Man in black

2eb6443d85e092cbc9ecc401eb14cf77

Хрысціянскія святары і прапаведнікі даволі часта нагадваюць свецкім вернікам пра абавязак быць прыкладам для іншых у штодзённых справах. Але ж і мне, таму самаму свецкаму чалавеку, патрэбны прыклад. Прыклад чалавека, які прысвяціў сваё жыццё ўвасабленню Евангелля і Божага закону. Часам дастаткова ўсведамлення прысутнасці побач у вялікім мітуслівым горадзе святароў і манахаў. Убачыць годнасць, спакой і ўпэўненасць. Я ведаю, што яны ёсць, але заўважаю значна менш, чым дваццаць гадоў таму. Можа іх значна паменела? Ды не, стала істотна болей. Шмат каго ведаю ў твар, а не паспяваю нават павітацца, бо здалёк цяжка запрыкмеціць. Хаваюцца. А я прагну бачыць.

У пасвячоных (святароў і дыяканаў) і прысвяціўшых сябе служэнню (манахаў) ёсць зразумелы і прыкметны спосаб дэманстраваць наяўнасць хрысціянаў у грамадстве ­– адмысловае адзенне. Сутана, раса, хабіт моцна вылучаюцца на фоне стракатых колерамі і формамі строеў суграмадзян.

На простае пытанне: чаму не хочаш насіць адпаведную пасвячэнню вопратку, звычайны адказ не даўжэйшы за “гэта не абавязкова”. Зрэдку бывае “неспадручна”, “сумна выглядае” і, нават, “небяспечна”.

Шмат хто яшчэ памятае першую палову 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Сярод іншых прыкмет таго часу зазвычай узгадваюць высокі ўзровень злачыннасці. Рабаванні і беспадстаўны гвалт былі звыклай з’явай. Я ў тыя гады меў доўгія валасы і нястрыжаную бараду. Мой стары плашч сваім чорным колерам і паношаным выглядам нярэдка ўводзіў мінакоў у зман. Мяне ўспрымалі як святара ці законніка. Здаралася, да мяне звярталіся з адпаведнымі пытаннямі. А аднойчы я, шчыра кажучы, моцна спужаўся. У напаўпусты аўтобус моцна п’яная кампанія літаральна ўкінула вельмі красамоўнага персанажа. Адсутнасць паловы зубоў, шматлікія наколкі і характэрны нядобры погляд з-пад броваў. Пасля таго, як ён невядома навошта папстрыкаў сцізорыкам, амаль усе пасажыры паспяшаліся пабліжэй да кабіны. Я зрабіў крок у тым самым накірунку, але п’яны заступіў мне шлях. Далей адбылася вельмі дзіўная гутарка. Калі паспрабаваць адкінуць лаянку і паўторы, яго прамову можна рэзюмаваць прыкладна так. Хлопец сам назваўся “адмарозкам”, двойчы адсядзеўшым. Ён не даваў сабе шанцаў на выпраўленне і без эмоцыяў канстатаваў, што здольны пакалечыць чалавека ні за што нават цвярозы. Хоць я намагаўся давесці сваю недатычнасць да царквы (у той час яшчэ нават неахрышчаны быў), ён пераконваў мяне не баяцца прызнавацца ў святарстве бо “вы — іншыя, у мяне рука не падымецца”. Ён, гэты п’яны злодзей, наракаў, паказваючы на астатніх пасажыраў: “Яны мяне ніколі не прымуць, і я ўсіх ненавіджу”. У выніку я дазнаўся, што ён, не спадзяючыся на прабачэнне ці павагу, быў упэўнены ва ўнікальнай здольнасці святароў пабачыць у ім чалавека, а не звера. На развітанне паціснуў руку перад тым, як не без цяжкасцяў патрапіць у дзверы і, аблаяўшы, прыстрашыць навакольных на прыпынку.

Сённяшняя Беларусь спакайнейшая. Цяжка ўявіць сабе, што нехта будзе нападаць на манаха з-за яго адзення ці, напрыклад, у краме адмовяцца абслугоўваць. І пра неспадручнасць не даводзіцца размаўляць. Дастаткова ўбачыць, як жанчына на абцасах у спадніцы да падлогі сядае за стырно і вядзе машыну не горш за апранутых у спартовае адзенне. Дзелавыя строі гэтаксама не падыходзяць для гульні ў футбол, але ж чамусьці не знікаюць з ужытку.

Чаму ж не апрануцца годным абранаму служэнню чынам? Буду шчыра ўсцешаны, калі, карыстаючыся нагодаю Вялікага посту, адзначаныя пасвячэннем святары ўсіх канфесіяў пачнуць вяртацца да добрага звычаю быць заўважнымі ў натоўпе дзякуючы адметнай вопратцы.

Фота Paul McDonough

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

09 сакавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі