Няверуючыя практыкуючыя

Сведкі ІеговыКалі я вучылася на другім курсе, да мяне ў інтэрнат увесь час прыходзілі жанчыны са «Сведак Іеговы». Я іх ніколі не запрашала, ніколі не была з імі знаёмая. Яны проста прыходзілі з жаданнем паразмаўляць са мной пра Бога.

Яшчэ ў школьны час, калі на парозе майго дома з’яўляліся салодка ветлівыя жанчыны, я зачыняла дзверы. Думалася, аб чым я буду з імі размаўляць, дый увогуле нашто мне, такому веруючаму каталіку, губляць час з заблуканымі авечкамі.

Цяпер жа дзверы я ім ужо адчыняла. Размаўляла так, на парозе, ці запрашала ў пакой на гарбату і каву. Мая звычайная ветлівасць іх уражвала, мяне ж уражвала мая недалёказоркасць: вось тое, чаго мне (нам) не хапае. Я (мы) павінна выходзіць да людзей, каб несці ім свайго Госпада.

Давайце на чысціню: хто з нас так сапраўды ведае, што такое евангелізацыя? Новапаўсталыя хрысціянскія музычныя праекты крытыкуюць за пратэстанцкія песні і спосаб малітвы; шчырым сведчанням тых, хто навярнуўся, не вераць; акцыі бескарыслівай дапамогі расцэньваюцца як піар царквы. Штосьці не так.

Веру ў Госпада мы бачым як нешта асабістае. Гэта як быццам бы наш унутраны свет, нашае ціхае і самае правільнае бачанне гэтага свету. Праз сваю малітву мы будзем з Богам у Небе, няверныя будуць вечна цярпець ў пекле. Толькі вось як сказаў адзін з багасловаў, “хрысціянін не можа называцца ім, калі не верыць, што УСЕ будуць выратаваныя”.

Успамінаюцца словы Паўла Севярынца, які на адной з сустрэч параўнаў нашу хрысціянскую веру да чаўна. Мы плывем у гэтым самым човене, ведаем Праўду і будзем збаўленыя. Аднак усе астатнія няхай топяцца, мы ім дапамагчы не можам, яны нягодныя.

Дык вось паўстала ў мяне горкае пытанне: чаму ж мы не хочам выратаваць тых, хто насамрэч топіцца? Часам, можа, трэба скокнуць у халодную ваду і дапамагчы чалавеку збавіцца. Як у біблейскай прыпавесці, мы праходзім ля пабітага, паміраючага чалавека і думаем, што гэта не нашая задача – абцерці пыл з яго вопраткі і змыць спечаную кроў на яго твары.

Што такое для мяне евангелізацыя? Гэта быць Езусам. Ён выходзіў да народаў, прамаўляў мудрасцю Айца Нябеснага, адкрываў таямніцу Божага Валадарства. Што раблю я? Малюся, горача размаўляю з Госпадам на адарацыі і весела праводжу час з каталіцкай моладдзю пасля св. Імшы. Гэта ўсё цудоўна, толькі карысці для іншай асобы тут няма.

Наш Госпад назваў нас соллю свету. Толькі які з нас толк, калі мы не надаем смак людзям, якія яго згубілі.

Досыць маіх разважанняў, вось мой заклік: давайце выходзіць да людзей! Давайце несці Госпада туды, дзе пра Яго забыліся ці ўвогуле ніколі не ведалі. Давайце хаця б старацца быць апосталамі Хрыста, які чакае нашай дапамогі.

Назва “няверуючыя практыкуючыя” вельмі канкрэтна адлюстроўвае нас, хрысціянаў. Мы сусветныя чэмпіёны па асуджэнні за грахі іншых людзей. Практыкуючыя – бо кожную нядзельку ходзім у Касцёл. Няверуючыя – бо верай трэба дзяліцца, а мы проста плывем у збаўленчым чаўне.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

ткачук

Паходжу з Ліды, але атрымоўваю веды з журналістыкі ў Варшаве. Пакуль што адношу сябе да пакалення 20-гадовых. Люблю коцікаў і задаваць дзіўныя пытанні. Пішу лепш, чым размаўляю.

01 студзеня 2015 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі