Рэлігійнае выхаванне дзяцей. Шаблонаў не будзе

dzeci-i-bog

У лістападзе 2014 года ў дамініканскім кляштары польскага горада Лодзь пачаўся цыкл лекцый пад назвай “Крэдо”, які прысвечаны рэлігійнаму выхаванню дзяцей. Прапануем вытрымкі з лекцыі прэора кляштара а.Паўла Гужыньскага, у якой ён спрабуе даць адказ, як зрабіць так, каб у дзяцей не з’явілася алергія на рэлігію і малітву, як гаварыць пра Бога мудра, з павагай да дзіцяці, а перш за ўсё – даваць шанец Богу адкрыцца дзіцяці.

Спачатку вернемся да інтуіцыі, да першага рэлігійнага досведу – досведу святасці. Зараз мы чакаем, што вось прыйшлі на лекцыю, і нам раскажуць, як трэба гаварыць з малым дзіцём. Не скажу. Ваша мова павінна быць эпіфанійнай, гэта значыць такой, якая аб’яўляе Бога. А як вы будзеце гаварыць з дзецьмі, залежыць ад вас. Рэцэпту на поспех няма. Можна ўсё зрабіць, як трэба, па правераных рэкамендацыях, але нам пакажа сярэдні палец той, над выхаваннем якога мы працуем. Не трэба падаць духам, трэба рабіць сваё. Памятайце, што чалавек – вольны, асабліва ў кантэксце рэлігійным. Можам ісці за Богам, а можам – у супрацьлеглым кірунку. Стварэнне спрыяльных умоў, каб дзіця пайшло за Богам, – вось у чым змест рэлігійнага выхавання. Няма ніякіх гарантый, я падкрэсліваю гэта.

Кажуць часам: “Мой сын (або дачка) страціў веру. Што я зрабіў не так?” Нягледзячы на ўмовы і абставіны, ніхто не здымае з маладога чалавека адказнасці за свае духоўнае жыццё. Адносіны з Богам не граюць самі па сабе, нічога само не робіцца.

Чалавек атрымлівае веды пра святасць, бо яна праяўляецца, бо яна – цалкам іншая, чым звычайны свет. Мы ведаем пра святыя рэчы, бо святасць адкрываецца нам. Пазнаём Бога, бо Ён дазваляе Сябе спазнаць. Замала было Богу аб’явіцца ў купіне, у воблаку, і г.д., Бог пастанавіў прамовіць чалавечай мовай, каб мы ведалі і дакраналіся святасці.

Падмурак рэлігійнага выхавання – стварэнне ўмоў для таго, каб Бог адкрыўся дзіцяці. Нельга даць дзіцяці веру. Калі хтосьці думае, што ён можа даць веру, то хачу вывесці яго з гэтай памылкі. Нічога ты не можаш. Вера – тое, што атрымліваем, а не бяром, дасягаем, выпрацоўваем. Мы ўвесь час стаім на парозе таго, што зусім іншая рэчаіснасць праяўляецца ў свеце звыклых матэрыяльных рэчаў.

Для рэлігійнага чалавека рэчаіснасць дзеліцца на тое, што свецкае і тое, што святое. Чалавек мае дзьве экзістэнцыяльныя паставы: толькі свецкі, аднародны свет, або свет падзелены, які складаецца з двух аспектаў (свецкае і святое, або звычайнае і надзвычайнае). Менавіта з адчуваннем таго “зусім іншага” звязанае наша духоўнае жыццё і рэлігійнае выхаванне.

А мы ўсё стараемся спросціць і найбольш зразумелымі сродкамі навучыць дзіця кантакту з Богам, гаворым “Божачка, пацёрак, анёлак”… Наступае інфантылізацыя. Мы карыстаемся неадквантай мовай. А потым дарослы 40-гадовы чалавек працягвае спавядацца з таго, што “не адмовіў пацёрак”. Чаму ў мяне гучаць здзеклівыя ноткі? Таму што, калі чалавек не развіўся, трэба інвеставаць у ягонае духоўнае жыццё, каб дарослыя не ўводзілі ў зман сваіх дзяцей.

Рэлігійная мова павінна мець у сабе тое “зусім іншае”. Яна не павінна нагадваць прывучэнне да начнога гаршка. Зрабі так і так. Нельга займацца дрэсіроўкай у рэлігійным выхаванні.

Звернемся да шаснаццаці вершаў Кнігі Зыходу з 13-га раздзела:

І сказаў Госпад Майсею, кажучы:

“Пасвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлонне ў сыноў Ізраэля: як сярод людзей, так і сярод жывёлы, бо гэта ўсё Маё”

І сказаў Майсей народу: “Памятайце пра той дзень, у які выйшлі вы з Егіпта, з дома няволі; бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; так што не ежце вы заквашанага хлеба.

Сёння выходзіце вы, у месяцы Абіб.

І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў, гівеяў і евусеяў, якою прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць табе зямлю, што ацякае малаком і мёдам, тады павінен ты святкаваць яго ў гэтым самым месяцы.

Сем дзён карміцеся праснакамі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасць Госпаду.

Праснакі будзеце есці сем дзен: і не з’явіцца ў цябе нічога заквашанага, і не будзе заквашанага ва ўсіх межах зямлі тваёй.

І ў той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Егіпта”.

І вось, гэта будзе табе як знак у руцэ тваёй і як напамін у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх; бо рукою дужаю вывеў цябе Госпад з Егіпта.

Спаўняй гэтыф святы звычай у вызначаны час дзень пры дні.

І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў, якою прысягнуў Ён табе і бацькам тваім, і дасць табе яе, то аддзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне і што першароднае ў жывёлы тваёй; і што будзеш мець мужчынскага роду – прысвяці Госпаду. Першароднага ад асла зааменіш авечкай; тое, што не выкупіш, забі. Усё ж першароднае ад чалавека з сыноў тваіх, выкупляй за грошы.

І калі заўтра спытае ў цябе сын твой, гаворачы: “Што гэта?”, – ты адкажаш яму: “Дужаю рукою вывеў нас Госпад з Егіпта, з дому няволі. Бо калі фараон заўпарціўся і не хацеў нас адпусціць, забіў Госпад усё першароднае на зямлі Егіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднага жывёлы; таму я ахвярую Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне, мужчынскага роду, і ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю”.

Такім чынам, гэта будзе быццам знак на руцэ тваёй і быццам тое, што падвешана перад вачамі тваімі дзеля ўспаміну, бо Госпад дужаю рукою вывеў нас з Егіпта.

Спачатку Бог вучыць Майсея, а потым той павучае людзей. Калі сын спытаецца, ты яму распавядзеш. Бацька (а ў дадзеным урыўку гаворка менавіта пра бацьку) павінен быць гатовы расказаць дзіцяці, дзеля чаго ён робіць тое ці іншае. Калі бацька не здолее растлумачыць рэлігійныя дзеянні, сын не будзе ўдзельнічаць і не захавае традыцыю. Калі бацька не мае досведу Бога, які вывеў з Егіпту, то ён не здолее перадаць яго. Або перакажа тое, што ведае з кніжкі, г.зн. веды, але не досвед. Калі дарослы не мае перажытага рэлігійнага вопыту, то ён не будзе кампетэнтным у размове з дзіцём.

Заўважце, бацька не даводзіць, што Бог існуе, але распавядае, што Бог учыніў для нас тое і тое, зрабіў мне так і так, дзеліцца перажытым уласным вопытам.

Каноны сіноду ў Аранж, 529 год.

Канон 5. Калі хтосьці кажа, што не толькі павелічэнне веры, але таксама яе пачатак і само прагненне веры, дзякуючы якой мы верым у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага і прыводзіць да адраджэння праз святы хрост, кажа, што гэта належыць нам па сваёй прыродзе і не з’яўляецца дарам ласкі, гэта значыць, праз натхненне Духа Святога, які выпраўляе нашу волю і кіруе яе ад бязвер’я да веры і ад бязбожнасці да пабожнасці, то гэтым даказвае, што выступае супраць навукі апосталаў, бо апостал Павел кажа, “маю пэўнасць, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Езуса Хрыста” (Флп 1, 6); І яшчэ: “Бо ласкаю вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар” (Эф 2, 8).

Вера – гэта ласка, дар. Чалавек не можа пачаць вандроўкі, калі Бог яе не пачне.

Канон 6: Калі хтосьці кажа, што Бог аказвае нам змілаванне, калі, незалежна ад Яго ласкі, мы верым, прагнем, змагаемся, працуем, молімся, чуваем, вучымся, шукаем, просім або стукаемся, але не прызнае, што толькі праз спасланне і ўплыў Духа Святога на нас мы маем веру, волю, або сілу, каб зрабіць усе гэтыя рэчы так, як мы павінны рабіць, або калі хто-небудзь чыніць дапамогу ласкі залежнай ад пакоры альбо паслухмянасці чалавека і не згаджаецца, што дарам самой ласкі ёсць нашыя пакора і паслухмянасць, той супярэчыць апосталу, які кажа: “Што ты маеш, чаго б не атрымаў?” (1 Кар 4, 7), а таксама: “Але з ласкі Бога я ёсць тым, кім ёсць” (1 Кар 15, 10).

Бог не прывязвае Свайго дзеяння да нашага стаўлення. Ці добра ўсе пачулі? У нас гэтай супярэчлівасці вельмі шмат: я павінен пастарацца, павінен быць добрым, каб Бог даў мне ласку. Але не, гэта памылка. Любоў да чалавека падахвочвае Бога да дзеяння.

Мы ведаем, што ў адносінах з малымі дзецьмі галоўны пераказ інфармацыі адбываецца невербальным спосабам. Мы носім у сабе перакананні, якія альбо згаджаюцца з 6-м канонам, альбо не. “Калі будзеш паслухмяны і добры, то Бог цябе пахваліць”, – часта трансліруем мы дзецям. Мы самі так выхаваныя… “Калі не будзеш слухацца, то Бог табе так дасць, што не вытрываеш гэтага, сыне…” Таму так шмат залежыць ад нашага досведу, бо не толькі нашыя словы, але ўсё ў нас будзе сведчыць дзецям пра Бога.

Вядома, мы маем шанец пацярпець паражэнне. Калі ўсю энергію мы ўкладаем у тое, каб навучыць дзіця спосабам і правілам рэлігійных паводзінаў, мы не абудзім успрымальнасць дзіцяці. У рэлігійным выхаванні перадаць можна толькі тое, што дасведчыў сам. Цудоўна было б каб кожны бацька і маці пераказвалі Божае аб’яўленне сваім дзецям, былі прарокамі для іх.

Калі Бог сказаў Майсею пайсці і сказаць ізраільцянам, што яму аб’явіўся Бог, то Майсей адразу пачаў перажываць: “Хто мне паверыць?” “Я дапамагу,” – сказаў Бог, – “але ты ідзі і скажы”. І народ паверыў.

Бацькі павінны быць Майсеямі: самі укаранёныя ў Богу, у пэўны момант пакліканыя адкрываць Бога дзецям. Чарговасць працэса адкрыцця з кожным дзіцём выглядае іначай, нават у адной сям’і. Пра што і калі гаварыць дзіцяці, вы павінны вызначыць самі.

Канон 11. Пра абавязак малітвы. Ніхто не можа ўзнесці сапраўднай малітвы Богу, калі раней не атрымае ад Яго прадмету сваёй малітвы, як напісана: “тое, што з рукі Тваёй мы атрымалі, аддалі Табе” (1 Хрон 29, 14)

Адкуль малітва “Ойча наш”? Мы атрымалі яе ад Пана. Бацькі, якія моляцца, ведаюць, аб чым яны просяць. Бацькоўская просьба “Божа, благаславі маё дзіця” – гэта інспірацыя Бога. Малітва адкрывае канал ласкі для дзіцяці. Калі не ведаем, што казаць, Дух Святы дае нашым вуснам словы малітвы.

Дыскамфорт бацькоў у тым, што яны, як бацька і маці, не адчуваюць сябе дасканалымі інструментамі, якімі Бог мог бы так лёгка карыстацца. Так, мы не машыны, і для нас няма праверанага алгарытму – націсні тут, раз-два, і маеш вынік. Канал Божай ласкі не дзейнічае механічна, а толькі ва ўзаемаадносінах паміж Богам і чалавекам, якія развіваюцца з цягам часу.

Вось асноўныя моманты. Усё іншае павінна выконваць роль дапаможнікаў у выхаванні: культываванне традыцый, абрады і г.д. Можна навучыць знаку крыжа, але таму, як рабіць яго з верай – не. Тым і адрозніваецца хрысціянства, што няма тут магічных рытуалаў, механічнае выкананне якіх дае запланаваны вынік. Без веры ніякія дзеянні не маюць сілы.

Бог – пачатак і ўмова развіцця веры чалавека, і Ён дзейнічае незалежна ад нашых высілкаў. Калі такога пераканання няма ў аснове нашага рэлігійнага досведу, то ў нашым выхаванні не будзе чагосьці істотнага. Не гандлюйце з Богам. Ёсць Бог, які любіць і ініцыюе ў чалавеку ўсе добрыя прагненні. Няма “я – Табе, Ты – мне”. Бог абуджае веру ў дзіцяці, а я магу быць стваральнікам спрыяльных умоў. Ад усведамлення гэтай праўды залежыць, ці я пачну страшыць дзіця карамі пякельнымі, ці буду аб’яўляць Бога.

Пытанні падчас дыскусіі.

1)”Калі дзіця спытаецца, на якой вышыні неба, што адказаць?”

Чаму мы маем клопат, як акрэсліць неба ў часе і прасторы? Трэба сябе спытаць: чаму я, як дарослы, не магу даць дзіцяці духоўнае вызначэнне? Чаму дагэтуль яшчэ я не выпрацаваў мову для камунікацыі з самім сабой і з ішымі? Чалавек, які бачыў неба, урэшце рэшт назаве гэта. Сутнасць у тым, каб вербальна перадаць свае ўласныя духоўныя перажыванні. Гэта хатняя работа, якую трэба зрабіць сваім.

І зараз бацькі скажуць: “Нееее, гэта не для мяне, малой жамяры. Можа святыя маглі б, але не я.” Менавіта ты. Вялікі працэнт дарослых не можа акрэсліць на споведзі свой духоўны стан, і ўжывае мову дзіцяці. “Цяжка гаварыць пра гэта”… Чаму? Бо над гэтай мовай не працуюць. Рэлігійная мова ідзе наперад, калі мы самі развіваемся ў духоўным жыцці. Калі дарослых спытацца пра квантавую фізіку, будуць расказваць і тлумачыць, пра спосабы крэдытавання – калі ласка, так і так, пра новыя гаджэты – зараз жа, падрабязна і змястоўна… А калі хтосьці спытаецца, навошта ты робіш знак крыжа, то што? Пачынаецца паніка. Вера – вельмі інтымнае перажыванне. І калі дзіця проста і шчыра задае падобнае пытанне, цяжка знайсці добры адказ. Чым замяніць часа-прастору? Якім досведам жыцця з Богам? Што такое неба? Стан духа… Прысутнасць… А калі ўзгадаць кантакт маці з дзіцём? Неба – гэта тое, што ёсць паміж мной і табой, – любоў… Але трэба, каб гэтая любоў адбівалася ў нашым жыцці, каб мы здолелі падзяліцца сваім досведам.

У Евангеллі няма ўказанняў, ад якога веку трэба пачынаць хадзіць у храм, вучыць тое і тое. Адзінае – не перашкаджаць прыходзіць дзецям да Езуса. Такое нашае заданне: дазваляць і спрыяць блізкасці Езуса з дзецьмі.

2) “Вось я, як бацька, ствараю адпаведныя ўмовы, і я, як было сказана, – канал ласкі. Ці не павінна з’явіцца ў дзіцяці вера, калі ёсць умовы для яе?”

Не. Няма гарантый. Гэта язычніцтва – дамагацца ад Бога рэалізацыі сваіх жаданняў. Я зрабіў тое і тое, а Ты зрабі так і так. Вельмі хочацца кіраваць Божай ласкай… Гэта ёсць у кожным з нас. Рабі тое, што ад цябе залежыць і не шукай узнагароды.

Многія з нас адносяцца да Бога ў стылі: “Ты мне патрэбны, каб я кагосьці меў для любові, каб я пачуваўся добра”. Дзіця гэта яскрава бачыць і спытаецца ў цяжкі момант “Чаму ты, мама, кажаш, што Бог мяне любіць, а ты захварэла на рак?” Калі ж адносіны бацькоў з Богам жывыя і глыбокія, дзіця будзе вучыцца ад іх.

Ёсць дзьве іншыя праблемы:

– у рэлігійным выхаванні не прысутнічае бацька, тады гэтую ролю бярэ на сябе маці, а яна схільная да таго, каб спесціць любое выхаванне.

– калі бацька не выконвае сваёй часткі працы, то рэлігійнае выхаванне часта зводзіцца да сферы пачуццяў, і чалавек там і застаецца.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

тэрэса клімовіч

Блогер, маці трох дзяцей, любіць чытаць і цішыню.
Раздражняюць прымаўкі “Мая хата з краю – я нічога не знаю” і “Гэта мне ані баліць, ані свярбіць”.
Найбольш спадабалася апошнім часам выказванне Ёзафа Ратцынгера: “Там, дзе няма ўжо нічога, за што варта было б памерці, там не варта таксама і жыць”.

04 лютага 2016 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі