Менск варты Вайніловіча, Вайніловіч варты Менску
Спрэчкі вакол асобы Эдварда Вайніловіча, аднаго з лідараў краёвага руху пачатку ХХ стагоддзя, і фундатара Чырвонага касцёла, насамрэч выяўляюць розніцу паміж бальшавіцкім падыходам, замяшаным на нянавісці, і сутнасна хрысціянскім персаналізмам.
Паводле камуністаў, Вайніловіч вызнаваў сябе палякам і не прыняў рэвалюцыі (адсюль робіцца выснова, што ён быў “не з народам”). Але палякам вызнаваў сябе і ліцьвін (беларус) паводле паходжання Адам Міцкевіч – і сквер ягонага імя з адпаведным помнікам ў трох сотнях крокаў ад меркаванага сквера Вайніловіча не выклікае дыскусіяў і цудоўна ўпісаўся ў сталічную тапаніміку. Што да непрыняцця бальшавіцкага перавароту – дык пасля крыві і мільённых ахвяраў камунізму любы нармалёвы беларус натуральна робіцца антыкамуністам – і спадкаемцам Вайніловіча.
Помнік Вайніловічу ў Менску фактычна ўжо ёсць. Гэта фундаваны ім Чырвоны касцёл. Дарэчы, той самы, дзе ўпершыню ў Менску (1918 год) пачаліся казані па-беларуску. Той самы, дзе працавалі ахвярныя святары – хрысціянскія дэмакраты Адам Лісоўскі, Фабіян Абрантовіч, Станіслаў Глякоўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Віктар Шутовіч ды іншыя. Той самы, дзе быў створаны Аргкамітэт БНФ у 1988-м.
І думаю, прычына камуністычнага шалу – якраз найперш у наяўнасці ды значэнні гэтага касцёла. Касцёл святых Сымона і Алены – сімвал шматразовай паразы камунізму і камуністаў. Сімвал правалу ваяўнічага бязбожжа. Сімвал руйнавання ўсеўладдзя Кампартыі. Сімвал адраджэння беларускага нацыянальнага руху.
Што ж да асобы Эдварда Вайніловіча – пра яго сведчаць ягоныя справы. Ён быў адным з бацькоў Менску ў цяжкія рэвалюцыйныя гады. Фундаваў не толькі касцёлы, але і праваслаўныя цэрквы. Гаспадар, мецэнат, вернік – ён увасабляе сабой зруйнаваны і сцёрты бальшавікамі з народнай памяці Менск шляхетны, прыгожы, прыстойны.
І тое, што рашэнне аб Слуцкім паўстанні прымалася ў слуцкім Доме Вайніловіча, і тое, што Дзень беларускага (бел-чырвона-белага) значка ў 1917-м адзначаўся ў менскім Доме Вайніловіча, і ягоны ўдзел у паседжаннях Рады БНР – ставіць кропку ў пытанні, што значыць імя Вайніловіча для незалежнай Беларусі.
Менск варты Вайніловіча. Вайніловіч варты Менску.
Падтрымаць кампанію за наданне менскаму скверу ля Плошчы Незалежнасці імя Вайніловіча можна тут.
Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Павал Севярынец
Павел Севярынец, нарадзіўся 30.12.1976. Беларускі пісьменнік, публіцыст, у 1997-2004 гг заснавальнік і лідэр “Маладога Фронту”, з 2004 г і дагэтуль – сустаршыня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Больш як 5 гадоў адбыў у зняволенні паводле палітычных прысудаў. Аўтар кнігаў: “Ды-джэй Адраджэння”, ” Пакаленне Маладога Фронту”, ” Люблю Беларусь”, “Брату”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2006), прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”(2008). Жанаты. Праваслаўны хрысціянін.
Фраза, якую не можа чуць: ” Ай, няхай, і так сыдзе”.
Любімая цытата: ” Няхай не сумняваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце” – кажа Ісус. ( Евангелле паводле Яна, 14:1) – верш з Бібліі, пасля якога пакаяўся і прыняў Хрыста.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Курс «Хрысціянскае кансультаванне» 27.02.2021 18:25
- Дні праваслаўнай культуры адкрыюцца 27 лютага ў Мінску 24.02.2021 16:56
- Кароткая гісторыя таго, што зараз адбываецца вакол царквы “Новае Жыццё” 22.02.2021 17:07
- Вернікі царквы “Новае жыццё” ўсё роўна хочуць сабрацца на малітву 20.02.2021 14:01
- Зварот біскупаў Евангельскіх цэркваў Беларусі ў сувязі з сітуацыяй вакол Царквы “Новае жыццё” г. Мінска 19.02.2021 17:43
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)