Не так страшны бонсцік, як яго малююць

859af-clip-91kb

З’яўленне новых, заснаваных на беларускай міфалогіі, бонсцікаў ад кампаніі «Еўраопт» прывяло да таго, што шэраг беларускіх хрысціян ужо заклікалі байкатаваць кампанію, пакуль міфічных істот не прыбяруць або іх запасы не скончацца.

Шчыра кажучы, у мяне больш няма сіл на гэтых бонсцікаў, якіх стала ўжо занадта шмат і якія валяюцца ледзь не пад нагамі. Ды і матэрыял, з якога яны зроблены, не выклікае даверу да іх экалагічнасці. Але, як здаецца мне, спробы байкатаваць кампанію з-за міфічных істот з’яўляюцца залішнімі. Хоць, безумоўна, у кожнага з нас ёсць на гэта права.

Заяўляючы, што звычайныя пластыкавыя цацкі могуць неяк паўплываць на прыход дэманічных сіл, мы тым самым паказваем свой сумнеў у тым, што Ісус Хрыстос здольны выганяць не проста пару дзясяткаў, а цэлыя легіёны дэманаў (Мц. 8:28-34, Мк. 5:1-20, Лк. 8:26-39). Мы сумняваемся ва ўсёмагутнасці Бога, без волі якога ні адзін волас не ўпадзе з нашай галавы (Мц. 10:29-30). Больш за тое, мы самі апускаемся ў паганства і магію, лічачы, што нейкі прадмет — няхай гэта будзе паганскі балван, або крамны бонсцік — можа валодаць нейкай сілай, якую мы не можам кантраляваць. Але мы ж верым не ў магію, а ў Хрыста, ці не так?

Нельга пагадзіцца і з сцвярджэннем, што гэтыя істоты ў культуралагічным аспекце нясуць зло. З 24 фігурак, якія распрацаваў «Еўраопт», толькі чатыры можна аднесці да ўмоўна злых — Упырка (вампірчык, які любіць фруктовы сок), Злыдзень (дробны пакаснік і свавольнік), Мешу (любіць прыстрашыць мінакоў і захіхікаць) і Гарцука (уладар дрэннага надвор’я, выклікае вецер).

Усе астатнія — умоўна добрыя, як напрыклад, гномы, эльфы і іншыя міфічныя істоты германскай, кельцкай, грэцкай і іншых міфалогій, якія трапілі на старонкі фэнтэзійных кніг выбітных хрысціянскіх пісьменнікаў Джона Толкіена і Клайва Люіса. Але нешта я не ўзгадаю пратэстаў супраць «Уладара пярсцёнкаў» або «Хронік Нарніі», дзе міфічнымі істотамі, у тым ліку першапачаткова злымі або не зусім добрымі, але змяніўшымі сваю ідэалагічную арыентацыю, абсыпаныя ледзь не ўсе старонкі.

А як быць з усялякімі помнікамі розным грэцкім і рымскім Апалонам, Венерам, Гермесам і іншай антычнай нечысці? А ўсе гэтыя фільмы і мультфільмы пра Траянскую вайну, Геркулеса, Беласнежку і сем гномаў? Больш за тое, у дыснееўскім мультфільме «Аладзін» самым пазітыўным і цікавым персанажам з’яўляецца менавіта Джын, а гэта, на хвілінку, самы што ні на ёсць чорт. А ў Віцебску яго калегу Хатабычу нават помнік паставілі. Ці павінны мы іх байкатаваць або разбураць, як гэта зрабілі фанатычныя барацьбіты з паганствам з ІДзІЛ і Талібану? Ці ж мы ўсё ж такі будзем адрозніваць рэальнае зло ад надуманага?

А гэта мы яшчэ не ўзяліся за слоўнікавы запас. Ці ўсе, хто размаўляе па-руску (беларускамоўным у гэтым плане пашанцавала больш) ведаюць, што многія лацінскія назвы месяцаў паходзяць ад імёнаў рымскіх багоў — март (Марс), май (Майя), июнь (Юнона), январь (Янус)? А вывучаючыя англійскую і нямецкую мовы яшчэ і нямецка-скандынаўскіх багоў выклікаюць: у чацвер — Тора, у пятніцу — Фрэю. Серада ў англійскай і старажытнанямецкай прысвечаная Одзіну, у гонар менш вядомых бостваў былі названыя панядзелак, аўторак і нядзеля.

Што рабіць з усім гэтым культурным пластом? Асабіста я прапаную скарыстацца старадаўнім хрысціянскім прыёмам — прафанацыяй, або змяненнем першапачатковага паганскага сэнсу чаго-небудзь на нейтральны ці хрысціянскі. Менавіта дзякуючы гэтаму мы можам чытаць творы Гамера не як рэальную гісторыю пра багоў, а як літаратурны твор, глядзець на антычныя скульптуры і іх рэнесансныя копіі як на мастацтва, называць Папу Рымскага пантыфікам і святкаваць Раство 25 снежня.

І, вядома, не варта захапляцца магіяй, надаючы кавалку пластмасы звышнатуральную моц. Ці не гэтага, барацьбы з цацкамі на пацеху навакольным замест вырашэння рэальных праблем, і хоча ад нас д’ябал?

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

maksim

Журналіст, галоўны рэдактар КРЫНІЦА.INFO

30 жніўня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі