Людзі не гатовыя прыняць Маціна без ІДІЛ

Орландо

Учора пабачыла пост сябра, якога лічу вельмі мудрым чалавекам, што трагедыі кшталту таго, што адбылося ў Арланда, здараюцца, калі такія людзі, як Амар Мацін, патрапляюць пад уплыў такіх людзей, як Павел Севярынец.

Я не магу з гэтым пагадзіцца, бо гэта непараўнальныя людзі, але з усяго, прачытанага ўчора цягам некалькіх гадзінаў пра трагедыю ў Фларыдзе, зрабіла выснову: грамадская думка не гатовая прыняць Маціна без ІДІЛ.

Незалежна ад таго, ці быў ён захоплены іділаўшчынай, ці прыносіў прысягу джыхадзістам, ці павярнуўся на радыкалізме, – мяркую, усё ж вердыкт будзе вынесены, што справа тут у ІДІЛ. Інакш проста мозг сучаснага чалавека ўзарвецца і не адолее асэнсаваць – чаму Мацін такое зрабіў.

Сярод мноства каментаў, пакінутых узрушанымі амерыканскімі карыстальнікамі сеціва пад паведамленнем пра расстрэл гей-клуба ў Флорыдзе, моцна зачапіў адзін: чалавек абураецца тым, што геям, якія цягам года мелі палавы кантакт з “асобай свайго пола”, забаронена здаваць крывю пацярпелым. Такое рашэнне медыкаў моцна абурыла жыхароў Арланда. Мне ж дзіўная гэтая забарона тым, што ледзь не ўпершыню з’явілася нейкая спроба правесці мяжу. Пазначыць дакладна словам “забаронена” нешта, што звязанае з ЛГБТ. Прычым – на ўзроўні крыві.

Даючы сваім адэптам запаведзь “Не забівай!”, хрысціянства пакідае за імі права забіваць, як і права выбару – забіваць ці не.

Пераконваючы свет у сувязі Маціна з ІДІЛ, амерыканскія сілы бяспекі і ўлады пазбаўляюць чалавека права на гамафобію, якое вынікае, усё ж такі, не з тэарэтычных канструктываў, і не з Бібліі, а з чагосьці фізіялагічнага, на ўзроўні “ўнутранага звера”. Нягледзячы на тое, што ІДІЛ узяла на сябе адказнасць за растрэл клуба і за дзеянні Маціна, гэтую “тонкую срабрыстую нітку” сувязі нават ФБР называе пакуль што невідавочнай.

Гаворачы пра ўплыў на Маціна якойсьці ідэялагічнай плыні, грамадская думка пазбаўляе яго права на экзістэнцыйны крок, выкліканы асаблівасцямі ўнутранай псіхалагічнай канстытуцыі.

Я не разумею Маціна ў эпізодзе, калі ён уваходзіць у клуб і пачынае страляць. Страляў на паражэнне – са шчыльным паданнем целаў – ён хвіліну. Пэўна, гэта быў момант яго… шчасця, кайфу, не ведаю, якімі словам назваць гэтае берсеркерства. Далейшая перастрэлка цягам трох гадзінаў – гэта банальнае змаганне за жыццё альбо за аддаленне канца.

Але я разумею Маціна ў эпізодзе двухсемясчнай даўніны, калі ён з бацькам, жонкай і дзіцем гуляў і пабачыў геяў, якія цалаваліся. Бацька кажа, што Мацін тады шалёна выйшаў з сябе, абураўся, маўляў, геі цалуюцца на вачах у яго сына. А пасля, кажа бацька, яны пайшлі ў прыбіральню, і там таксама мужчыны чапалі адзін аднога за розныя месцы, і Мацін яшчэ болей раз’юшыўся.

Большасць людзей спусціла б гэтую сітуацыю на гумары.

Я не ведаю, і ніхто не даведаецца ўжо, як ён жыў месяцы паміж першым эпізодам і другім. Альбер Камю напісаў кніжку “Чужаніца” пра такі “завіслы” стан, і цяпер не пакідае адчуванне, што, магчыма, гэтая кніжка – пра Маціна. Бацька не апавядае, ці рабіў Мацін заўвагі тым геям, ці яны яго пасылалі, ці ён моўчкі пайшоў і адчуў сябе назаўсёды пасланым. Магчыма, ён рыхтаваўся, магчыма, чакаў, калі надыйдзе чэрвень, – месяц “гонару ЛГБТ”, калі паўсюль ідуць гей-парады, магчыма, ведаў, што – паедзе і зробіць. Наўрад ці гэта была адно эмоцыя, у яго ж былі дзве гадзіны за стырном паміж сваёй цёплай хатай і расстрэльным месцам.

Былая жонка кажа, што ён неўраўнаважаны псіх і біў яе, але ж ён цяпер жанаты на іншай, і яе старонка ў фэйсбуку адразу пасля трагедыі яшчэ расчынялася і не была заблакаваная. У каментах амерыканскія фэйсбучныя кажуць, што там было нешта гамафобскае.

Мужчыны са зброяй заўжды пакідалі вакол сябе горы трупаў, і ніхто не адмовіў ім у баладах і ўхвалах, з гэтага паўстала культура. Вось цяпер яшчэ адзін мужчына, нягледзячы на высокае развіццё цярпімасці і адкрытасці на іншае, ізноў пакінуў па сабе гару трупаў.

За дзень у тым жа Арланда забілі спявачку, якая казала, што яна хрысціянка. А праз дзень мусульманін забіў у тым жа горадзе паўсотні людзей, што прыйшлі танчыць у гей-клуб. Я не бачу і не шукаю тут сувязі, не думаю, што Маціна натхніла трагічная смерць Крысціны Грымі, ці што іншае натхніла, напрыклад, той факт, што яе руды забойца з тыповым тварам праехаў больш за сто кіламетраў, каб забіць яе. Проста гэта сталася у адным горадзе, і гэта настолькі па-кніжнаму, па-кіношнаму, што найбольш драпае фотаздымак юнака з плакатам “Маліцеся за Арланда”.

Ці верыць ён у Бога, гэты юнак, ці гэта проста мантра-заклінанне, на манер “Божа, уратуй каралеву”? Каменты амерыканцаў у фэйсбуку вельмі аднолькавыя, спрэс адно і тое ж: “Гарэць табе ў пекле, монстр”. Няўжо раптам усе гэтыя людзі паверылі ў пекла? Ці верылі ў яго і раней? Ці гэта проста таксама мантра-заклінанне, фігура маўлення? Ці, можа, гэта сам Мацін сваім учынкам матэрыялізаваў панятак – пекла, таму людзі крыху прымоўклі і прыспусцілі дзяржаўныя сцягі.

Дарэчы, у сеціве ўжо з’явіліся фанацкія суполкі Маціна.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

210 (1)

Аўтар krynica.info, каталічка, перакладчык, маці двух дзяцей.

13 чэрвеня 2016 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі