Пропаведзь на свята Сабору ўсіх беларускіх святых

сабор

(Нядзеля 3-я пасля Пяцідзесятніцы).

У імя Айца, і Сына, і Святога Духа!

Узлюбленыя ў Хрысце браты і сёстры! Сёння у нядзелю трэцюю пасля Пяцідзясятніцы наша Царква ўшаноўвае памяць Сабору ўсіх беларускіх святых. Гэта агульная памяць тых людзей, якія сваім хрыстападобным жыццём асвяцілі нашу беларускую зямлю.

Час ад часу быццё таго ці іншага народу параўноўваюць з быццём чалавечага арганізму. Сапраўды,  ў жыцці народа ёсць людзі пра якіх кажуць: вось яны – памяць народу, яны – твар свайго народу, яны – сіла свайго народу, яны – сумленне народу…

Сённяшняе евангельскае чытанне за Літургіяй таксама мае такое параўнанне. Хрыстос кажа: “Свяцíльнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе здаровае, то ўсё цела тваё светлае будзе…”. Гэтыя словы Збавіцеля маюць адрасатам не толькі кожнага з нас паасобку, але і нас, як народ. Пытанне, ўласна, гучыць так: “Якім вокам наш народ будзе глядзець на сябе, на сваю гісторыю і сучаснасць, на сваю будучыню”. І тут Гасподзь папярэджвае нас і кажа: “калі ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё цёмнае будзе”.

Што ж азначае для нас гэта евангельскае “здаровае вока” ці “вока дрэннае”? Гэта тыя прыклады чалавечага жыцця і чалавечых учынкаў, якія становяцца для народа вызначальнымі. На сваю сучаснасць мы глядзім праз пэўную прызму гісторыі нашага народу. Сабор святых Белай Русі – гэта і ёсць тая духоўная прызма, у якой канцэнтруецца Божае святло і праз якую яно трапляе да свядомасці народа. Без гэтай прызмы святасці і святла, без гэтага “здаровага вока” нашаму народу будзе вельмі складана правільна зарыентавацца  ва ўсіх складанасцях і супярэчлівасцях гэтага свету, нам цяжка будзе пазбегнуць спакус і падзенняў, нам цяжка будзе супрацьстаяць злу, цемры і разбурэнню.

Жыццё нашых нябесных малітоўнікаў,  іх хрысціянскі подзвіг і любоў да Бога, іх святасць і ахвярнасць – гэта прыклад таму, як павінны жыць мы. І ў сённяшнім евангельскім чытанні пра гэты шлях святых гаворыцца проста і зразумела: “Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго і ўсё астатняе дадасца вам”. Узіраючыся ў сабор беларускіх святых, мы бачым, што ўсе яны так і рабілі. Яны без астатку ахвяравалі сваё жыццё на справу служэння Царству Божаму і яго праўдзе. Ніхто з гэтых святых не складаў ні палітычных праграм, ні эканамічных, ні нацыянальных.  І тым не менш, сваім самаадданым служэннем нябеснай айчыне, яны зрабілі бадай што найвялікшы ўнёсак у фарміраванне гісторыі і культуры айчыны зямной.

Свяціцелі Кірыл Тураўскі, Міна, Сімяон, Дзіянісій Полацкія – нястомныя прапаведнікі. Яны заклалі фундамент Слова Божага у жыццё і думку нашага народа. Менавіта яны стварылі аснову хрысціянскага светапогляду, які вызначаў і працягвае вызначаць лёс нашага народу. Прападобныя Елісей Лаўрашэўскі, Марцін Тураўскі, прападобная Ефрасіння, ігумення Полацкая і іншы прападобныя падзвіжнікі і асветнікі, самім сваім жыццём і аскетычнымі подзвігамі засведчылі сілу і дзейснасць Хрыстовай благадаці ў жыцці чалавека. Яны сталі жывым сведчаннем праабраження чалавечай прыроды у Хрысце. У іх святых абіцелях перапісвалася і множылася Слова Божае.

Былі ў гісторыі беларускага народа і такія старонкі, калі частка, ці нават большасць нашага народу, здраджвалі сваёй веры і абіралі іншыя дарогі, ці іншыя ідэялогіі. Але і тут святыя насуперак усяму і ўсім заставаліся на шляху Божай праўды, цярпелі ганьбу і пераслед. І тады лілася кроў нашых пакутнікаў як апошняе і найвялікшае сведчанне праўды Божай. Для іх вера была даражэйшай за самое жыццё. І такіх прыкладаў сведчання сваёй веры кроўю ў ліку нашых святых большасць, што і паказвае часта трагічны лёс нашай беларускай царквы. Але без гэтага стаяння да смерці ў праўдзе Божай, не было б цяпер ні нашай Царквы, ні нашага народу.

Такім чынам, святыя зямлі беларускай фармулююць сваім жывым прыкладам  і для нас, сучасных праваслаўных беларусаў,  евангельскае правіла жыцця – жыві найперш для Царства Божага і яго праўды, і гэтым ты зробіш годную справу і для сваёй зямной айчыны, і для сваіх нашчадкаў. У гэтым і ёсць нашая хрысціянская нацыянальная ідэя. І ўсё астатняе, па Хрыстову абяцанню і па малітвах святых зямлі беларускай, будзе дадзена нам.

Амінь!

 

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

рой

Настаяцель Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна, кандыдат багаслоўя.

10 ліпеня 2016 | Блогі | Тэгі:



Блогі