Рыма-каталіцкія біскупы хочуць зламаць народную традыцыю

Дзяды 18

З’явіўся пераказ ліста рыма-каталіцкіх біскупаў да Лукашэнкі з прапановай зрабіць выхадным днём 1 лістапада.

Калі верыць публікацыям, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў такое: “Дзень усіх памерлых мы пачынаем адзначаць 1 лістапада”. Але Яго Эксцэленцыя забыў удакладніць: 1 лістапада ў рыма-каталіцкіх храмах адзначаецца дзень Усіх Святых, цэлебруецца адмысловая служба. А вось на могілкі пабожныя каталікі хадзілі і ходзяць 2 лістапада. Святары ды набліжаныя да іх асобы называюць гэты дзень Задушкамі, а ў народзе ён мае назоў Дзяды. І не толькі рыма-каталікі ідуць 2 лістапада на могілкі – праваслаўныя і грэка-каталікі (уніяты) таксама, бо рыма-каталіцкія Задушкі блізка да Змітраўскіх Дзядоў.

Да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі беларусы мелі выходны менавіта 2 лістапада – на Дзяды. І гэта заслуга не рыма-каталіцкага клеру, які назіраў за падзеямі з боку, а дэмакратычнай грамадскасці Беларусі, дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным Савеце. Калі Лукашэнка адмяніў гэты выходны на карысць 7 лістапада, рыма-каталіцкія біскупы маўчалі. Цяпер яны прапануюць абвясціць выходным днём 1 лістапада.

У прапанове рыма-каталіцкага епіскапату я бачу жаданне не наступіць на мазоль Лукашэнку. Маўляў, мы не патрабуем паўторнага надання Дзядам статусу выходнага дня, мы хочам, каб выходным быў дзень 1 лістапада.

Звяртаючыся з такою прапановаю да Лукашэнкі, рыма-каталіцкія біскупы хочуць разам з ім парушыць даўнюю народную традыцыю Дзядоў. Апрача таго, у іх прапанове я бачу спробу навязаць праваслаўным святкаванне рыма-каталіцкага дня Ўсіх Святых. Тым часам у праваслаўных і ўніятаў ёсць свой дзень Усіх Святых – у першую нядзелю пасля Тройцы (Пяцідзясятніцы, Сёмухі).

Калі б рыма-каталіцкія біскупы шанавалі народныя традыцыі і не палітыкавалі, калі б у іх хапіла мужнасці, яны б не звярнуліся б да Лукашэнкі з сумнеўнай прапановай, якая яшчэ невядома як будзе ўспрынята праваслаўнымі клерам і вернікамі. Яны прапанавалі б Лукашэнку вярнуць статус выходнага дня менавіта Дзядам, 2 лістапада.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.




Блогі