Пропаведзь на евангельскае чытанне пра мытара Закхея

33_Nedelya_po_50ce_14

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Сёння мы ізноў пачулі евангельскую гісторыю Закхея. Каб больш-менш зразумець сэнс ды наступствы той сустрэчы Хрыста з мытарам, трэба ў першую чаргу паставіць сабе наступнае пытанне: што мы здольныя бачыць у тых людзях, з якімі нас зводзіць лёс? Ці не застаюцца для нас не да канца разгаданаю загадкаю нават нашыя самыя блізкія і любімыя людзі? Ці можа хтосьці з нас з упэўненасцю сказаць, што разабраўся сам у сабе? Што ж тады мы можам сказаць пра людзей, з якімі нас не звязвае кроўнае роднасць, ці сяброўства. Чым менш любові паміж людзьмі, тым менш мы здольныя зазірнуць у сэрца адно аднаму. І застаецца нам бачыць толькі знешняе. І тое будзе добрым, калі гэтае знешняе застанецца для нас проста нейтральным. А што здолеем разгледзець у чалавеку, які ў дачыненні да нас робіць штосьці злое, падступнае, несправядлівае? У такіх выпадках, мы, як правіла, канцэнтруемся выключна на негатыўным вобразе чалавека і нічога іншага заўважыць ужо не можам.

Закхей, пра якога мы чулі з Евангелля, і быў менавіта вось такім падступным і злым чалавекам. Ён, непрыемны з выгляду недаростак, пагрозамі вымагаў ад людзей грошы, паклёпнічаў і даносіў на сваіх суайчыннікаў акупантам-рымлянам, краў, не шанаваў Божых запаветаў, быў бязлітасным. Ці мала чалавечых жыццяў ён папсаваў? Не дарма евангеліст адзначае, што людзі дакаралі Хрысту за тое, што ён увайшоў у дом і вячэрае ў такога злыдня як Закхей. Гэтыя людзі мелі рацыю, іх можна зразумець. Шмат хто ў гэтым горадзе пацярпеў ад яго. То няхай бы Хрыстос зайшоў да пакрыўджаных, а не да гэтага ненавіснага крыўдзіцеля. Наведванне Хрыстом Закхеева дома, ў вачах людзей, было падобным на нейкую вялікую недарэчнасць.

Але, Слова Божае кажа, што думкі Гасподнія – гэта не думкі чалавечыя. І Божыя шляхі – гэта не шляхі людскія. Хрыстос бачыць у чалавеку нават тое, чаго сам чалавек пра сябе не ведае і не падазрае. Пры гэтым пранізлівым поглядзе Бога ў чалавечае сэрца злодзей можа выявіцца больш блізкім да Яго, чым той, хто падаваўся набожным. Гэта і ёсць евангельская гісторыя, калі Закхей застаецца са Хрыстом, а самыя набожныя сярод народу – фарысеі, выяўляюцца ворагамі Іісуса і становяцца богазабойцамі. Хрыстос, дарагія браты і сёстры, не менш пранізліва ўзіраецца і ў нашыя сэрцы. Так пільна сузірае Ён нашыя жыцці… І дай нам, літасцівы Божа, не падмануць Цябе і не падмануцца самім!

У сённяшнім евангельскім апавяданні мы бачым, як дзіўна рухаюцца насустрач адзін аднаму Хрыстос і Закхей. Закхей даўно чуў пра Іісуса, даўно думаў пра Яго і хацеў Яго ўбачыць і вось сёння ён забягае наперад натоўпу, залазіць на дрэва, каб урэшце хоць зірнуць на Іісуса. Але і Хрыстос здаўна шукае Закхея, і сёння Ён у Іерыхоне, каб нарэшце сказаць мытару: “Злазь хутчэй і ідзі дадому, бо сёння я буду ў цябе”. Вось той вялікі і вырашальны момант, калі Бог кажа чалавеку: “Я бачу цябе! Я ведаю тваё сэрца! Я гатовы дараваць табе ўсе твае грахі! Я іду да цябе, мой сыне!”.

Але не толькі Закхея некалі ўбачыў Хрыстос. Вось тут і цяпер Ён спыняецца перад кожным з нас і кожнаму з нас Ён кажа: “Сёння буду ў цябе!”. Ці заўважым Яго? Ці прымем Яго? Ці Ён будзе сёння нашым самым галоўным і жаданым госцем? Ці сустрэнем Яго з такой радасцю, з якою Яго прыняў Закхей? Ці запросім сваіх родных і сваіх сяброў на гэтую цудоўную сустрэчу з Госпадам?

Вось пытанні, ад адказаў на якія залежыць, ці здолеем мы пачуць тыя словы, якія пачуў у свой час Закхей: “Сёння настала збаўленне дому гэтаму, таму што і ён – сын Аўраамаў”.

Амінь!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

рой

Настаяцель Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна, кандыдат багаслоўя.

22 студзеня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі