Пропаведзь напярэдадні свята Ўзвышання Пачэснага Крыжа

ImnNI80txEw

У імя Айца, і Сына, і Святога Духа!

Дарагія браты і сёстры, сёння на пярэдадні свята Узвышэння Пачэснага Крыжа мы чулі словы Госпада нашага Іісуса Хрыста, якімі Ён засведчыў пра Сябе ў размове са сваім тайным вучням Нікадзімам.

“Ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, будучы на небе, сышоў з неба; і як Маісей узняў змея ў пустыні, так належыць быць узнятым Сыну Чалавечаму, каб кожны, хто веруе ў Яго не загінуў, але меў жыццё вечнае…” (Ін. 3, 13-15)

Уся драма гісторыі чалавецтва ў тым, што мы згубілі сваё Неба, мы страцілі сваю крыніцу вечнага жыцця – Бога, згубілі сваю еднасць з Творцам космасу. Уся гісторыя чалавечага роду напоўнена гэтым сумам па Небу, спробамі пераадолення смерці і пошукам страчанай гармоніі існавання. Чалавецтва ва ўсёй сваей разнастайнасці дае тысячы рацэптаў дасягнення шчасця і гармоніі быцця.

Але сярод усіх магчымых шляхоў, ёсць той, які прапануе нам Хрыстос. Ён кажа, што шлях да Неба толькі адзін. Таму што, “Ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Сын Чалавечы…”. Толькі Ён, наш Збаўца, здольны паказаць шлях туды, куды мы імкнёмся – шлях на Неба, шлях да Богу. Ніхто іншы не ўзыходзіў на Неба і таму гэтыя шляхі не больш, чым блуканне па зямных, хай і цудоўна ўпрыгожаных, лабірынтах. Прароцкі вобраз нябеснага «Сына Чалавечага», які абірае Господзь Іісус з прароцтваў кнігі Данііла, ўжо сам па сабе выяўляе Ягоную Бога-чалавечую, нябесна-зямную прыроду. Ён – Іісус, Сын Божы і Сын Чалавечы, ёсць тым адным адзіным нябесна-зямным мостам па якому толькі і можна дайсці да еднасці з Богам, дайсці да Нябёсаў.

Ён сам, а таксама Яго зямны шлях і Ахвяра ўкрыжавання ёсць верным і адзіным знакам збаўлення чалавецтву. Правобразам такога знаку збаўлення быў ў смяротнай небяспецы народа Ізраільскага медзяны змей, які быў узняты Маісеем на дрэве, каб ужаленыя смяротным ядам сыны і дачкі Ізраілевы, узіраючыся на гэты знак, маглі атрымаць выратаванне ад смерці. Мы таксама ўжаленыя смяротным ядам граху, які немінуча вядзе нас да смяротнай бездані. Дзе ж нашае збаўленне? Дзе наш паратунак? Гасподзь Іісус Хрыстос узняты на дрэве Крыжа – вось нашая адзіная надзея і нашае адзінае выратаванне! Кожны, хто вераю абірае гэты знак Божага збаўлення па слову Хрыстову “не загіне, але будзе мець жыццё вечнае”.

Але ці не ёсць такі шлях збаўлення парадаксальным? Творца ўсясвету нараджаецца чалавекам, ідзе на Крыж, каштуе смерці… І ўсё гэта толькі дзеля таго, каб выратаваць маленькага чалавека, збавіць ад смерці кожнага з нас. Чаму ж Ён – Вялікі і Ўсемагутны робіць гэта для нас? Адказ Госпада ўражвае: “Бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”. Крыж Сына Божага – знак неверагоднай, вялікай і неабдымнай любові Божай да нас. Не на суд Ён прыходзіць, кажа Хрыстос, а каб дараваць нам любоў і спасенне.

Ахіні нас, міласцівы Айцец Нябесны, сілаю Пачэснага і Жыватворчага Крыжа, Сына Твайго! Ахіні нас Божа Тваёю бязмернай любоў’ю і міласцю! Ахіні нас Госпадзі благадаццю Духа Твайго Святога!

Амінь!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

рой

Настаяцель Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна, кандыдат багаслоўя.

23 верасня 2017 | Блогі | Тэгі:



Блогі