Пяцідзясятніца – гэта не нагода ісці на могілкі, гэта нагода святкаваць нараджэнне царквы ў царкве!

1496522173_rs8w-c84gbe

4 чэрвеня – свята Пяцідзясятніцы! Гэта дзень, калі Гасподзь Іісус Хрыстос паслаў на Зямлю Святога Духа. У гэты дзень Святы Дух сышоў на апосталаў. Падзеі таго часу апісаны ў Бібліі, у Кнізе Дзеяў.

Менавіта ў гэты дзень была народжаная Царква! Назву Пяцідзясятніцы гэты дзень атрымаў таму, што падзея прыйшлася на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня. Яшчэ гэта свята мае назву «Троіца», бо ў гэты дзень Бог адкрыў чалавеку Сваю трэцюю Асобу – Асобу Святога Духа.

Пасля Свайго ўваскрэсення Іісус Хрыстос абяцаў вучням, што ўпросіць Айца, і той пашле ім Суцяшальніка, які будзе з імі заўжды.

“Калі на вас сыдзе Дух Святы, вы атрымаеце сілу і будзеце Маімі сведкамі ў Ерусаліме, па ўсёй Юдэі, у Самарыі і да краю зямлі. Сказаўшы гэта, Ён на іх вачах быў узняты на вышыню, і воблака схавала Яго ад іх поглядаў” (Дзеі 1:8-9).

Далей ў Кнізе Дзеяў (раздзел 2) падрабязна апісаны падзеі гэтага дня. У той час вучні Іісуса былі разам. Раптам з нябёсаў пачуўся гук, які нагадваў шум ураганнага ветру, які запоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. Вучні ўбачылі нешта падобнае на вогненныя языкі, якія падзяліліся і паселі па адным на кожным з іх. Усе яны споўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах (якія ніколі не вывучалі): гэтую здольнасць даваў ім Дух Святы.

На свята ў Іерусалім у гэты дзень прыйшлі набожныя юдэі з розных краін пад небам. І кожны з іх чуў, як апосталы праслаўлялі Бога на іх родным дыялекце і дзівіліся, адкуль яны ведаюць іх мову.
А мясцовыя юдэі, якія не разумелі іншых моў, смяяліся з апосталаў і казалі, што тыя напіліся віна і зараз бармочуць абы што.

Пётр, падняўшыся разам з іншымі адзінаццаццю і звяртаючыся да народа, гучна сказаў:

– Юдэі і ўсе жыхары Ерусаліма! Каб вам стала зразумела, выслухайце ўважліва, што я скажу. Людзі гэтыя не п’яныя, як вы думаеце. Зараз збыліся прароцтвы Іліі, які казаў, што ў апошнія дні Бог ізліе Духа Свайго на ўсіх людзей. І многія будуць казаць прароцтвы, будуць сніць прароцкія сны, моладзь будзе бачыць бачанні. І кожны, хто пакліча Імя Госпада, будзе збаўлены ад грахоў іх.

Далей Пётр звярнуўся да ізраільцян і распавёў пра Ісуса з Назарэта, Сына Божага.

“Яго, адданага па задуме і ведання Бога, вы, прыбіўшы цвікамі рукамі беззаконнікаў, забілі. Але Бог уваскрэсіў Яго, вызваліўшы з палону смерці, і смерць была не ў сілах Яго ўтрымаць” (Дзеі 2:23-24).

Людзі, пачуўшы гэта, пыталі ў Пятра, што ім рабіць. Пётр адказаў, што ім трэба пакаянне ў грахах і тады яны таксама атрымаюць ў дар Святога Духа, бо гэта абяцанне для ўсіх прысутных, і для тых, хто ў будучыні звернецца да Бога ў імя Госпада Іісуса Хрыста.

У той дзень паверылі словам Пятра, пакаяліся і прынялі хрышчэнне і дар Святога Духа каля трох тысяч чалавек.

Сёння Гасподзь жадае, каб кожны з нас пакаяўся ў сваіх грахах, прыняў у дар жыццё вечнае ў імя Іісуса Хрыста і быў хрышчаны Святым Духам, каб мець смеласць і сілы быць сведкамі цудаў Божых, галоўныя з якіх – смерць і ўваскрасенне Сына Божага Іісуса Хрыста.

Падводзячы вынікі, Троіца або Пяцідзясятніца – гэта свята жыцця, збаўлення, сілы і смеласці!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

shabunja

Журналіст, грамадская актывістка

04 чэрвеня 2017 | Блогі | Тэгі:



Блогі