Самавар, гармошка, Подмосковные вечера – альбо “беларускі вечар” па-пардубіцку

парбуб

У пятніцу 27 траўня ў Пардубіцах павінны былі адбыцца адначасова адразу дзве беларускія імпрэзы, кожная на іншым мейсцу. Я накіравалася на тую, якая павінна была быць больш цікавай. Перад зачыненымі дзвярыма нас сабралося пяцёра. Аднак дзверы не адчыніліся, імпрэза не адбылася.

Я пераехала ў другое месца – на “беларускую імпрэзу з самаварам”. Самавар мяне вітае ўжо ў калідоры. У залі месціцца каля пяцідзесяці чалавек. Праграма ўжо пачалася. Мінчанка Зоя над здымкамі па-расейску распавядае пра Менск. Цікава паглядзець любімыя, даўно нябачаныя мясціны. Аднак над здымкам Дома Ўраду мы даведваемся, што помнік Леніну ніхто разбураць не будзе, таму што “гэта наша мінулае”. Сярод здымкаў не адсутнічае фота Плошчы Дзяржаўнага сцягу, дзе пані Зоя горда гаворыць пра чырвона-зелёны сцяг і калі даведаемся, што ў Палацу Рэспублікі штогод адбываецца ёлка Прэзідэнта Беларусі, хопіць мне такіх інфармацый. На шчасце час ляціць і пані Зоя спыняецца. На сцэну прыходзяць дзве бабулі ў украінскім строі з гармошкай і спяваюць дзве беларускія песні (адзіныя беларускія словы за ўвесь вечар прагучалі з вуснаў гэтых украінак; на жаль, кабеты спявалі фальшыва). Пасля аказваецца, што з пяцідзесяці гасцей роўную палавіну ствараюць вучні двух класаў з горада Кралікі. Яны прыехалі з сваёй рускамоўнай настаўніцай нам заспяваць:
“А ну-ка песню нам пропой, веселый ветер,
Веселый ветер, веселый ветер!
Моря и горы ты обшарил все на свете
И все на свете песенки слыхал…”
Пані настаўніца радасна хлопае ў такт і зала далучаецца.

Ну клас… Самавар маем, гармошку таксама, нават савецкую песню – беларускі вечар, як мае быць; здаецца толькі матрошак тут не хопіць.

Прыходзіць чэшка Моніка, якая была на шасцідзённай вандроўцы ў Беларусі. Павінна нам расказаць пра Беларусь вачыма чэха. Нас чакае дваццаць хвілінаў фотак шматпавярховікаў, зробленых з машыны, і жахліва нецікавае апавяданне пра нішто (пазней яна мне кажа, што хацела расказаць больш пра жыццё людзей, але ёй ужо не далі часу). Пасля пані Монікі прыходзіць, безумоўна, найлепшы пункт праграмы: чатыры дзяўчаты з гораду Хрудзім заспяваюць дзве ўкраінскія песні. Праўда, беларускага ў гэтым нічога няма, але яны спяваюць проста цудоўна, прафесійна. Хацелася б слухаць іх увесь вечар. Аднак ім не даюць. Замест іх прыходзяць – матрошкі. Вось, мы ўсё ж дачакаліся! Тры пардубіцкія расейкі ў пярэстых расейскіх хустках ды тыя самыя бабулі-ўкраінкі пад гук гармошкі пачынаюць спяваць “Подмосковные вечера”. Другую песню, падчас якой пачынаюць танчыць рускія танцы, я ўжо проста не вытрымліваю і бягу дадому.

Рускій свет цудоўна прэзентаваўся. Прысутныя чэхі не даведаліся ні слова пра прыгожую Беларусь, настолькі іншую, чым Расея…

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vranova

Хрысціянская верніца і аматарка беларускай мовы з Чэхіі, арнітолаг. Была ў Беларусі двойчы: у 2008 і 2010 гадах, пасля чаго патрапіць у краіну ў яе не атрымлівалася. Вывучыла беларускую мову самастойна, каб паказаць беларусам, што магчыма. Пераклала з беларускай на чэскую мову гімн «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай, кнігі «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца і «Залаты век Беларусі» Станіслава Акінчыца.

30 траўня 2016 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі