Некалькі роздумаў перад Адвэнтам

адвэнтПакуль хтосьці перад “пастом” выпівае кожны вечар піва, бо потым будзе нельга ажно 4 тыдні. Пакуль хтосьці мандражна перабірае ў галаве магчымасці, ад чаго можна было б адмовіцца, але каб і сябе не зняважыць. Пакуль хтосьці бамбардуе святароў пытаннямі, ці можна слухаць у Адвэнце музыку, мой мозг падкідвае мне роздумы.

Памятаю, як калісьці падчас Адвэнту запісвала на дыктафон старога тэлефона (навошта?) выступы расейскіх зорак. Тады мой старэйшы брат пачуў, прыйшоў да мяне ў пакой і накрычаў. Маўляў, гэта пост, а я такім займаюся. Тэлевізар прыйшлося выключыць, размову – запомніць на ўсё жыццё.

Тады я маўчала, не ведаючы сапраўды, што для мяне гэты час. Сёння б што-небудзь дый сказала. Мая думка нумар 1: давайце не рабіць з цудоўнага Адвэнту невясёлы пост. Мне падаецца, няма весялейшага часу, калі кожную раніцу ты ўстаеш, каб пайсці на рараты. Калі ідзеш праз сонны горад марозным ранкам, калі хочацца закрычаць як быццам пустым блокам: “Прабудзіся!”. Тыдні радаснага чакання.

З-за таго, што мы як быццам матэрыалізуем гэтыя чатыры тыдні, нараджаецца праблема. Мая думка нумар 2: давайце не рабіць з Адвэнту часу незразумелых адмоваў. Адвэнт – гэта па-першае праца над сабой. Радаснае чаканне прыйсця Вялікага Госця. Трэба папрыбіраць, дастаць з шафы белыя святочныя абрусы і пачаставаць Вандроўніка, Які так доўга чакаў сустрэчы. Кожны добры рух у кірунку працы над сабой – гэта цудоўна. Толькі я кажу пра нешта іншае. Давайце не матэрыалізаваць Адвэнт, каб, адмовіўшыся ад цукру, скурпулёзна не разглядаць у краме склад гумы.

Дык якія ж тады выбраць пастанаўленні? Чым бліжэй да Адвэнту, тым усё больш веруючых пачынае нарвавацца, каб толькі паспець прадумаць пастановы. Мая (не зусім) думка нумар 3: чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа. Ніхто не ведае нас лепш, чым мы самыя. Таму толькі мы самыя можам пагадзіцца націснуць на свае слабыя бакі, каб зрабіць іх моцнымі. Адвэнт нам у дапамогу. Маю толькі адно папярэджанне – глядзець вышэй.

Дык у чым жа галоўны сэнс “радаснага чакання”? Ці ёсць сэнс адмаўляць сабе ў любімых рэчах, каб 24 снежня аб усім забыць і пачаць жыць, як і раней? Мая думка нумар 4: няхай Адвэнт прысутнічае ў нашым жыцці ўвесь год. Адвэнт можна параўнаць з нашым жыццём на зямлі. Мы штодня чакаем прыйсця Збаўцы, Якому спяваем: “MaranaTha!”. Спяваем, але каб на самай справе зразумець сэнс словаў : ”Прыйдзі, Пане!”, палова з нас б папрасіла трошкі пачакаць, бо не да канца гатовыя. Дык вось мы заўсёды павінны быць у баявой гатоўнасці. Ніколі невядома, можа Езус ужо заўтра пагрукае ў дзверы.

Жадаю вам сапраўднага радаснага чакання прыйсця маленькага Езуса. Жадаю вам плённа перажыць гэты кароткі час працы над сабой, каб пры святочным стале ці на Эўхарыстыі ў святыні адчуць сапраўдную асалоду і шчасце. Шчасце ад яднання з самым доўгачаканым Госцем.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

ткачук

Паходжу з Ліды, але атрымоўваю веды з журналістыкі ў Варшаве. Пакуль што адношу сябе да пакалення 20-гадовых. Люблю коцікаў і задаваць дзіўныя пытанні. Пішу лепш, чым размаўляю.

30 лістапада 2014 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі