Не варта блытаць Царкву і яе выкарыстанне людзьмі

rosica_02

У інтэлектуальным клубе Алексіевіч Рута Ванагайце вінаваціць Каталіцкую Царкву ў тым, што маўчала падчас расправаў над габрэямі ў Літве.

“Вы ведаеце, што самае страшнае ў каталіцкай веры для мяне, што ты прыйдзеш у нядзелю, і ксёндз табе скажа: я адпускаю табе твае грахі, усё ў парадку”.

Каталіцкі святар (называе яго прозвішча, – Ігнатоніс) адпускаў масава (адразу для 5-6 чалавек) грахі літоўскаму батальёну забойцаў, што пасля сваіх аперацый штонядзелю адведвалі Імшу. “Вось, мы забілі тысячу чалавек”. — “О, гэта ўсё дзеля Радзімы”. — “І ўсе верылі, што яны трапяць у рай”…

Цікава, які ксёндз масава ці паасобку адпускаў грахі тым карнікам, што перафарбавалі рэчку Друйку 11-12 чэрвеня 1942 года ў пунсовы крывацёк расстралянымі 2200 габрэямі?

Якога ксяндза не паслухаліся мясцовыя беларусы, што патаемна кармілі і ратавалі габрэяў друйскага гета, спрыялі супраціўленню падчас гэтай ганебнай аперацыі? Людзі помняць!

Які ксёндз і каму адпускаў грахі за смерці 1528 мірных жыхароў Росіцы, сярод якіх загінулі разам са сваімі вернікамі ксёндз Юрый Кашыра і ксёндз Антоній Ляшчэвіч.

Гэтых прыкладаў не пералічыць… Каталіцкая Царква мае ўсё ж другую гісторыю ў нашай краіне чым у Літве, якасна іншую вартасць чалавека, не залежна ад яго нацыянальнасці.

Звінаваціць усю Царкву, што маўчала і нават нібы падтрымлівала звырадняў і нелюдзяў – заява роўная, што абвінаваціць усіх габрэяў, што ўкрыжавалі Хрыста! Вініць кожнага чалавека ў нелюдстве, што праз хрост да гэтай Царквы належыць.

Не варта блытаць Царкву і яе выкарыстанне тымі адзінкамі ці нават дзясяткамі, калі гаворка ідзе пра Літву, хто там імкнуўся ёю прыхінуцца і пад яе прынаравіцца ў зручных для сябе абставінах, каб асягаць яе коштам уласных ганебных, нікчэмных і хлуслівых мэтаў, бо “ўсё дзеля Радзімы”. Не тая ў Царквы Радзіма, не тыя яе ваяры!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

surynovic

Каталіцкі святар, пробаш парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі

03 сакавіка 2017 | Блогі | Тэгі: , , ,



Блогі