Пра перамогу, якая выратавала пераможаных і знішчае пераможцаў

image

Я – хрысціянін і беларус. Я – не савецкі чалавек, і мая вера і хрысціянскія прынцыпы робяць немагчымам бескрытычнае ўспрыняцце савецкіх ідэалаў. Я свядомы таго, што ў нашай досыць таталітарнай краіне на топе такія меркаванні і погляды, якія, напрыклад, агучвае гомельскі архімандрыт Сава. Ён, між іншым, апраўдвае бальшавікоў, прызнаецца ў сваёй савецкасці і будучы верным той самай савецкай ідэалогіі, прапануе пераследаваць тых, хто думае інакш. У прыватнасці сцвярджае, што тыя, хто сумняваецца ў перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, павінны пераследвацца па законе.

А я ў прынцыпе супраць такіх атаясамліванняў, як суіснаванне розных народаў пад уладай Масквы з “народам савецкім”. Няма такога народа – савецкага. Былі розныя народы, якія збольшага паняволі ўвайшлі ў склад СССР, якія спрабавалі аб’яднаць нечалавечай і бязбожнай камуністычнай ідэалогіяй. Якія шмат цярпелі і станавіліся яе ахвярамі.

Немагчыма сказаць, што вайна 1941-1945 гадоў была “Айчыннай”. Гэта была вайна вялікая і жахлівая, якая несла зруйнаванне і смерць, было больш за сорак мільёнаў загінуўшых, але, тым не менш айчыннай, яна не была, бо пра нашу айчыну Беларусь, як і пра іншыя Айчыны, у Крамлі ніхто не думаў. Гэта была вайна супраць чалавецтва. Вайна паміж двума таталітарнымі рэжымамі. Адно зло змагалася з другім. Карычневая чума напала на чырвоную чуму.

Немагчыма не заўважыць, што вайна пачалася ў 1939 годзе. І на яе пачатку, нацысты і камуністы былі, ваў, саюзнікамі. Яны мірна дамаўляліся аб захопніцтве Польшчы і часткі Беларусі, яны разам спраўлялі вайсковы парад перамогі 22 верасня 1939 года ў Брэсце. На адной трыбуне стаялі вышэйшыя вайсковыя чыны: прадстаўнік Чырвонай Арміі і прадстаўнікі Вермахта. Мірна, згодна з дамоўленасцю, з Брэста выйшлі войскі нацыстаў, і ўладу занялі войскі камуністаў. Уяўляеце, якая была ідылія ў суіснаванні двух таталітарных рэжымаў тады, ужо калі ад іх ідэалогій гінулі ў канцэтрацыйных лагерах мільёны людзей. Як вам такое змаганне з фашызмам?

Ну а потым быў 1941 год…

Які прынёс такія падзеі, што кожны адэкватны чалавек, узгадваючы іх, просіць Неба толькі аднаго, каб больш ніколі такое не паўтарылася ў нашай гісторыі. Бо была вайна…

Вайна не думала пра чалавека. Генералы не думалі ні пра свае народы, ні пра сваіх салдат. У імя “перамогі” рабіліся ваенныя злачынствы. Савецкая ідэалогія ўспрымала салдат як мяса для забіцця і для прыкрыцця імі Масквы, Крамля і тых, хто там засеў. Красамоўны прыклад – падрыў Днепрапятроўскай ГЭС, якую падчас адступлення знішчылі па загадзе Крэмля ў 1941 годзе, і ад чаго загінула па розных падліках ад 20 да 100 тысяч мірных украінцаў. Вось такая яна “айчынная” вайна – забіваць сваіх для незразумелай перамогі.

Барані Божа, я не хачу нават і адным словам абараніць нацыстаў і тое зло, якое нёс свету фашызм.
І дзякуй Богу, што фашызм быў знішчаны. І 8 мая – дзень капітуляцыі Германіі, назаўжды павінен быць памятным днём для ўсяго чалавецтва.

Заканчэнне вайны – перамогай над фашызмам у 1945 годзе, дало магчымасць ужо ў хуткім часе ў 1946 годзе завершыць Нюрнбергскі працэс і тым самым асудзіць фашызм як такі. Гэтыя падзеі, як ні дзіўна, выратавалі Германію. Пераможаная Германія, асудзіўшы зло, якое нёс фашызм, і адвярнуўшыся ад яго, адбудавала сваю краіну і здабыла свабоду.

А мы ў адрозніванні ад іх, як казаў Васіль Быкаў, “здабылі перамогу, але так і не здабылі свабоду”.

Чаму так? Адказ просты: на постсавецкіх краінах да гэтага часу не было праведзена працэсу накшталт Нюрнбергскага і не былі асуджаныя злачынствы супраць чалавецтва, якія ўчыніла “чырвоная чума”. Без такога акту прымірэння, немагчыма здабыць свабоды. Мы і далей, аслепленыя той перамогай, не бачым, дзе схавалася зло, якое з’ядае нас знутры. Чырвоны рэжым прынёс шкоды не менш, чым тыя ж фашысты. І так бы хацелася ў імя мірнага неба, у імя свабоды і чалавека адзначыць дзень перамогі над ім.

Сённяшні пафас, з якім адзначаецца дзень заканчэння вайны 1941-1945 гадоў, мяне, шчыра кажучы, па-сапраўднаму палохае. Сучасныя антыфашысты, якія прыкрываюцца незразумелай і ўнікальнай рускай духоўнасцю, якія перапоўненыя нянавісцю да іншадумцаў і жаданнем пераследаваць і караць, на жаль, вельмі моцна нагадваюць саміх фашыстаў ХХ ст. А гэта, як паказвае гісторыя, непазбежна прыводзіць да агрэсіі і вайны.

Менш пафасу, сябры! Больш цвярозага мыслення… і жадання усім нам памяняць сімвалы антылюдскіх таталітарных рэжымаў, пад якімі мы жывём: з “крыжоў” свастыкі і сярпа і молата на крыж Хрыстовы. Крыж – братняй любві і прабачэння. Крыж – пакаяння.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

09 траўня 2017 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі