Па сьлядох 8 сакавіка

Мінула 8 сакавіка. Я стараўся нічога не сказаць у гэты дзень, але па яго выніках усё ж не ўтрымаўся і вырашыў выказаць ІМХО, бо не лічу гэты дзень сьвятам з розных прычын.

Прычына першая. 8 сакавіка вынайшлі не абстрактныя змагаркі за жаночыя правы. У іх былі канкрэтныя імёны – Кляра Цэткін ды Ружа Люксэмбург. Дзьве дзяячкі камуністычнага руху. Таго самага руху, які разбураў маю краіну, зьнішчаў мой народ і яго лепшых прадстаўнікоў, забіваў маіх сваякоў. Імёны гэтых актывістак стаяць у адным шэрагу зь Леніным, Дзяржынскім, Калініным, Сьвярдловым, Сталіным і іншымі заплямленымі чалавекабойствам людзьмі. І сьвяткаваць камуністычныя дні аніякага імпэту ў мяне няма.

Прычына другая. Мне не падабаецца тое, што жанчын узгадваюць толькі раз на год. Для праформы. Дораць кветкі, мыюць посуд, робяць каву і зноў забываюць да наступнага 8 сакавіка. Для мяне мая жонка існуе штогод. Я раблю свой кавалак хатняй працы (так, непараўнальна меншы за жончын, але я не валяюся на канапе “пасьля працы”). Я дару кветкі не ў якісьці канкрэтны дзень, а найлепш зьнянацку. Я магу прыгатаваць ежу. А калі жонка хварэе, дык хатнія абавязкі ўвогуле часьцяком кладуцца на мяне.

Мяне аж трэсла сёлета, калі ў афіцыйных віншаваньнях штораз чытаў пра тое, як жанчыны натхняюць мужчынаў на ўсялякія зьдзяйсьненьні. Нібыта жанчыны – гэта проста нейкі прыдатак да мужчынаў, а не самастойныя асобы са сваімі імкненьнямі, мэтамі, пачуцьцямі, амбіяцамі і іншымі сваімі характарыстыкамі. Але ёсьць але.

І тут мы пераходзім да трэцяе прычыны – таго выраджэньня, у якое ператвараецца змаганьне за жаночыя правы. Я падтрымліваю выбарчыя, маёмасныя, працоўныя, кар’ерныя, асабістыя, палітычныя ды іншыя правы жанчын, якія ня мусяць адрозьнівацца ад адпаведных правоў мужчынаў. Не лічу, што жанчыны мусяць сядзець адно на кюхе, займацца выключна кіндэрн ды не заходзіць далей за кірхэ. Больш за тое, падштурхоўваю да самарэалізацыі жонку і дачок, каб яны маглі займацца тым, што ім цікава і што ў іх атрымліваецца рабіць.

Але я не лічу, што жанчына мусіць арбайціць зранку да вечару, цягаць шпалы, заходзіць у гарашчыя ізбы ды спыняць табуны, калі ў яе не ляжыць да таго душа і калі жыцьцё дазваляе гэта не рабіць. Калі ёсьць такая цікавасьць, жаданьне – калі ласка, бар’ераў быць не павінна. Але ня трэба цягнуць дзяўчат і жанчын “з патрыярхальнага рабства” туды, дзе яны быць ня хочуць.

Я лічу, што ў жанчын мусяць быць за аднолькавую працу аднолькавы заробак з мужчынамі. Для мяне не праблема, калі ў мяне начальнікамі ёсьць жанчыны ці мае каляжанкі зарабляюць больш. Але пры гэтым уважаю патрэбным быць рэалістам. А то маем сытуацыю як з амэрыканскімі футбалісткамі, якія хочуць мець аднолькавыя заробкі з амэрыканскімі ж футбалістамі, хаця жаночы футбол аб’ектыўна не мае тых самых грошаў (у тым ліку праз адсутнасьць цікавасьці з боку саміх жанчын), што й мужчынскі.

Я не лічу праблемай, што мае дочкі гуляюць з цацкамі сына, а ён – зь іхнымі. Дый хто мае трох дзяцей, зразумее, што калі дзеці ціхенька гуляюцца – гэта лепш, чым калі яны б’юцца ды сварацца. Я разумею, што хлапечае лега цікавейшае за дзявочае і што пагуляць у мортал комбат часам цікавей за ружовых поні. Але я супраць таго, каб адмыслова і наўмысна купляць дзяўчынкам хлапечыя цацкі, а хлопцам – дзявочыя. Прабачце, але гэта ўжо паталёгія.

Я не лічу жанчын інкубатарам, якія мусяць толькі нараджаць. Але й ня веру ў аніякія правы на аборт, бо зь дзяцінства прывык, што мая свабода канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. А ў пытаньнях аборту гаворка йдзе нават не пра свабоду, а пра жыцьцё. У выніку атрымліваецца крывадушша, калі выгадна – то ў жывоціку расьцё дзіцёначак, а калі не – гэта плод, якога можна забіць ледзь не да моманту нараджэньня. Жанчыны маюць права рабіць што заўгодна са сваім целам — апранацца, як хочуць, рабіць тату, пірсінгі і ўсякае іншае, але ў пытаньні аборту гаворка ўжо йдзе пра цела іншага чалавека, хай і зьвязанага Богам/прыродай/чарадой выпадковасьцяў/іншапланецянамі (патрэбнае падкрэсьліць) са сваёй маці.

Пры гэтым, так, я лічу, што й мужчына мусіць несьці адказнасьць, за ўсякае “што, каму, калі, чаго”, а не “заляцела – разьбрайся сама”. Лепш увогуле спрабаваць устрымлівацца да шлюбу, але й са сьвечкай стаяць ня буду.

Я рэзка супраць любых спробаў агульнага ахайваньня ці ўзьнясеньня пэўных групаў – полавых, расавых, нацыянальных, рэлігійных, сацыяльных. Кожны індывід індывідуальны, і тое, што можа быць характэрна для аднаго, для іншага можа быць і неўласьціва. Цярпець ненавіджу, калі мужчын вінавацяць ува ўсіх сьмяротных грахах, а то й прыдумляюць новыя, кшталту мэнспрыдынгу – калі мужык сядзіць у транспарце, шырока раскінуўшы ногі. Я рэдка езджу ў транспарце, а яшчэ радзей сядаю, але зь дзяцінства ведаю цётачак, якія сядаюць каля праходу так, што да вакна празь іх не пралезьці, або ставяць побач з сабой на крэслы свае буйнагабарытныя дамскія торбачкі. Чым гэта лепш за славуты мэнспрэдынг? Ці, можа, гаворка ўсё ж ідзе пра звычайнае хамства і непавагу да іншых? Можа, лепш змагацца з хамствам, няважна якога яно полу, а не з мужчынамі як групай?

Я ні ў якім разе не ўважаю кароткія спадніцы ці алкагольнае ап’яненьне апраўданьнем згвалтаваньняў ды іншых inappropriate паводзінаў з боку мужчынаў. Злачынства – ёсьць злачынства, і ніякі твой гнілы ўчынак не апраўдваецца паводзінамі іншых. Але й лічу вартым прытрымлівацца элементарнай тэхнікі бясьпекі, бо калі я пайду ў слізкіх ботах гуляць па мокрым абрыве, то доля адказнасьці за маю сьмерць будзе й на мне.

Я нічога ня маю супраць актывістак, паэтак, дырэктарак, але й меру ж трэба ведаць у фемінітывах, калі штучныя суфіксы піхаюць да месца і не. І ў выніку ты сядзіш і думаеш, як жа правільна, напрыклад, назваць жанчыну-палітыка: паліцічка, палітутка, паліціня ці які іншы варыянт? Астанавіцесь!

Сёньня модна сьмяяцца з розных зьняважаных пачуцьцяў вернікаў (Пусі Райт, Мацільда, Саламея і ко). І ў абсалютнай большасьці выпадкаў я лічу, што ўсю гэтую зьняважанасьць надуманай і штучна разьдзьмутай. Але, прабачце, чым ад гэтага адрозьніваюцца радыкальныя фэміністкі, якіх хлебам не кармі, а дай пазьневажацца ад розных некананічных рэклям бялізны ці залішне сэксуальнага паяданьня макаронаў? Тыя ж яйкі – выгляд з боку. Але ж адно – фу-фу-фу, а другое – модна, стылёва, маладзёва. Абое рабое, калі так хочацца адчуць сябе ахвярай, што ажно ня можаш не расквітацца зь іншадумцамі.

А яшчэ больш мне не падабаецца, калі, як гэта было якраз 8 сакавіка, ярыя фэміністкі абураюцца, што, маўляў, якіясьці жанчыны кажуць, што не сутыкаліся з дыскрымінацыяй. Як гэта так? Калі ты жанчына – ты мусіш сутыкацца з дыскрымінацыяй! І нават не кропка, а клічнік! Такое адчуваньне, што мэта – не збудаваць нешта лепшае, знайсьці кансэнсус, а весьці вайну на зьнішчэньне гэтак званай “таксічнай маскуліннасьці”, а то і ўвогуле мужчын. Калі ўсё-такі апошняе, то ў такім разе, канечне, пасьлядоўнасьць з камуністкамі Цэткін і Люксэмбург відавочная:

“Весь мир насилья мы разрушим
До основанья, а затем
Мы наш, мы новый мир построим, —
Кто был ничем, тот станет всем”.

Фота polin.pl

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

10 сакавіка 2019 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі