Пра “Мацільду” і не толькі

Матильда

Логікай увесь гэты нежартоўны цырк вакол “Мацільды” патлумачыць не магу. Забараняць і адмяняць паказы, пагражаць, чыніць тэракты, вяшчаць пра яе з кожнага слупа, нібыта для хрысціянаў няма больш важных праблемаў, чым тое, ці спаў адзін з тысячаў праваслаўных святых з нейкай жанчынай да шлюбу, ці не.

Мікалай ІІ – адзін з тысячаў, ён не ўнікальны, каб так за яго змагацца, каб так былі параненыя «рэлігійныя пачуцці» (як іх увогуле вымяраць?) нейкай меладрамай.

Адзіны вядомы мне фільм апошняга часу, які сапраўды мог бы кагосьці зняважыць, – гэта вельмі моцная апошняя карціна Дарэна Аранофскі “Мама!”, дзе вельмі непрывабна паказаныя Бог Айцец, хрысціянская Царква, рэлігія і вера, Біблія, еўхарыстая. А тут істэрыка з нагоды мыльнай оперы і голага бюсту.

Але нешта не чуваць ніякіх гнеўных выказванняў іерархаў, святароў і простых “зняважаных” “Мамай!” вернікаў, няма пікетаў і лістоў у кінатэатры. Баюся памыляцца, але падаецца, што так масава “рэлігійныя пачуцці” зневажаюцца толькі па камандзе.

Пры гэтым хачу падкрэсліць, што ніяк не заклікаю зараз пратэставаць супраць кінатэатраў, якія паказвалі “Маму!”, знішчаць усе фільмы Аранофскі, Лоўрэнс ці Бардэма. Я ўсё-такі прытрымліваюся погляду, што “Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне” (Гал. 6:7). Разам з тым усе фільмы на рэлігійную і калярэлігійую тэматыку, а тым больш на антырэлігійную, як і іншыя мастацкія творы, – гэта выдатная магчымасць для размовы, для дыскусіі, а таксама мажлівасць паглядзець на сябе чужымі вачыма і неяк пераасэнсаваць свае паводзіны.

Адносна фільму “Мама!” хацелася б пабачыць дыскусіі пра гнастыцызм: яго карані, погляды, гісторыю, уплывы. Тым больш, як падаецца, Аранофскі сапраўды знаходзіцца ў пошуку. На жаль, нічога такога не было.

І адносна “Мацільды” можна было б ладзіць адмысловыя круглыя сталы, перадачы пра Мікалая ІІ, пра святасць і святых, пра подзвіг і страстацерпцаў. У Беларусі я пабачыў (прабачце, калі прапусціў астатняе) толькі адну нясмелую выставу пра яго сям’ю, а больш – нічога. Затое, былі заявы царкоўнага кіраўніцтва, былі лісты ў кінатэатры, станаўленне ў позу кінавідэапракату на Магілёўшчыне, пікет ля кіно.

Вядома, забараняць і не пушчаць заўсёды прасцей, чым думаць і размаўляць, але хацелася б, канечне, другога.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

maksim

Журналіст, галоўны рэдактар КРЫНІЦА.INFO

23 кастрычніка 2017 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі