Ніколі зноў!
Вайна для маіх прадзядоў пачалася 17 верасня 1939 года, калі іх паслалі з Бабруйшчыны вызваляць Заходнюю Беларусь ад “панскай” Польшчы, якую сталінскі СССР дзяліў на пару з гітлераўскай Нямеччынай. З Заходняй Беларусі іх перакінулі вызваляць ад фінаў Фінляндыю. У гэты ж час у Беларусі іх жонак, прынамсі маю прабабулю Надзею Пуцікаву, якая засталася адна без мужа з трыма дзецьмі, вымусілі ўступіць у калгас, прыгразіўшы ёй высылкай у Мінск. Прабабуля баялася, што ейны Пятро яе ў Мінску не знойдзе.
Пасля Фінляндыі ў маіх продкаў, якія афіцыйна ані ў польскай, ані ў фінскай кампаніях не ўдзельнічалі, быў адзін год адносна мірнага жыцця, а потым наступіў чэрвень 1941-га. Двое прадзядаў здолелі пазбегнуць мабілізацыі, ведаючы, што з тым, як Савецкі Саюз закідвае ворага гарматным мясам, ім жывымі дадому не вярнуцца. А вось двух усё ж мабілізавалі. Як вынік, Пятро Пуцікаў знік без вестак, а Павел Сідаровіч быў узяты немцамі ў палон і на 7 лістапада 1941 года спалены жыўцом у Бабруйскай фартэцыі.
У гэтай жа фартэцыі немцы трымалі ў закладніках маю прабабуля Варвару Гацак з малымі дзецьмі, спрабуючы схапіць яе мужа Міхеда Гацака. Дзякуй Богу, іх вызвалілі. Сама ж Варвара ў 1942 годзе памерла ад хваробы.
У гэтым жа 1942 годзе падчас карнае аперацыі немцамі была спаленая вёска Казулічы, а ў ёй сярод сотняў іншых – мой прапрадзед Платон Габрусь з малодшымі дзецьмі і ўнукамі. Малодшаму не было і года.
Дачка ж Платона, мая прабабуля Макрына ў гэты час з мужам Кастусём Балдзенкам ужо жыла ў іншай вёсцы – Ганчароўцы. У іхнай хаце пасялілася нямецкае афіцэрства, а іх з дзецьмі выселілі ў сарай. Давялося ім пацярпець і ад партызанаў, якія, патрабуючы сала, ледзь не расстралялі Кастуся.
Улетку 1944 года савецкія войскі вызвалілі Бабруйшчыну ад немцаў. Кастуся Балдзенку і Міхеда Гацака адразу ж мабілізавалі на фронт. Дайшлі яны да Усходняй Прусіі, заплаціўшы за гэта кроўю і потам. Кастусь быў цяжка паранены, ратуючы свайго камандзіра (за гэта ўганараваны Ордэнам Славы ІІІ ступені). Міхед праявіў сябе ў даглядзе за вайсковымі коньмі (уганараваны медалём “За баявыя заслугі”).
Ва Усходняй Прусіі яны і сустрэлі навіну пра Перамогу. Праз некалькі месяцаў вярнуліся дадому, да сваіх сем’яў. Але вярнуліся не ўсе – Надзея Пуцікава і Ніна Сідаровіч – яшчэ маладыя жанчыны, так і засталіся адны да скону жыцця, адны гадавалі яны дачок і сыноў, якія засталіся без бацькаў.
***
Сёння ўсё большую папулярнасць набываюць блюзнерскія “жарты” пра “можам паўтарыць”, “у Берлін па немак” і іншыя. Усё больш гучна і больш небяспечна гучыць на парадах (і не толькі) вайсковая тэхніка. Усё больш нянавісці ліецца з экранаў, ператвараючы Дзень Перамогі 9 траўня з дня міру і жыцця, дня памяці загіблых у дзень імперскага шаленства і наплявальніцтва на чужыя дый уласныя жыцці.
Сумняюся, што мае прадзеды хацелі “паўтарыць” падзеі вайны, смерць блізкіх і вайсковых таварышаў. Сумняюся, што іх жонкі хацелі б зноў прачынацца сярод ночы і плакаць, не ведаючы нічога пра сваіх мужоў і хвалюючыся за сваіх дзяцей. Сумняюся, што мае дзяды і бабулі хацелі б зноў чакаць з фронту бацькаў ды сядзець у вязніцах. Сумняюся, што яны хацелі б застацца без бацькаў, а іх маці – без мужоў.
Не хачу я гэтага і для сваёй жонкі, і для сваіх дзяцей, і для сваёй маці, для сваіх знаёмых і для ўсіх беларусаў! Ніколі!
Ніколі зноў!
Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Пастар Ганчарэнка: «Зараз шмат хто будзе зняможаны душой» 18.05.2022 13:10
- У Данецку пад расійскім абстрэлам загінула насельніца манастыра 17.05.2022 16:34
- У Гродне 15 мая адбыліся Каложскія ўрачыстасці 17.05.2022 14:48
- У ЗША злачынец адкрыў страляніну ў прэсвітэрыянскай царкве 17.05.2022 11:19
- Пастар Ганчарэнка: «Я думаю пра Марыупаль» 13.05.2022 16:33
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)