Розныя “багі” мітрапаліта Паўла ды чарговыя “гістарычныя граблі” РПЦ

rastvo (19) Павел

Выслоўе кіраўніка Беларускага Экзархату Расійскай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Паўла аб тым, што “ў праваслаўных і каталікоў розны Бог”, нарабіла вялікага шуму ў медыяпрасторы не толькі Беларусі, а і наогул у міжнародным маштабе. Нават старшыня Сінадальнага аддзела РПЦ па кантактах з грамадствам і СМІ Уладзімір Лягойда вымушаны быў дэзавуяваць негатыўны асадак ад слоў беларускага мітрапаліта.

Разам з тым, у словах мітрапаліта Паўла няма нічога новага. Падобнае “расійскае народнае багаслоўе” даўно і моцна замацавалася на розных кансерватыўных інтэрнет-форумах, сайтах ды нават некаторых друкаваных выданнях РПЦ. Менавіта тут з вуснаў іерархаў, святароў ды вернікаў можна пачуць не толькі аб тым, што “ў каталікоў і праваслаўных розны Бог”, а нават сцверджанне – “мы не хрысціяне, мы праваслаўныя”. Што праўда, большасць спавядальнікаў падобнага “багаслоўя” – гэта пераважна асобы з расійскай правінцыі, якіх вельмі рэдка запрашаюць выступіць на “вялікай маскоўскай сцэне”… Але паўстае пытанне: як прадстаўнік гэтай дзіўнай групы апынуўся на вышэйшай пасадзе ў Беларускім Экзархаце?

Напраўду, гісторыя “мітрапалітаў паўлаў” распачалася яшчэ ў першай палове ХІХ ст., калі ў “Паўночна-Заходні край” Расійскай імперыі пачалі масава дасылаць іерархаў і святароў з “вялікарускіх губерняў”. Як выяўляецца, расійская ўлада небеспадстаўна не мала вялікага даверу да лаяльнасці большасці мясцовага праваслаўнага духавенства, тым больш у такой адказнай справе як русіфікацыя мясцовага насельніцтва ды “ўзбуджванне недаверу і нелюбові да каталікоў ды юдэяў”. Але ўжо ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у Пецярбургу пабачылі: нягледзячы на армію расійскага духавенства і велізарныя кошты, вынікі атрымліваюцца мінімальнымі… Свяцейшы Урадавы сінод нават некалькі разоў разбірае праблему на сваіх пасяджэннях і прыходзіць да высновы – галоўнай падставай правалу расійскай палітыкі ў Беларусі з’яўляецца “неадукаванасць ды амаральнасць камандзірованых асобаў”. Выявілася, што кіраўнікі “велікарускіх епархій”, выконваючы загад сіноду, адсылалі ў Беларусь найбольш няздатнае, амаральнае духавенства. А галоўным крытэрам была выключна безаглядная “адданасць расійскаму самаўладдзю ды велікарускай ідэі”. Таму і скандалы з “расійскімі бацюшкамі” ўжо тады былі з’яваю масавай, якая, натуральна, фармавала ў беларусах адпаведнае стаўленне і да ідэалогіі РПЦ.

Вось і цяпер, ужо ў наш час, нягледзячы на адданыя прамовы, Масква падкрэслена дэманструе недавер свайму мясцоваму праваслаўнаму епіскапату ды дасылае кіраваць неадукаванага, але цалкам адданага Расіі мітрапаліта, якога протадыякан Андрэй Кураеў нават не жадае бачыць сярод архірэяў на сваёй радзіме: “Толькі ўмольваю беларусаў, не прысылайце гэтага “багаслова” нам назад у Расію. Утылізуйце яго як-небудзь у сябе”.

Менавіта таму ўсе свядомыя беларусы мусяць радавацца факту прызначэння кіраўніком БЭ РПЦ такой асобы як мітрапаліт Павал… бо гэта сведчыць – гісторыя нічому кіраўнікоў РПЦ не навучыла, і яна паслядоўна “наступае на адны і тыя ж граблі”. А значыцца ўсе патугі Масквы выкарыстаць “праваслаўны рэсурс у Беларусі” для імперскіх мэтаў зноў асуджаныя – ніхто не будзе сур’ёзна ўспрымаць таго, хто паслядоўна выклікае смех ды сее варожасць, наадварот, усё больш і больш праваслаўных беларусаў зацвердзяцца ў думцы: “З Расійскім імперска-дзяржаўным праваслаўем нам не па дарозе, а значыцца патрэбна адраджаць свае, Беларускае Праваслаўе”.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

horbik

Протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату

06 лютага 2018 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі