Рабі шчаслівым іншага, і сам шчаслівым будзеш

iov_g-e1474541561358

Хрысціянства вучыць чалавека глядзець на жыццё вачыма веры, аднак такі спосаб бачыць навакольны свет радыкальна адрозніваецца ад успрыняцця свету праз ружовыя акуляры. Слова Божае наадварот спрабуе пазбавіць нас усялякіх ілюзій, якія могуць з’явіцца пры неадэкватным успрыняцці жыцця.

Пытаннем Божага і дасведчанага чалавека Ёва Пісанне сцвярджае: “Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання, а дні ягоныя — дзён найміта?”(Ёў 7, 1). Зрэшты, калі Ёў зразумеў сутнасць сваіх зямных дзён і не бачыў свайго шчасця, то і пра ночы свае выказваўся не лепш, сцвярджаючы, што “ночы пакутаў» — гэта і ёсць яго, найміта ўзнагарода за тыя дні, якія “мінаюць не пакідаючы надзеі» (Ёв 7, 6).

І вось у такой няпростай экзістэнцыяльнай сітуацыі чалавеку ёсць адзін паратунак – служэнне Богу. Езус з Назарэту, як чалавек, звяртаецца да Апосталаў: “Пойдзем … каб … прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў“ (Мк 1,29-39) – гаворыць, у чым бачыць сэнс сваіх зямных дзён.
Кожны чалавек, да якога дакранаецца Божае Слова, знаходзіць для сябе паратунак. Так, напрыклад, было ў жыцці цешчы Пятра. Езус яе вылечыў ад гарачкі, і яна, ўстаўшы, пачала служыць Богу, служачы Езусу і апосталам  (пар Мк 1, 29-30).

Апостал Павел, свядомы прызначэння служэнню Богу і прапаведванню Евангелля, пасоўваецца да высновы, што калі ён прапаведуе, то гэта не нейкая выключная яго заслуга, чым мог бы хваліцца, а ўсяго толькі абавязак, які выконвае, і гора яму было б, калі б не абвяшчаў Евангелле (пар 1 Кар 9, 16).

Служыць Богу і Яго прапаведаваць ў гэтым свеце — гэта і ёсць паратунак для чалавека. Выхад з безнадзейнай экзістэнцыяльнай сітуацыі.

Гаворачы свецкай мовай, чалавек, калі жадае надаць сэнс свайму жыццю і хоча ўбачыць у сваім безнадзейным існаванні шчасце, павінен старацца ашчаслівіць іншага. Шчасце чалавека не ёсць ў тым, каб знайсці кагосьці, хто будзе імкнуцца яго ашчаслівіць, але ж шчасце будзе тады, калі сам знойдзе таго, для каго ён будзе здольны кожны момант яго зямной экзістэнцыі напаўняць шчасцем праз сваё служэнне яму, любоўю і прысутнасцю. Гэта і будзе на практыцы служэннем і прапаведаваннем Бога, які ёсць Любоўю (пар 1 Ян 4,16 ).

Заканчэнне Кнігі Ёва гаворыць пра шчаслівы фінал жыцця дасведчанага чалавека. “і даў Госпад Ёву ў два разы больш, чым меў раней» (Ёв 42,10), “і блаславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя” (Ёв 42,12) “і памёр Ёў у старасці насычаны днямі» (Ёў 42, 17). І немагчыма не звярнуць увагу на той маленькі нюанс і абставіны пры якіх збыліся гэтыя словы, а менавіта: “вярнуў Госпад страту Ёва, калі ён памаліўся за сяброў сваіх» (Ёв 42,10).

З Ёвам усё зразумела, ён пражыў сваё жыццё, пазастаўся верным Богу Любові, і фінал быў шчаслівы…

А вось з фіналам нашага жыцця пытанне пазастаецца адкрытым. І не вядома, як мы завершым пісанне кнігі свайго жыцця. Ва ўсялякім выпадку, гэта залежыць ад нас саміх.

Рабі шчаслівым іншага, і сам шчаслівым будзеш.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Барок

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

07 лютага 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі