Надзея Саўчанка — выклік для Расіі і Еўропы

savchenko

Суд над Надзеяй Саўчанка не стаў проста чарговай ганьбай для судовай сістэмы Расіі. Несправядлівасцю суддзяў, нялюдскасцю пуцінскай сістэмы наўрад ці каго-небудзь можна здзівіць. Нечаканасцю стала неверагодная мужнасць гэтай жанчыны, яе гатоўнасць ісці да канца, да смерці.

У выніку, у судзе Надзея Саўчанка нанесла нашмат большыя страты рэжыму Пуціна, чым магла б нанесці на лініі фронту. Дзяржаўная машына Пуціна з усімі танкамі і ядзернымі боегалоўкамі, сотнямі ўкормленых алігархаў, тысячамі верных чыноўнікаў і генералаў апынулася нямоглай перад адным адзіным чалавекам.

Свет поўны цынізму. Але велізарныя драконы дыктатур ламаюць зубы аб маленькіх людзей з вялікай верай — аб такіх, як Надзея. Прыклад гэтых людзей пасаромлівае ўсе прагматычныя стратэгіі палітыканаў і адраджае веру ў каштоўнасці і надзею на перамогу.

І гісторыя Надзеі Саўчанка — менавіта такі прыклад.

Цяпер яе лёс не толькі ў руках пуцінскага рэжыму, але і ў руках кіраўнікоў дэмакратычных краін, якія гандлююць, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Пуціна. Без гэтага супрацоўніцтва пуцінскі рэжым — банкрут.

Дэмакратыя заканчваецца тады, калі дзяржава не здольна абараніць жыццё аднаго адзінага чалавека, паступаючыся прагматычнымі інтарэсамі. Гэтая ж мяжа аддзяляе чалавека ад падонка.

Гэта аснова, каштоўнасная сутнасць дэмакратыі. Калі яе няма — у краіне якой заўгодна лад, але толькі не дэмакратычны.

Менавіта таму суд над Надзеяй Саўчанка і дзеянні па яе абароне — самы важны тэст для Украіны і для ЕС.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

606e2c60a0c187d5900257c66e14f5a8[1]

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2010 года. Нарадзіўся 3 сакавіка 1975 года ў Бабруйску. Беларус. Адукацыя вышэйшая, інжынер-будаўнік. Жанаты, мае дачку. Жыве ў Менску. Прафесійна займаецца палітыкай з 1996 года. З 1996 года – член Каардынацыйнай Рады “Беларускага аб’яднання маладых палітыкаў”. У 2002-2004 гадах — член Прэзідыўма Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадскіх арганізацыяў “Рада”. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі новай моладзевай палітыкі Беларусі. У 1999 годзе навучаўся ў Германіі на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіравання ў інстытуце “Саюз грамадскага кіравання”, вывучаў эканамічнае і палітычнае ўладкаванне ФРГ. Праваслаўны хрысціянін. Адзін з кіраўнікоў кампаніі “У абарону свабоды сумлення і веравызнання у Беларусі”, у межах якой было сабрана больш за 50 тыс. подпісаў у абарону хрысціянаў.

12 сакавіка 2016 | Блогі | Тэгі: , , ,



Блогі