Маладосць праходзіць, дзе ж мой любы бродзіць

para-gulajetНеўзабаве мне споўніцца 21 год. Я маладая дзяўчына, жыву ў вялікім горадзе Варшаве побач з тысячамі такіх жа маладых і прывабных хлапцоў.  Па мерках маіх сваякоў, я ўжо даўно павінна сабе кагосьці знайсці, бо ў такім узросце ўжо “паложана” мець, як кажа бабуля, чалавека. Толькі вось ёсць адна для іх (не для мяне) праблема: я не хаджу на спатканні.

Для мамы маё адзіноцтва – сапраўдная праблема. Яна баіцца, што я застануся сама на ўсё жыццё, тата ж кажа, што на маёй магілцы будуць скакаць жабы. Насамрэч, у мяне былі хлопцы, з якімі я была шчаслівай. Толькі ў пэўным моманце мне цюкнула ў галаву, што ўсё такое сустраканне зусім не мае сэнсу.

У такім светапоглядзе мяне падтрымаў мой добры сябар. Маўляў, не будзе сустракацца з дзяўчынай, калі не хоча з ёй ажаніцца. Ён параіў мне да прачытання адну кнігу пад назвай “Я развітаўся са спатканнямі”. Гэта кніга мяне забівала, катавала, напружвала, даставала і ў рэшце рэшт задзяўбала. Аднак менавіта гэтая кніжка яшчэ раз упэўніла мяне ў тым, што са спатканнямі варта завязаць.

Я шчыра веру ў тое, што мы аддаем людзям часткі сваёй душы і свайго сэрца. Успомніце цяпер усіх людзей, з якімі вы фліртавалі, сустракаліся, трымалі іх за руку. Кожны раз вы аддавалі ім свой час, пяшчоту, сябе. Да вас гэта ўжо напэўна не вернецца. Што ж тады ў вашым сэрцы астанецца для будучага мужа ці жонкі?

Сёння модна з кімсьці сустракацца. Мець каму патэлефанаваць на перапынку, да каго заехаць на гарбату ці каго проста пацалаваць. Толькі ў гэтым як бы губляецца ўвесь сэнс адносінаў. Мець кагосьці побач, каб проста мець? Штосьці не так. Толькі цяпер я зразумела, як шмат памылак зрабіла. Я дазволіла маладому чалавеку ўвайсці ў сваё жыццё, быць са мной побач, кахаць мяне. Я адчыніла яму свае дзверы, хоць з самага пачатку была ўпэўнена, што з нашага сустракання нічога не атрымаецца. Ці ж не выкарыстанне гэта было?

Чаму я сабе дазволіла пакарыстацца чалавекам? Таму што гэта быў звычайны сентыментальны парыў. Сімпатычны хлопец, добра апранаецца і можа трапна жартаваць. Да таго ж кажа, што я прыгожая і не такая як усё. Канешне, ува мне нарадзіўся сентымент, згодна з якім мне захацелася “быць удзячнай” за такія словы, таму я і згадзілася на парыў. Які вынік? Калі хлопец фактычна ў мяне закахаўся, я яго кінула.

Калі мы пачынаем сустракацца, мы як бы кажам: “Аддай мне свае пачуцці і сэрца”. Але як мы можам прасіць гэтага, калі самыя не можам так жа аддаць сваё. Які ўвесь сэнс гэтага сустракання, калі мы не можам да канца аддаць сябе іншаму чалавеку? Калі мы не можам пацвердзіць свае пачуцці і адданасць у галоўнай інстытуцыі – перад Богам? Атрымоўваецца, што мы карыстаемся іншым чалавекам для ўласнай карысці. “Вось, у мяне цяпер ёсць хлопец, а гэта значыць, што я не адна з той групы нешчаслівых і самотных дзяўчын” – гэта ўтопія.

Складваецца такое ўражанне, што для большасці маладых людзей (і нават хрысціянаў) час да замужжа – гэта конкурс ці латарэя. Варта быць такой лісой, каб з агулу “нічога такіх” выбраць аднаго, які спаўняе мінімальныя параметры сённяшняй моладзі.  Калісьці мне мой знаёмы пасля чарговага разыходжання са сваім адзіным каханнем сказаў, што гэта ён яшчэ не гатовы. Тады я не зразумела, цяпер жа вось што скажу: гэта благаслаўлёны час, калі мы павінны прыгатаваць сябе да таго, каб быць сапраўднымі мужамі і жонкамі.

Пытанне з рубрыкі “цяжкая артылерыя” – гэта чысціня. Ці трэба штосьці тлумачыць? Усе ўсё і так ведаюць. Кожны сам будуе сваё жыццё, а таму вырашае – зневажаць сябе, дзяўчыну ці хлопца фізічнымі зносінамі ці не. Я ж заклікаю вас паглядзець на іншы бок гэтай справы.  Чысціня павінна быць у думках, у дзеяннях, нават у словах. Яе мы бачым як мяжу паміж сэксам і яго адсутнасцю. Насамрэч гэта кірунак, згодна з якім мы стараемся ісці.

Многія могуць сказаць, што з такім светапоглядам і замарочкамі я сапраўды магу дасядзецца да самотнай старасці. Я ж адчуваю такі Божы супакой. Я дакладна ведаю, што калі я ўбачу свайго чалавека, я сапраўды буду ўпэўнена, што гэта мая будучыня.

У сваёй штодзённай малітве за будучага мужа я прашу Марыю, каб яна напаўняла яго мудрасцю. Прашу, бо ведаю, што Госпад благаславіў яе з выбарам мужа. Св. Юзаф – гэта прыклад мужнасці, чысціні, адказнасці і веры.

Шаноўныя дзяўчаты і хлопцы! Я заклікаю вас да штодзённай малітвы за сваіх будучых сужанцаў. Так, у 15 год мне падавалася гэта смешным, цяпер жа смешным мне падаецца яе адсутнасць. Маліцеся за таго, з кім вы напэўна звяжаце сваю будучыню. За таго, хто будзе нараджаць і гадаваць з вамі дзяцей. І Госпад пачуе вашыя просьбы.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

ткачук

Паходжу з Ліды, але атрымоўваю веды з журналістыкі ў Варшаве. Пакуль што адношу сябе да пакалення 20-гадовых. Люблю коцікаў і задаваць дзіўныя пытанні. Пішу лепш, чым размаўляю.

27 студзеня 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі