(Не)калядная гісторыя з лагернага дзяцінства маёй бабулі

15621823_10209593377324386_5235103904321045673_nГэтая гісторыя пра бабуліна дзяцінства часта прымушае задумацца сярод снежаньскай мітусні, наколькі маё сэрца падобна зараз да Бэтлеемскіх дзвярэй 2000-гадовай даўніны, якія дзеля ўласнага камфорту былі глуха зачыненымі для Хрыста. Чаму? Бо да Раства засталося менш за 10 дзён! А гэтую гісторыю бабуля распавяла незадоўга да смерці халодным зімовым вечарам, калі мы з бацькам замянялі ёй падлогу. Такія гісторыі шмат важаць насамрэч.

Звычайныя гісторыі датычныя Раства напоўненыя шчасцем, у адрозненні ад гэтай. Яна нагадвае страшнага Андэрсана, калі б ён жыў у наш час, канешне. Часам здараецца так, што ў чаканні цудаў і Божага дзеяння нам выпадае прайсці няпростай дарогай надзеі і цярпення, а мабыць і пакутаў. У звышінфармацыйны час высокіх тэхналогій мы не заўжды гатовыя чакаць і зачастую імгненна прагнем 200% дывідэнды ад нашых чаканняў. Мне заўжды цяжка ўявіць, як бы я сябе паводзіў у падобных умовах.

Здарэнне адбылося напярэдадні Раства ў першую лагерную для бабулінай сям’і зіму. Кіраўнік лагера быў страшэнным атэістам і выпівохам (напэўна, як і многія падобныя па ўсёй тэрыторыі СССР). Аднойчы ён вырашыў сабраць усіх дзяцей на спецыяльны «святочны сход».

Без усякіх падрыхтовак ён знянацку запытаўся ў дзяцей, хто з іх верыць у Хрыста. Кожнага, хто верыў, ён «папрасіў» выцягнуць рукі. Бабуля казала, што амаль усе прысутныя ўзнялі рукі. Здавалася, што такога асаблівага ў гэтым пытанні «кіраўніка» лагернай установы?

Далейшыя ўмовы для ўзняўшых рукі былі наступнымі:

Лагерны вар’ят «папрасіў» тых, хто публічна верыў, трымаць рукі ўзнятымі альбо спакойна адмовіцца ад «рэлігійных забабонаў», навязаных капіталістамі ды бацькамі, спакойна апусціць руку і атрымаць цукерку. Дэспат сцвярджаў, што вера прыносіць у жыццё адныя праблемы, у адрозненні ад справядлівай савецкай сістэмы. Для большай эфектнасці сваіх слоў “начальнік” дастаў з кабуры пісталет і гучна шчоўкнуў затворам.

Выпрабаванне цягнулася некалькі гадзін. Многія здаваліся і бралі цукеркі, іншыя апускалі рукі і жудасна плакалі. Некаторыя, сярод якіх была і бабуля, трымалі рукі да страчанай прытомнасці. Апошніх чакалі строгія лагерныя фізічныя пакаранні, як і іхніх бацькоў, якія выхоўваюць «фанатыкаў».

Хтосьці мог бы раззлавацца і раз’юшыцца, упасці ў адчай, але пасля гэтага выпадку, бабуля казала, што яны пачалі часцей маліцца і прасіць Бога заступіцца. Гэтая сітуацыя яшчэ раз прадэманстравала, якімі страшнымі бываюць людзі, якія адмаўляюць Божы аўтарытэт, патакаюць жудасным грахоўным праявам і спрабуюць узнесці сябе на Ягонае месца. Магчыма, і мы былі б не лепшымі за гэтага жудаснага начальніка лагера.

Начальнік лагера менш чым праз месяц памёр ад дзіўнай хваробы. На ягонае месца быў прызначаны іншы, больш лагодны мужык. Увесь расповед, бабуля цікава падсумавала: “паміж нялюдскасцю і зверскасцю ўнутры нас і прыстойнасцю стаіць толькі сустрэча з Ісусам. Толькі знаёмства з ім не дае скаціцца ў жудасную прорву, якая ў кожнага напоўненая сваімі жарсцямі і страхамі”.

Напэўна, зараз бабуля пяшчотна паглядзела бы ў вашыя вочы, пажадала б вам ніколі не трапляць у падобныя выпадкі і сказала “Хрыстос Нарадзіўся” і чакала на кароткі радасны водгук “Дык слаўце Яго!”. Спадзяюся, што і ў вашым жыцці, як і ў ейным, адзначэнне нараджэння Хрыста падвядзе чоткую рысу.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

chv

Вернік царквы «Ян Прадвесьнік», карэспандэнт «Радыё Рацыя», настаўнік нядзельнай школы. Нарадзіўся ў сакавіку 1988 года ў Менску, скончыў гімназію #11, з 2005 па 2008 год удзельнічаў у «Маладым Фронце». У 2007-м быў абвінавачаны ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт» (арт. 193.1), разам з іншымі ўдзельнікамі атрымаў буйны штраф. У 2007-м годзе прыйшоў у супольнасць «Ян Прадвесьнік» і прыняў хрост. З 2008 году навучаўся ў тэалагічным каледжы, пад час навучання быў гвалтоўна забраны ва ўзброеныя сілы РБ, праходзіў службу з 2009 па 2010 год. Пасля працягнуў навучанне на філалагічным факультэце Літоўскага Эдукалагічнага Універсітэта.

16 снежня 2016 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі