Самы разумны крок

2018-09-06-family-019

Учора адзін журналіст пытаўся на фэйсбуку: пасля таго як пратэстанты і праваслаўныя напісалі звароты і нарабілі хайпу ў інфармацыйным полі — чаго чакаць ад каталікоў?

А каталікі ўчора адчынілі на Каменнай Горцы ў Мінску Цэнтр Сям’і — структуру, якая прызначана займацца падрыхтоўкай маладых да сямейнага жыцця, сямейным кансультаваннем ды абаронай жыцця.

І гэта самы разумны крок. У сітуацыі, калі чужыя нам каштоўнасці наступаюць — трэба ўмацоўваць свае. Патрабаванні нешта забараніць многа робяць шуму, але мала прыносяць карысці — хоць часам такія звароты патрэбныя, нават проста для таго, каб абазначыць сваю пазіцыю.

Аднак галоўная ўвага Цэркваў у сэксуальнай/сямейнай сферы павінна быць накіраванае на прадстаўленне пазітыўнага хрысціянскага, біблійнага вобразу сям’і. Каб людзі бачылі не толькі, супраць чаго мы, але каб бачылі, які цудоўны, Божы погляд на сям’ю маем і стараемся трымацца.

І, вядома, Царква мусіць падтрымліваць сем’і — адукаваць моладзь, ствараць магчымасці духоўнай і псіхалагічнай кансультацыі, у цяжкіх выпадках дапамагаць матэрыяльна. Гэта будзе годным адказам (адной з формаў адказу, бо ёсць і іншыя) на наступ на сям’ю.

А што да кантактаў Царквы і дзяржавы ў справе маралі/сямейных каштоўнасцяў. Дзяржава называе падтрымку сямейных каштоўнасцяў і дэмаграфічную бяспеку аднымі са стратэгічных мэтаў. У гэтым пытанні царква і дзяржава могуць знайсці паразуменне, якое адпавядае інтарэсам абодвух. Думаю, у такой сітуацыі трэба прапаноўваць дзяржаве, каб увяла ў праграмы старэйшых класаў школ і каледжаў, напрыклад, курс «псіхалогія і этыка сямейнага жыцця». Каб моладзь мела хаця б мінімальныя веды пра тое, як будаваць жыццё ў сям’і.

Таксама варта прапаноўваць правядзенне ў навучальных установах сустрэчаў, семінараў, канферэнцый, у якіх людзі з Цэркваў маглі б падзяліцца сваім поглядам на сэксуальнае/сямейнае жыццё. Галоўнае, аднак, каб такія выступы не зводзіліся да пераліку забаронаў, якія ёсць у хрысціянскім вучэнні — а каб паказвалі, што наш погляд на сям’ю — лепшы і найбольш адпаведны прыродзе і прызначэнню чалавека.

Важна таксама, каб у такіх выпадках лектарамі да моладзі выходзілі людзі ўраўнаважаныя і адэкватныя. І каб там не прапаведвалі сумнеўных тэорый пра «рускій мір і змову бездухоўнага Захаду» ці псеўдавучэнне пра «тэлегонію». Іначай выставім сябе на смех.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

шыталь

журналіст, грамадскі актывіст

07 верасня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі