Маўчаць па-беларуску

арнаментНядаўна,  адзін знаёмы прызнаўся, што гаварыць па-беларуску “на людзях” банальна баіцца. Маўляў, канкурэнты могуць “прышыць” нацыяналізм. Самае цікавае, што я яму паверыў, хаця афіцыйна ў нас і няма выпадкаў, калі чалавека “прэсуюць” выключна за любоў да роднай мовы. Але толькі афіцыйна…

Пакуль  самы галоўны чыноўнік не перастане называць сябе “рускім са знакам якасці” і  “сігналіць”  пра асабістую нянавісць да нацыяналістаў, глеба для падобных расповедаў будзе заўсёды.

Як бы нехта не даказваў, што дзвюхмоўе на дзяржаўным узроўні   добра, пытанняў на гэты конт  не становіцца менш. І перш за ўсё адносна рэальнага выкання адпаведнага закона. Таго, што  юрысты называюць правапрымяненнем.

Менавіта тут, на мой погляд, і “зарыты” той “сабака”, які аднолькава гучыць і на “матчынай мове”, і на “великом и могучем”, а пішацца з розніцай толькі ў адну літару.  Менавіта, яго айчыныя чыноўнікі (карыстаючыся адсутнасцю ў людзей неабходных ведаў) і “ставяць з ног на галаву”.

Напрыклад, прымушаюць “разговаривать нормально”, альбо адказваюць не на той мове, на якой да іх звяртаюцца. Не трэба  мець юрыдычныя “корачкі” , каб разумець, што ні першае, ні  другое не мае нічога агульнага з юрыспрудэнцыяй.

Па вялікіх рахунку ўсіх падобнага кшталту ўладных чыноўнікаў за нахабнае парушэнне заканадаўства трэба накіроўваць у шэрагі “сутачнікаў”, якія час ад часу падмятаюць вуліцы або прыбіраюць  снег.

Безумоўна, гэтая прапанова з галіны не вельмі навуковай фантастыкі, бо  сёння выканаць яе немагчыма па вызначэнні, але “ў ідэале” усе так і павінна быць. І не трэба папракаць аўтара ў нейкай “крыважэрнасці”, альбо гаварыць трывіяльнае “Якая розніца”.

Розніца ў тым, што мы зарабляем грошы, а яны на гэтыя грошы існуюць. Падаткі людзі плацяць зусім не для таго, каб нехта парушаў законы…

Увесь час здзіўляюся, чаму замежнікі, напрыклад, былыя шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан, славацкі Любамір Рэгак (і шмат, хто яшчэ) здольныя размаўляць на беларускай мове, а нашы V.I.P-чыноўнікі не.

Адказ просты –  беларускую мову ведаюць амаль усе, але “няма каманды”. Тыя, хто думае пра нейкую сучасную моўную “лібералізацыю” кардынальна памыляюцца. Няма яе. Ёсць толькі імітацыя, якая скончылася са словамі  пра нянавісць да “нацыяналістаў”.

Між тым, я бы не стаў спадзявацца на вернасць тых, каму нехта імкнецца  спадабацца сваёй “нянавісцю да нацыяналістаў”, бо добра памятаю чэргі кебічаўскіх чыноўніках каля кабінетаў “новых”…

Здадуць. Абапірацца, як вядома, можна толькі на тое, што супраціўляецца…

На жаль, з кожным днём супраціву гэтага становіцца ўсё менш і менш. Нават там, дзе “царква аддзеленая ад дзяржавы”.

Я ўжо расказваў, як некалькі месяцаў таму  быў літаральна шакаваны тым, што ў Свята-Ефрасінеўскім манастыры старажытнага Полацку нам забаранілі праводзіць экскурсію на беларускай мове па прычыне таго, што там ёсць «свае гіды”.

Хутка высветлілася, што беларускамоўных сярод іх няма, а прапанова правесці экскурсію на той мове, на якой размаўляла  Ефрасіння Полацкая, было ўспрынята амаль правакацыяй.  Прыйшлося хадзіць па “храму Боскаму”  «пад аховай»… Як па турме…

Нешта падобнае адбылося і ў Свіры, калі каля касцёла “руссо туристо” літаральна накінуліся на тых, хто размаўляў па-беларуску і абураліся, чаму там яшчэ захавалася нешта “нерусское”. Па іх логіцы БЕЛАРУСАМ  у роднай БЕЛАРУСІ  ПА-БЕЛАРУСКУ можна толькі маўчаць.

Па сутнасці тое ж самае назіраецца ўнутры ўсіх праваслаўных цэркваў маскоўскага патрыярхату. Чамусьці рэлігійныя  каноны не дазваляюць весці  службы на мове той мясцовасці, дзе яны пабудаваны, хаця некаторыя святары валодаюць беларускай мовай, як гаворыцца, “без праблем”.

Альбо гэта датычыцца толькі Беларусі?

Пра тое, хто на самой справе прыдумаў такія “каноны” можна толькі здагадвацца, але гутарка не пра гэта.

Апошнім часам шмат гаворыцца пра розныя бясплатныя  курсы беларускай мовы. Прынцыпова вітаю рост іх колькасці, прапаную адкрыць  нешта падобнае пры хрысціянскіх храмах, лічу гэта цалкам лагічным, бо менавіта там і вучаць, што «спачатку было  СЛОВА”.

Аляксандр Тамковіч, спецыяльна для КРЫНІЦА.INFO

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Томкович2

Журналіст, публіцыст, пісьменнік
Самая нелюбімая фраза: «Журналісты павінны». Лічыць, што журналісты як раз нікому і нічога не павінны. Асабліва палітыкам.
Самая шануемая цытата — з кнігі французскага пісьменніка Луі Арагона «Жанчына — будучыня мужчыны».

06 снежня 2014 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі