упэўненасць, якая і знішчыць рэўнасць.

Любоў перамагае боль

Калі чалавек нам дарагі, то, натуральна, мы агаляем перад ім сэрца, а значыць становімся ўразлівым. Менавіта родныя людзі могуць зрабіць нам балюча. І гэты боль больш балючы за ўсялякі іншы. Падаецца, што нож рэзануў так глыбока, што рана ўжо ніколі не загоіцца. Пад час болю хочацца збегчы. Хочацца памяняць усё кардынальна. Хочацца крычаць: “Я так больш не магу”. І ўпрынцыпе гэта лагічна. Кожны чалавек хоча сябе нейкім чынам абараніць.

Калі я прымала рашэнне аб павароце назад, боль праходзіў. Але разам з сабой ён забіраў і мір на сэрцы. І, паблукаўшы па сцежках жыцця, ты зноўку вяртаешся ў цёплыя далоні з дакладным рауменнем таго, што мяняць трэба толькі сябе, бо праз боль мы ачышчаемся.

Боль вучыць нас таму, што не варта ад любімых і дарагіх людзей чагосьці чакаць. “Як жа любіць так, каб не шукаць свайго?” – запытала аднойчы я ў святара. На што ён адказаў мне: “Любіць, цярпець выпрабаванні, затым зноўку цярпець, пасля зноўку любіць, пасля зноўку цярпець, і тады, толькі тады ты навучышся гэтаму”. Цярпець боль, перакрочваць яго і рабіць з яго высновы – напэўна гэта і ёсць шлях да любові, якая не шукае свайго. Наогул, мы заўжды маем выбар — любіць або не любіць. Але калі ты распяты разам з Хрыстом, то фактычна іншага выбару ў цябе няма, толькі як любіць, ахвяруючы.

Любоў перамагае грэх

Усе мы памыляемся. Усе мы падаем. Але не ўсе мы давяраем адно адному свае непрыгожыя твары. У асноўным дарагія нам людзі могуць іх пабачыць, калі мы грашым. І толькі любоў можа зрабіць так, каб гэты непрыгожы твар больш ніколі не ўсплыў у памяці, насупраць, каб па ім правялі рукой, сказаўшы:“твой твар — самы прыгожы”. На маю думку, гэта самае цяжкое выпрабаванне для любові. Як пераадолець наступствы пасля грэху — разам ці па асобку — ад гэтага таксама будзе залежыць, ці была вашая любоў сапраўднай.

І яшчэ крыху пра Любоў…

Але ж любоў можа на час і схавацца, пакуль кожны з вас не пераадолее свае слабасці і не зразумее, які падарунак быў, аказваецца, дадзены. І дзеля чаго ён быў дадзены — каб застацца ў вас на руках на векі вечныя, або каб навучыцца нарэшце прымаць падарункі, — пакажа толькі час.

У любым выпадку, прайшоўшы кіламетар шляху даўжынёю ў жыццё, я зразумела, якое гэта шчасце — любіць. І не таму, што так заўжды пішуць у разумных кніжках і кажуць у глыбокіх фільмах. Ты радуешся, бо так ты набліжаешся да святасці, бо такім чынам ты радуеш Таго, Хто любіць цябе бязмежна.

У мяне заўсёды былі праблемы з даверам да Бога. Я не магла аддаць Яму ў рукі сітуацыю, якая мяне хвалюе. І толькі, калі я стала вучыцца любіць, я навучылася давяраць і адпускаць праблемы. А пакуль можна падумаць над паводзінамі, перайсці на іншую прыступку сваёй духоўнасці, пагуляць у самоце па заснежаных вуліцах і чакаць перамогі. Бо Любоў пераможа ўсё. Бо Любоў ёсць Бог.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі

17 снежня 2015 | Блогі |



Блогі