Нядзеля Добрага Пастыра – гэта дзень малітваў аб пакліканнях

31166833_1861741190543338_2115801400834260992_n

Праблема з пакліканнямі ў Касцёле ў Беларусі існуе – гэта можна сцвердзіць адразу. Да гэтага часу ў нас былі дзве семінарыі, аднак навучэнцаў у іх было і застаецца занадта мала дзеля таго, каб Касцёл мог забяспечыць свае патрэбы ў святарскім служэнні. Прынамсі так сцвярджаюць і самі біскупы, ну, і свецкія ўлады краіны, хоць гэта, канешне, не іх кампетэнцыя.

Атмасфера нядзелі Добрага Пастыра спрыяе не толькі таму, каб узносіць малітвы аб пакліканнях, але таксама засяродзіцца над пытаннем, чаму Касцёл сёння перажывае крызіс з пакліканнямі?

Некаторыя, спрабуючы адказаць на гэтае пытанне, прыходзяць да высновы, што гэта маладыя людзі не ведаюць, што такое пакліканне і кім з’яўляецца святар, а таму і не могуць распазнаць сваё пакліканне. Цяжка не згадзіцца з гэтай высновай, аднак яшчэ цяжэй не заўважыць, што гэты адказ недастатковы, інакш кажучы, праблема мае глыбейшыя карані і не абмяжоўваецца выключна сэрцам маладога чалавека.

Калі сцвердзіць, што недахоп пакліканняў ёсць толькі таму, што сёння маладыя людзі не разумеюць сэнсу святарскай місіі, то існуе небяспека, стаць прапаведнікам Бога, які не спраўляецца з сучаснымі маладзёнамі і не можа дастукацца да іх сэрцаў. А Біблія пераконвае, што так не ёсць. І падае безліч прыкладаў на старонках Святога Пісання, як Бог спраўляўся з тымі, хто на пачатку не хацеў ісці за голасам Божым, але ж пасля цалкам паспяхова выконваў заданне, даручанае Богам. Той самы прарок Ёна, якога Бог дастаў і на караблі, што пакідаў зямлю, якая знаходзілася пад пратэкцыяй Усявышняга, і ў чэраве рыбы Ёна згадзіўся і не мог больш не слухаць Бога, і пасля пайшоў і выканаў сваё служэнне ў Нініве.

Сёння пакліканне да святарства як правіла адбываецца ва ўлонні Касцёла. Аднак парадоксам ёсць тое, што маладых людзей у Касцёле шмат, а вось тых, якія пачулі б голас Божы “ідзі за мной», ёсць адзінкі. Пытанне, ці гэта Бог не кліча? Такога канешне быць не можа. Бог не ёсць абсурдным у сваіх дзеяннях. Бог кліча. Голас ягоны гучыць, бо Ён першы, хто думае пра свой народ і клапоціцца пра работнікаў, шукаючы, каго паслаць на жніво. Прарок Ісая пра сваё пакліканне пісаў так: “Тады я пачуў голас Пана, які казаў: Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І сказаў я: Вось я, пашлі мяне” (Іс 6,8).

Тут падкрэсліваецца перадусім клопат Бога. І не маем аніякіх падстаў сказаць адваротнае пра Бога.

Так што, праблема не ў тым, што Бог не кліча. Праблема і не ў тым, што маладыя хлопцы або дзяўчаты маюць кепскія сэрцы ці вушы, каб быць здольнымі адказаць пазітыўна на заклік Госпада, бо Госпад і не з такімі спраўляўся.

Аднак праблема існуе. І баюся, гэтая праблема крыецца ў самім Касцёле. Мы – народ Божы, якія з’яўляецца Касцёлам і з’яўляецца адказам на пытанне, чаму ёсць крызіс пакліканняў.

Не адчувалася недахопу ў пакліканнях у Касцёле часоў Апосталаў. Але ж тады і не адчувалася недахопу прапаведвання Добрай Навіны.

Так Дзеянні Апосталаў пераказваюць: “Пётр, напоўніўшыся Духам Святым, сказаў: Правадыры народу і старэйшыны! Калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў, то няхай будзе вядома вам і ўсяму народу ізраэльскаму. Гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы, дзякуючы імені Езуса Хрыста з Назарэту, якога вы ўкрыжавалі, і якога Бог уваскрасіў з мёртвых” (Дз 4, 8-12).

Пётр не апраўдваецца за “добры ўчынак», яго не турбуе “адміністратыўная» або нават “крымінальная» адказнасць, якая яму пагражае за тое, што здзейсніў Бог. Касцёл прапаведуе Добрую Навіну для дабра вернікаў і на хвалу Божую. А прапаведуючы, не азіраецца на тое, ці падабаецца гэта камусьці, ці не. Так, як і Добры Пастыр, як тлумачыць Езус у дзясятай главе Евангелля паводле святога Яна. Пастыр пасвіць авечак і не азіраецца на драпежнікаў, ад іх бароніць статак, але ж не перастае яго весці на зялёныя нівы толькі таму, што там ужо разлёгся воўк. Бо ён, пастыр, – добры і калі трэба, то ваўка адгоніць, а калі ж не, жыццё аддасць, але з Божага шляху, вызначанага для статка, не саступіць.

Такую ж візію, ясную і празрыстую, меў таксама Касцёл часоў Апосталаў. І вось у такім Касцёле не магло быць недахопу пакліканняў, бо ў ім ясна гучала Божае Слова, і той, каго клікаў Бог, Яго добра чуў і за Ім ішоў. Небяспека не пачуць голас Бога была змінімалізаваная. “А Госпад штодня далучаў да іх тых, хто меў быць збаўлены» (Дз 2,47).

Пакліканне не нараджаецца ў маладым сэрцы тады, калі маладзёны не разумеюць, куды ідзе статак Божы, або калі пастыры з ваўкамі маюць паразуменне, і ў такім хаўрусе ўжо цяжка адрозніць голас пастыра, што вядзе да зялёнай пашы, і голас ваўка, які заганяе ў пастку. Такая сітуацыя маладога чалавека даводзіць да ступару. Ён і хацеў бы адказаць на голас Божы “вось я, пашлі мяне”, ды не ведае, што казаць, а адказаўшы, сам не ведае, што прапаведаваць.

Думаю, варта маліцца за пастыраў, каб былі верныя свайму пакліканню. Пастыры будуць вернымі, Касцёл будзе мець візію. Касцёл будзе мець візію, маладыя будуць бачыць ясныя Божыя арыентыры, і тады Бог адорыць наш Касцёл шматлікімі пакліканнямі.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

22 красавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі