Перадсвяточны Дзённік. Рыхтуемся да Раства разам!

Ліст 2: “Ільюцца з мяне рэкі Тваёй Ласкі”. Як цярпенні могуць пераўтварыцца ў дабраславенні?

Зусім нядаўна прачытала, што толькі надломленасць можа весці да поўнай адданасці. Надломленасць уласнага сэрца — неверагодна балючае, незразумела і невыноснае выпрабаванне, якое ў хрысціян называецца “цярпенні”.

“Чаму Госпад дае нам цярпенні і для чаго нам гэта варта цярпець?” — адвечныя пытанні, на якія шукалі адказы хрысціяне усіх часоў. Думаю, што ў кожнага сваё меркаванне наконт гэтага. У мяне ж цярпенні асацыююцца з бярозкамі. Увесну маладыя бярозы прабіваюць. У іх робяць дзіру. З дзяцінства мае бацькі прышчаплялі мне шкадаванне да дрэваў, бо ім, як яны казалі, у гэты час вельмі балюча. Але толькі пасля гэтага прабівання з бяроз па кропельках капае сок, які наталяе смагу людзей.

Тое ж самае адбываецца і з чалавекам. Толькі калі яго сэрца прабіваюць, сціскаюць, расцярушваюць, з яго цякуць рэкі Вады Жывой. Толькі з церпячага сэрца, якое аддадзенае ў гэтых цярпеннях Богу, Ён зможа дзейнічаць у поўнай ступені. І з кожным маленькім сцісканнем уласнага сэрца, з яго будзе выходзіць маленькая кропля Жывой Вады, якая будзе наталяць смагу іншых.

Богу патрэбны чысты водар цярпенняў. Гэта магчыма толькі тады, калі ты поўнасцю давяраеш увесь боль Богу і перастаеш шукаць паратунку ў людзях і заглушаць яго ў іншых рэчах. Толькі калі на мяжы ўласнага сэрца ты працягваеш любіць, працягваеш ісці за Воляй Божай і працягваеш упакорвацца Богу, толькі тады рэкі слёзаў пераўтвараюцца ў рэкі Вады Жывой, а значыць — у дабраславенні, а значыць – у дасканалую Радасць, пра якую так любіў пісаць апостал Павел.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі

21 снежня 2016 | Блогі | Тэгі:



Блогі