Маральная рэвалюцыя

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня камуністычнай кастрычніцкай рэвалюцыі. Той рэвалюцыі, якая прынесла ў Беларусь кроў, мільёны ахвяраў, разбурэнне краіны і грамадства. Той рэвалюцыі, наступствы якой мы не вычарпалі яшчэ і да сёння.

І таму, канечне, зараз, калі мы чуем, што Беларусі патрэбная рэвалюцыя, мы ўнутрана жахаемся.

Якая рэвалюцыя патрэбная беларусам насамрэч? Беларуская хрысціянская дэмакратыя спавядае негвалтоўны супраціў, негвалтоўнае змаганне. Як напісана ў Бібліі – наша змаганне не супраць плоці і крыві, але супраць духаў злосці паднябесных, супраць нянавісці якая вызначала тую ж самую кастрычніцкую рэвалюцыю.

Дык якая ж рэвалюцыя патрэбная Беларусі? За часы камуністычнага кіравання і за часы дыктатуры Лукашэнкі для беларусаў нормай стала красці, нормай стала хлусіць, нормай стала баяцца і палохаць іншых, а калі ў грамадстве ўсталяваная такая норма, дык пабудаваць шчаслівае грамадства ці моцную дзяржаву на гэтым пяску проста немагчыма.

Беларусам трэба вяртацца да маральных нормаў – да праўды, свабоды і справядлівасці. Як раз такая маральная рэвалюцыя, якая ідзе ў кожным сэрцы, і павінная адбыцца ў нас.

Бо сапраўды, паглядзіце, ці норма ў Беларусі — весці цвярозы лад жыцця. Не, насамрэч норма — піць. Калі ты не п’еш, значыць, ты хворы альбо ты нас не паважаеш. У Беларусі норма красці. Каб жыць у шчасці трэба красці, красці, красці. Калі ты не крадзеш, ты таксама белая варона. Дзяржава крадзе ў нас па-буйному, а мы крадзем у яе па-дробненькаму. Норма баяцца і палохаць іншых. Тут няма чаго казаць, калі дзяржава выводзіць у Дзень Волі ў цэнтар Мінску тысячы і тысячы спецназаўцаў, хапае дзяцей, жанчын – мірных грамадзян, якія прыйшлі на мірную акцыю пратэсту, збівае іх і пасля дае ім суткі, гэта, канечне, сведчыць пра норму страху, якая ў галовах у сучасных чыноўнікаў.

Дарагія сябры, норма для беларускага грамадства — гэта любіць сваю краіну, а не грэбаваць сваёй мовай, якая дадзеная нам Богам. Норма – гэта верыць у Бога. Тысячу гадоў Беларусь была моцнай і паспяховай, калі яна верыла, і развальвалася, калі яна знявервалася. Норма верыць, а не ганарыцца сваім атэізмам, хай сабе і праваслаўным.

Як напісана ў Бібліі – Валадарства нябёснае пачынаецца ў нашых сэрцах. І маральная рэвалюцыя — гэта тыя перамены, радыкальныя, рашучыя, якія нам патрэбныя ў першую чаргу знутры. Калі ў Беларусі будзе маральная рэвалюцыя, калі кожны з нас прыйдзе да пакаяння, да навяртання, да веры ў Бога і любові да сваёй краіны, тады Беларусь пераменіцца.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

sevjarynec

Павел Севярынец, нарадзіўся 30.12.1976. Беларускі пісьменнік, публіцыст, у 1997-2004 гг заснавальнік і лідэр «Маладога Фронту», з 2004 г і дагэтуль — сустаршыня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Больш як 5 гадоў адбыў у зняволенні паводле палітычных прысудаў. Аўтар кнігаў: «Ды-джэй Адраджэння», » Пакаленне Маладога Фронту», » Люблю Беларусь», «Брату», «Лісты з лесу», «Беларуская глыбіня». Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2006), прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі»(2008). Жанаты. Праваслаўны хрысціянін.
Фраза, якую не можа чуць: » Ай, няхай, і так сыдзе».
Любімая цытата: » Няхай не сумняваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце» — кажа Ісус. ( Евангелле паводле Яна, 14:1) — верш з Бібліі, пасля якога пакаяўся і прыняў Хрыста.

23 траўня 2017 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі