Пілігрымка Барысаў-Росіца: трансляцыя дзень за днём (фота, абноўлена)

Росіца
Касцёл у Росіцы. Фота — Radzima.org

Крыніца.INFO прапануе сваім чытачам штодзённую трансляцыю з каталіцкай пілігрымкі Барысаў-Росіца, якая зараз праходзіць у Беларусі. Сваімі ўражаннямі ад пілігрымкі дзеліцца адна з яе ўдзельніц – Ірына Губская.

Нагадаем, 1-2 жніўня ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна збяруцца вернікі, каб ушанаваць памяць мучаніцкай смерці бласлаўлёных а. Юрыя Кашыры і а. Антонія Ляшчэвіча, якія ў 1943 годзе ахвяравалі свае жыцці за сваіх парафіянаў і былі спаленыя немцамі жыўцом. Пачатак урачыстасцяў – 1 жніўня а 18.00. Пілігрымы ў Росіцу ідуць з розных напрамкаў, адзін з іх мы і асвятляем.

Ад аўтара, замест пасляслоўя

Дарога ў 8 дзён нялёгкае фізічнае і духоўнае выпрабаванне, але прайшоўшы яго хоць раз, мяняешся назаўсёды. Росіца заўжды чакае сваіх пілігрымаў, і не толькі ў час росіцкіх урачыстасцяў у жніўні і лютым. Туды варта прыязжаць, каб знайсці сапраўднае.

Дзень восьмы. У Росіцы

У апошні дзень шляху ўсе пешыя пілігрымы вырушылі разам адной вялікай групай. З раніцы іх суправаджаў невялікі дождж.

20140801_125507

У вёсцы Маразы пілігрымаў сустрэлі парафіяне з Бігосава. Па старадаўняй беларускай традыцыі ўжо шмат гадоў яны сустракаюць пілігрымаў хлебам-соллю, як самых дарагіх гасцей. Таксама яны прыгатавалі для пілігрымаў смачны абед.

20140801_152618

Паабедаўшы ды адпачыўшы, пілігрымы падзякавалі гасцінным гаспадарам ды вырушылі ў дарогу: наперадзе іх чакала мэта іх пілігрымавання — Росіца.

20140801_153134

У санктуарыі росіцкіх пакутнікаў пілігрымаў прывітаў апякун месца мучаніцтва і пробашч росіцкага санктуарыя айцец Часлаў Курачка МІС.

20140801_153317

Пасля прывітання пілігрымы ўвайшлі ў святыню, дзе ўсклалі на росіцкі алтар свае малітвы, просьбы, свой боль, мазалі, натхненне. Скончыўся шлях пілігрымаў малітвай за Беларусь і ў асабістых інтэнцыях. Пазней пілігрымы сустрэліся ў сваіх групах каб падзякаваць адзін аднаму за шлях і падзяліцца сведчаннямі.

20140801_162329

Малітоўнае чуванне распачалося Святой Імшой для пілігрымаў як падзяка за шлях. Пазней росіцкія святкаванні працягнуліся малітвай, сустрэчамі, апагеем малітоўнага чування стала начная Святая Імша, з працэсіяй святла да месца мучаніцтва.

20140801_191210

Дзень сёмы. Перадапошні

Раніцай пілігрымы ажно з трох груп — пешай з Барысава, пешай з Друі і групы на роварах з Барысава сабраліся разам у Мёрскім касцёле, каб пачаць свой перадапошні дзень са Святой Імшы.

20140731_065114
Пасля літургіі яны вырушылі ў шлях: па традыцыі апошніх гадоў пешыя групы ідуць адна за адной той жа дарогай, часамі амінаючы адна адну. У гэтым годзе тым жа шляхам праехала велапілігрымка з Барысава.

20140731_130043
Пазней групы сустрэліся ў Даўгінаве на абедзе. Цікава, што ў Даўгінаве пілігрымаў з радасцю сустракаюць мясцовыя жыхары, хоць збольшага вызнаюць праваслаўе. Такі экуменічны жэст пакуль сустракаецца досыць рэдка на пілігрымскіх шляхах.

20140731_143914
Калі пілігрымы пераходзілі Заходнюю Дзвіну і ўваходзілі ў Верхнядзвінскі раён, іх напаткаў дождж. Пасля сямі дзён палячага сонца ён стаў жаданай ахалодай, хоць і напаткаў нечакана.

20140731_143927
У Верхнядзвінску сабраліся ўсе тры пешыя групы: з Барысава, Друі і Полацка. Частку пілігрымаў запрасілі да сваіх домоў парафіяне, каму ж начлегу ў парафіян не хапіла, знчйшлі прытулак у мясцовай школе.

20140731_183014
Заўтра, ў апошні дзень пілігрымкі, ўсе групы разам вырушаць у шлях каб увайсці ў росіцкую святыню.

20140731_221412

Дзень шосты. Пілігрымкі пачынаюць сустракацца

Раніцай развітаўшыся з парафіянамі ў Шаркаўшчыне, пілігрымы вырушылі ў бок Мёраў. Гэта ўжо шосты дзень пілігрымавання, таму ўжо добра адчуваецца стома ўсёй групы.

20140730_115201

Бліжэй поўдня пілігрымы дайшлі да Новага Пагосту, дзе іх чакалі парафіяне, якія прыгатавалі для пілігрымаў смачны пачастунак.

20140730_124740

Крыху пазней іх дагналі велапілігрымы з Барысава. Група з 11 чалавек вырушыла ў шлях 28 ліпеня, і праехаўшы на роварах шлях пешых пілігрымаў сёння дагналі іх ў Новым Пагосце. Пазней пілігрымы яшчэ сустрэнуцца, але ўжо ў Росіцы.

20140730_194614

Пасля супольнай Святой Імшы пешыя пілігрымы з Барысава працягнулі шлях і вечарам дайшлі да Мёраў, дзе пасля прывітання і малітвы іх запрасілі на начлег мясцовыя жыхары.

20140730_194646

Некалькі хвілін пазней да мёрскага касцёлу таксама дайшлі пілігрымы з Друі. Яны выйшлі сёння і маюць трохдзённы шлях да росіцкай святыні.20140730_200221

Заўтра пілігрымы вырушаць у бок Верхнядзвінска, дзе сустрэнуцца ўсе тры пешыя групы: з Барысава, Полацка і Друі.

Дзень пяты. Пілігрымаў пабольшала

Пілігрымы рана з раніцы пасля ранішняй малітвы скіраваліся ў Шаркаўшчыну. Да групы далучыліся пілігрымы з Глыбокага і Маладзечна, і цяпер у групе крочыць 61 чалавек. Свежая кроў ажывіла групу і дадала імпэту.

20140729_081535

Па дарозе пілігрымаў віталі сустрэчныя падарожныя, перадавалі запіскі з інтэнцыямі і ахвяраванні з просьбай скласці іх да росіцкага алтара.

20140729_095633

У Пятроўшчыне пілігрымаў чакаў абед, якія прыгатавалі шчодрыя парафіяне, і цудоўнае мясцовае возера. Падчас адпачынку адзін з пілігрымаў прачытаў свой дзённік, які ён вёў падчас мінулагодняй пілігрымкі. Сярод пілігрымаў, якія крочаць не першы год, шмат хто пазнаў сябе сярод герояў апавядання.

20140729_095823

Пазней пілігрымы спыніліся на адпачынак дома ў адной з пілігрымшчыц. Гэта ўжо стала традыцыяй у групе Барысаў — Росіца госціць у родных Ірыны Губскай. Яе бацькі штогод рыхтуюць пачастункі для гасцей і радасна іх прымаюць, а ў мінулым годзе накармілі 80 чалавек, прыгатаваўшы абед за 3 гадзіны, калі пра прыход пілігрымаў забыліся ў Пятроўшчыне.

20140729_125831

Пазней пілігрымы скіраваліся ў Шаркаўшчыну, дзе пасля прывітання і Святой Імшы разышліся па дамах гасцінных парафіян. Заўтра пілігрымаў чакае шлях да Мёраў.

20140729_164651

20140729_184513

Дзень чацвёрты. Пілігрымы прыйшлі ў Глыбокае

Чацвёрты дзень пілігрымкі да росіцкіх пакутнікаў пачаўся спеўнай ранішняй малітвай у докшыцкім касцёле. Пілігрымы маліліся разам з моладдзю, якая зараз адпачывае ў Докшыцах і перабывае рэкалекцыі.

20140728_080340

Па дарозе пілігрымаў віталі ў Барсуках і Порплішчах, а таксама на ўваходзе ў Глыбокае. Для пілігрымаў мясцовыя вернікі прыгатавалі смачныя пачастункі. Таксама падарожных віталі кіроўцы, якія праязджалі поруч і выказвалі сваю падтрымку.

20140728_093027

Скончыўся дзень Святой Імшой ў глыбоцкім касцёле, пад час якой пілігрымы дзякавалі Богу за адужаную палову шляху.

20140728_115525

Заўтра пілігрымы скіруюцца ў Шаркаўшчыну.

20140728_124743

20140728_184522

Дзень трэці. Докшыцы

Нядзельнай раніцай пілігрымы вырушылі ў бок Докшыц. Наперадзе чакаў шлях меншы, чым учора. Але спякота зрабіла сваю справу, і дзень аказаўся досыць складаны.

20140727_082108

Бліжэй апоўдня пілігрымка перасякла старую мяжу Усходняй і заходняй Беларусі — раку Поня, на беразе якой мелі адпачынак. Пазней група мела адпачынак з абедам у вёсцы Шунеўка, дзе ў часы другой сусветнай спалілі вёску разам з жыхарамі, а дзяцей утапілі ў калодзежы. Зараз там мемарыяльны комплекс.

20140727_103732

Выходныя дні падыходзяць да канца, таму шмат людзей вяртаюцца з адпачынкаў на Браслаўскіх азёрах ці проста з бабуліных вёсак. Кіроўцы прыпыняліся, выказвалі словы падтрымкі ці проста віталі пілігрымаў.

20140727_082442

Пад вечар група дайшла да докшыцкага касцёла, дзе іх сустрэлі вернікі мясцовай парафіі разам з айцамі-капуцынамі, якія тут служаць.

20140727_182453

Пасля нядзельнай Святой Імшы пілігрымаў запрасілі на начлег да сваіх дамоў парафіяне.

20140727_125302

Каля докшыцкага касцёла пілігрымы размянялі першыя 100 кіламетраў. Заўтра працягнецца шлях. Мэта дня — Глыбокае.

20140727_125437

Дзень другі. Ад Зембіна да Бягомля

Прачнуўшыся рана зраніцы пілігрымы працягнулі шлях. На другі дзень пілігрымкі прыпадае самы вялікі дзённы адрэзак шляху — аж 49 кіламетраў. Шлях ускладняла гарачае надворʼе. Праз спёку і нялёгкую дарогу не прымусілі сябе чакаць мазалі ды пацянутыя звязкі і мышцы. Але пілігрымы, дапамагаючы адзін аднаму, пераадольваюць усе цяжкасці на шляху да росіцкай святыні.

20140726_212520

Дарога ад Зембіна да Бягомля праходзіць праз лясы і рэдкія вёскі, але там пілігрымы не сустракаюць разумення і прыняцця. Гэта самы складаны кавалак шляху і з фізічнага, і з маральнага пунктаў гледжання.

20140726_212535

Вечарам пілігрымы дайшлі да Бягомля, дзе іх чакалі мясцовыя жыхары. Пасля Святой Імшы пілігрымаў накармілі смачнай вячэрай, пазней пілігрымы разышліся на адпачынак. Заўтра іх чакае дарога да Докшыц.

FB_IMG_14063457914782597

Трэба адзначыць, што гэта ўжо сёмая пілігрымка з Барысава ў Росіцу, такім чынам пілігрымы ўжо ў сёмы раз пераадолелі гэтую частку шляху.

Дзень першы. Пілігрымы з Барысава вырушылі ў Росіцу

Пасля святой Імшы ў барысаўскім касцёле пілігрымы вырушылі ў васьмідзённы шлях, які пройдзе праз Зембін, Бягомль, Докшыцы, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мёры, Верхнядзвінск. Пакуль пілігрымаў толькі 43, але па дарозе да групы таксама далучацца вернікі, якія хочуць адведаць святую росіцкую зямлю.

20140725_081730Групу праводзіць а. Вадзім Мізер МІС. Сёння група спынілася каля руінаў старога Зембінскага касцёла. У адрозненні ад іншых мясцовасцяў, праз які праходзіць росіцкі шлях, у Зембіне пілігрымаў не чакаюць і не сустракаюць. Вечар пілігрымы праводзілі ля ляснога возера, пазней сустрэліся на супольнай малітве, спеве, дзе была магчымасць бліжэй пазнаёміцца.

20140725_085054Рана раніцай пілігрымы працягнуць свой шлях. Заўтра іх чакае амаль 50 кіламетраў шляху да Бягомля.

20140725_161150

FB_IMG_14062761549750668

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

02 жніўня 2014 | Блогі | Тэгі:



Блогі