Мова варожасці і праўды

dv-2017 (7)

Адзін з прынцыпаў «Культурнай палітыкі» (гэта такі канцэпт, падыход і тэорыя, які я распрацаваў і рэалізую) абвяшчае: «Мы адзін народ!»

За гэты тэзіс мяне многія высмейвалі, тролілі, крытыкавалі і гнабілі.

Часцей за ўсё мне са строгім выглядам задаюць рытарычнае пытанне: «Што, і Зімоўскі з табой адзін народ? І Ярмошына? І Шуневіч з Якубовічам? І гэтыя, што людзей на Плошчы б’юць? І тыя, што супраць цябе ілжэсведчылі?» І ўсякае такое.

Спытаўшы чакаюць, што я згару ад сораму і адмоўлюся ад тэзіса, і буду прапаведаваць, што беларускі народ складаецца толькі з добрых, чыстакроўных патрыётаў і дэмакратаў.

Але я працягваю сцвярджаць, што сярод беларусаў шмат герояў, і здраднікаў не менш. Што народ — гэта геніі і дэбілы, дэмакраты і фундаменталісты, добрыя людзі і ханурыкі, інтэлігенты і фраеры, балты і асобы неславянскай знешнасці. Мы ўсе адзін народ.

Наш народ зараз знаходзіцца на такой стадыі эвалюцыі, калі адна частка народа іншую за людзей не лічыць. Па якім прынцыпе адны адмаўляюць іншым людзьмі звацца, не самае галоўнае. Камусьці не падабаюцца погляды іншых і палітычная пазіцыя, хтосьці зацыклены на глебе, крыві, генах ці скрэпах. Раздзел можа праходзіць па мове, класавай прыналежнасці, і проста па фэйсе.

Але вось калі я называю ворагамі тых, хто мяне выключае з народу, залічылі ў «пятую калону», у нейкія адшчапенцы, нацдэмы, б’е на дэманстрацыях, прысуджае суткі і штрафы, пазбаўляе магчымасці нармальна і адкрыта працаваць, абвяшчаючы дармаедам, на мяне абвальваецца крытыка за выкарыстанне мовы варожасці.

Але ж яны ворагі!

Ворагі, хоць і адзін народ са мной.

Навошта ворага называць неяк інакш?

Тыя, хто вас б’е — ворагі.

Тыя, хто пазбаўляе вас права на выказванні, сход, працу, на абарону ў судзе, наогул на справядлівае стаўленне — гэта ворагі.

Калі вы ставіцеся да гэтага неяк інакш — задумайцеся! Магчыма ў вас стакгольмскі сіндром.

Тэрарысты, захапіўшы закладнікаў, кантралююць іх жыццё. Закладнікі вымушаныя прасіць у іх напіцца, змяніць позу, схадзіць пасікаць. А тэрарысту можна і не дазволіць. І калі закладнік не жадае абсікацца, ён вымушаны быць ветлівым з тэрарыстам, а то і зусім шукаць ласкі перад ім.

Ва ўсякім выпадку, рабіць выгляд, што ставіцца да тэрарыста не як да ворага, а па-чалавечы. Нармальным людзям брыдка хлусіць і хітраваць. Нармальны чалавек імкнецца паступаць шчыра, і адчувае нармальныя пачуцці ўдзячнасці і падзякі.

Тэрарыст дазволіў схадзіць у туалет, а бо мог бы і адмовіць!

Разумеючы гэта, закладнік дзякуе тэрарысту за тое, за што не патрабуе падзякі. Але падзякаваўшы, адчувае шчырае пачуццё.

З гэтай «шчырасці» і пачынаецца стакгольмскі сіндром. Ахвяра пачынае бачыць нешта чалавечае ў тым, хто паступае з ёй першапачаткова бесчалавечна.

Потым ідзе рацыяналізацыя — спроба зразумець і растлумачыць матывы тэрарыста, убачыць у іх нешта чалавечае. Убачыўшы і патлумачыўшы — апраўдаць.

Так адбываецца ў нашай краіне.

Мільёны людзей бачаць у дзяржаўным тэрарызме нешта рацыянальнае, тыпу абароны ад ворагаў, вонкавых і ўнутраных, клопат аб простых людзях, дзяржаўныя інтарэсы, геапалітыку і г.д. І апраўдваюць гэтым тэрор і гвалт.

Але гэта проста ворагі.

Ворагі, якія захапілі і ўзурпавалі ўладу і багацце нацыі, што топчуць правы кожнага чалавека, гвалт ўсіх і кожнага. Яны проста час ад часу дазваляюць жывучым у нястачы наталіць патрэбу, не памерці з голаду, не забіваюць да смерці, не адбіраюць апошняе.

Яны дазваляюць нам тое, чаго самі нас пазбавілі.

Яны тэрарысты, члены і шасцёркі велізарнай АЗГ.

Яны ворагі. І яны і мы адзін народ.

У гэтым няма супярэчнасці. Гэта трэба зразумець, без гэтага разумення мы асуджаныя быць ахвярамі і закладнікамі ў сваёй, у НАШАЙ, а НЕ ІХ краіне.

Яны гаспадараць у краіне татальнага стакгольмскага сіндрому.

І яшчэ, ніколі не недаацэньваеце ворага.

Адзін з тых, хто гнабілі мяне за тэзіс «Мы адзін народ!», аб’яўляе сілавікоў і гэбістаў неадукаванымі прыдуркамі.

Гэта памылка. Грубая і небяспечная памылка.

Я яму адказаў так: «Галоўны прынцып любой спецслужбы: Спецслужбы не ўсемагутныя, вораг хітры і падступны.

Галоўная памылка ўсіх, хто сутыкаецца са спецслужбамі складаецца ў тым, што супрацоўнікаў спецслужбаў лічаць дурнямі.

Таму першыя выйграюць часцей. Амаль заўжды.

Ніколі, НІКОЛІ не лічыце ворагаў дурнямі!»

Мы маем справу з ворагамі, ворагамі хітрымі і падступнымі. Наш адзіны шанец выйграць у іх і зрабіць наш народ не варагуючым і не падзеленым ў самім сабе — быць разумнейшымі за іх.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

мацкевіч

Кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь». Нарадзіўся ў 1956 годзе ў горадзе Чарамхова Іркуцкай вобласці ў сям’і, дэпартаванай з Заходняй Беларусі. Скончыў факультэт псіхалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прымаў удзел у дзейнасці Маскоўскага метадалагічнага гуртка пад кіраўніцтвам Г.П. Шчадравіцкага.
Вядомы беларускі метадолаг, філосаф і грамадскі дзеяч. Аўтар канцэпцыі Культурнай палітыкі, тэзісаў «Думаць Беларусь», «Мы — адзін народ», а таксама шматлікіх публікацый, прысвечаных Беларусі. Заснавальнік і лідар Агенцтва гуманітарных тэхналогій.
Канцэптуальныя распрацоўкі Уладзіміра Мацкевіча аказваюць прыкметны і шырокі ўплыў на развіццё беларускага грамадства, філасофіі і метадалогіі, палітыкі і культуры, грамадзянскай супольнасці.

10 жніўня 2018 | Блогі |



Блогі